Сп. Джон Кунстадтэр, былы віцэ-амбасадар ЗША у Менску, — ня толькі дыплямат, але й праніклівы фатограф, які адзначаецца здольнасьцяй заглядаць у глыбіню сваіх суб’ектаў. Пра гэта засьведчыла наладжаная ў штаб-кватэры ААН стараньнямі Беларускай місіі выстава каля паўсотні чорна-белых фатаграфіяў, на якіх зафіксаваныя беларускія тыпы.
Адкрыцьцё двухтыднёвай выставы адбылося 17 лістапада.

Пабачыць фатаздымкі прыбыло каля сотні гасьцей. У сваім уступным слове амбасадар Беларусі ў ААН сп. Андрэй Дапкюнас падзякаваў прысутнаму намесьніку генэральнага сакратара ААН сп. Акасаку за прыхільнасьць да гэтага мерапрыемства ды падкрэсьліў значэньне выстаўленых экспанатаў. Гэтыя фотаздымкі, сказаў сп. Дапкюнас, не дакумэнтуюць падзеяў сусьветнага значэньня, якімі займаюцца дыпляматы. Затое фатограф здолеў ухапіць іншыя важкія рэчы – няўлоўныя промні сьвятла, якое выпраменьваецца ня з цэнтраў палітычнае ўлады, а з глыбіні людзкіх душаў.

Прыемна адзначыць, што фатограф працягам двух гадоў службы ў Менску добра авалодаў беларускай мовай, і гэтая аклічнасьць напэўна дапамагла яму цімала ў ягоным фотазаглыбленьні ў дакумэнтаваныя суб’екты.

Сваё красамоўна праніклівае ўступное слова сп. Кунстадтэр сказаў па-ангельску й па-беларуску.
Вось беларускі варыянт.

«Маё фатаграфічнае падарожжа па Беларусі няспынна натхняе і вядзе мяне па трох сьцежках.

Першая – стварэньне беларускага брэвіярыя ці кола году, а таксама хронікі новага нараджэньня веры, што адбываюцца ў адметным беларускім асьвятленьні, напаўняюцца адметным беларускім водарам глебы і адметным беларускім пачуцьцём повязі з радзімай.

Другая сьцежка – спроба адлюстраваць глыбокую, нязломную і – зноў жа – адметную і неад’емную эўрапейскасьць беларускай культуры, беларускай сутнасьці. Незьлічоную колькасьць разоў я быў сьведкам таго, што

сэрца беларускае нацыі б’ецца ў кожным малым, нават у немаўляці, што мова нацыі сьпявае ў кожным жэсьце і кожнай усьмешцы,
што беларусы сьціпла і непахісна спраўджваюць словы вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча: «Так кожная пчала умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак».

Я буду шчасьлівы, калі гэтыя мэлёдыі, гэтыя рытмы, гэтая руплівасьць адаб’юцца ў каторых са здымкаў на гэтай выставе.

Трэцяя сьцежка, спадзяюся, вядзе мяне да глыбейшага разуменьня повязі нашай нацыі і нацыі беларускай. Мы не былі б амэрыканцамі, калі б не лёсавызначальная дапамога пры Саратозе – і то ня толькі Тадэвуша Касьцюшкі, якога мы шануем як паляка і які ёсьць сынам беларускай глебы. Калі разважаць шырэй, трэба прыгадаць, што гонар нашай нацыі ў тым, што мы – нацыя простага чалавека. Кожны, хто вырас, як і я, у Чыкага ці ў Пітсбургу, Кліўлендзе ці любым іншым амэрыканскім горадзе сэрца Амэрыкі, ведае, як простыя беларусы і прадстаўнікі іншых нацый, што існавалі пад імпэрскім уціскам у тым жа рэгіёне – палякі, літоўцы, украінцы й шмат іншых – прайшлі свой цяжкі шлях да Амэрыкі, як гэтыя годныя й працавітыя людзі сталі часткай нашай нацыі, як яны будавалі нашу нацыю, як яны адыгралі неад’емную ролю ў вызначэньні, кім мы ёсьць і чаму. І

калі на гэтай выстае мы глядзім на партрэты беларусаў, мы таксама ў некаторай ступені глядзім на саміх сябе.

Шаноўнае спадарства, дзякуй яшчэ раз за наведаньне сёньняшняга адкрыцьця і шанаваньне беларусаў – і тых, хто ёсьць на гэтай выставе, і тых, што на радзіме».

З чаркай добрага беларускага шампанскага, у ажыўленым абмене ўражаньнямі й думкамі, ня толькі з фатографам, але й з працаўнікамі Беларускае місіі, госьці прыемна правялі апраменены духовасьцю вечар.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?