Рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў – пра сёньняшнія задачы нацыянальнага руху. Адказы на пытаньні чытачоў сайту радыё «Свабода».

– Сп.Валер, калі адбудуцца перамены ў Беларусі? Што стане іх перадумоваю?

Валер Булгакаў: Зьмены ў Беларусі могуць адбыцца ў выніку, па-першае, раптоўнага і поўнага каляпсу беларускай эканомікі, па-другое, вонкавай інтэрвэнцыі, па-трэцяе, заўчаснай сьмерці беларускага лідэра, па-чацьвертае, сьвядомага волевыяўленьня народу, здольнага адстаяць свой палітычны выбар на вуліцах. Першыя тры магчымасьці я некампэтэнтны разглядаць. Што датычыць чацьвертай, то яна будзе магчымай адно ў выніку цяжкой і напружанай працы эліты грамадзтва з усім грамадзтвам. Гэтая праца мае на мэце стварэньне і пашырэньне вартасьцяў, якія маглі б служыць дасягненьню анульнанацыянальнага кансэнсусу.

Высокая цана свабоды

– Паважаны Валер, на тваю думку: што гэта за зьява такая – Лукашэнка і лукашызм. Ці гэта заканамерная зьява, ці не?

В.Б.: Я б сказаў так – пытаньні, адкуль пайшоў Лукашэнка і чаму ў нашым грамадзтве існуе забарона ператварэньня несьвядомых беларусаў у беларускамоўных з разьвітай нацыянальнай сьвядомасьцю (апошніх прадукуюць ня школа, войска і дзіцячы сад, а ўнікальныя зьбегі акалічнасьцяў), для мяне асноўныя пытаньні беларускай філязофіі. Адказаць на іх немагчыма, калі зьбівацца на прапагандысцкую рыторыку і публіцысцкія штампы.

Лукашэнка ня быў найгоршым кандыдатам падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. Палітыкі падобнага кшталту (як Лё Пэн у Францыі ці Анджэй Лепэр у Польшчы) робяць грамадзтву сур’ёзную паслугу: яны паказваюць, што з такім грамадзтвам нешта ня так. Трэба аддаць належнае гэтаму чалавеку: яму хапіла сілы і рашучасьці зрабіць многае з таго, што сядзела ў галовах многіх партыйна-гаспадарчых дзеячоў. Лукашэнка зрабіў тое, што значна больш бяздарна зрабілі б Дубко, Новікаў ці Кебіч. Мяне вельмі цешыць, што ў выніку зробленага Беларусь, паводле ўзроўню дэмакратычных свабод, апынулася на роўні афрыканскіх краінаў.

Каб скончыць пра Лукашэнку: яго пасьлядоўнасьць і рашучасьць, на мой погляд, бярэ пачатак з таго, што яму давялося зрабіць свой фаўстаўскі выбар: што больш каштоўнае – пільнаваць дух дэмакратычных свабод або "накарміць народ", забясьпечыўшы больш-менш справядлівае разьмеркаваньне дзяржавай наяўных рэсурсаў? Кіраваць краінай уручную нейкі час сапраўды можа даць большы эканамічны эфэкт, чым пры дапамозе складанай сыстэмы стрымак і проціваг. Нямногія, здаецца, усьведамляюць, што вынікам прыняцьця Беларусяй дэмакратычнай мадэлі заходняга тыпу зноў будзе зацяжны эканамічны крызіс, рэзкае расслаеньне грамадзтва і зьмяншэньне яго дабрабыту. Каб гэта вытрымаць і не скаціцца назад у аўтарытарызм, грамадзтва павінна праявіць сьвядомую волю.

Камфортней, чым у імпэрыі

– Шаноўны сп.Булгакаў, ацэньваючы дасягненьні Лукашэнкі, Вы маеце даволі адрозныя меркаваньні ў параўнаньні з астатнімі незалежнымі аўтарамі. Ці не маглі б Вы патлумачыць, які пазытыўны ўплыў на сёньняшні дзень зрабіў урад Лукашэнкі на незалежную Беларусь? І хто можа стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі? Пётра Давідзюк, Канада

В.Б.: Лукашэнка сваёй палітыкай зруйнаваў адзін з асноватворных мітаў каляніяльнага мысьленьня пра Беларусь: маўляў, Беларусь такая бедная і ўбогая, што, не ўваходзячы ў склад Расеі, яна ня можа выжыць. Цяпер узровень жыцьця ў Беларусі нічым ня горшы, як у Расеі, а якасьць жыцьця па шэрагу паказьнікаў нават лепшая.

Пры Лукашэнку існуюць нацыянальныя пашпарты, армія, суды, міліцыя, пасольствы і іншыя інстытуты, якія фармуюць нацыянальную ідэнтыфікацыю. Нарэшце, пры Лукашэнку ў масавай сьвядомасьці адбыўся крэн у бок незалежнасьці. Калі цяпер правесьці свабодныя выбары, сілы, якія выступалі за аб’яднаньне з Расеяй, наўрад ці набралі б многа галасоў.

Адным словам, лукашэнкаўскі эпізод беларускай гісторыі паказаў, што жыць у невялікай краіне, геаграфічна разьмешчанай у Эўропе, ня менш, а можа нават больш камфортна, чым у вялікай імпэрыі.

На зьмену Лукашэнку прыйдзе Кебіч

Калі выбары наступнага прэзыдэнта Беларусі адбудуцца ў выніку натуральнай эвалюцыі цяперашняга рэжыму, а ня нейкіх вонкавых катаклізмаў, на зьмену Лукашэнку прыйдзе новы Кебіч ці Дземянцей, інакш кажучы, чалавек з вышэйшых эшалёнаў улады.

Трэба сказаць, што Лукашэнка адмыслова аслабляе намэнклятурную эліту (у ёй не павінна быць ніякіх яму канкурэнтаў). Таму яго намэклятурны пераемнік наўрад ці будзе моцным палітыкам, здольным гнуць сваю лінію нягледзячы на ні што. Калі ў 2001 пасьля выбараў няўзнак сеў Леанід Калугін, эліце быў дадзены сыгнал, што канкураваць у публічнай прасторы зь дзейным прэзыдэнтам – злачынства. Сёлета такіх зухаў ужо не было. Значыць, сярод цяперашняга кіраўніцтва краіны няма моцных публічных палітыкаў (апрача аднаго, добра ўсім вядомага) і сыстэма ўлады зможа перамагаць грамадзянскую супольнасьць толькі пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. А пры больш-менш справядлівай палітычнай канкурэнцыі ён не заўжды працуе.

Зыходзячы з гэтай лёгікі, шанец для дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі зьявіцца толькі тады, калі гэты Лукашэнкаў пераемнік акажацца дастаткова бяздарным, каб выклікаць глыбокую сацыяльную напружанасьць і прайграць пасьля генэральную бітву за ўладу.

Я не баюся закрыцьця

– Вітаньне, Валер, ці мог бы ты распавесьці пра пляны «ARCHE» на будучыню? Як, у якім накірунку ты бачыш яго магчымае разьвіцьцё? Што будзеце рабіць, калі будзе прынята рашэньне аб забароне друку і распаўсюду? Ігар (Горадня)

В.Б.: Плян на будучыню – утрымаць цяперашнюю штомесячную рэгулярнасьць выхаду, прыцягваць новых аўтараў у часопіс і супрацоўнікаў у наш калектыў.

«ARCHE» ў сваім цяперашнім выглядзе цяпер дасягнуў амаль верхавіны сваіх магчымасьцяў. Паляпшаць можна найперш якасьць тэкстаў і дызайн самога выданьня.

Хачу сказаць, што па маіх інтуіцыях нас наўрад ці зачыняць да наступных прэзыдэнцкіх выбараў. А калі зачыняць, гэта будзе дыягназ для сёньняшняга рэжыму, стратэгічную небясьпеку для якога, як выявіцца, уяўляюць выданьні з накладам, меншым за 1000 асобнікаў.

Я не баюся закрыцьця «ARCHE» – яго пэрсанал знойдзе сябе ў аналітыцы, літаратуры, палітыцы, навуцы ці дзе-небудзь яшчэ.

Дзяржаўнасьць бяз нацыі

– Вітаю, Валер. Няма лепшага інтэлектуальнага адпачынку, чым самотны вечар, добрая гарбата і часопіс «ARCHE»... дзякую. Скажыце, ці, на Вашую думку, шмат супольнага паміж нацыяналзмам ХІХ ст. у Эўропе і нацыяналізмам ХХІ ст. у Беларусі? Калі нашае нацыянальнае адраджэньне прывядзе да стварэньня нацыянальнай дзяржаўнасьці? Наста.

В.Б.: Парадокс нашай сытуацыі ў тым, што беларусы атрымалі дзяржаўнасьць, але ня здолелі пабудаваць нацыі. Эўрапейскія нацыяналізмы, пра якія вы пішаце, стартавалі на рубяжы XVIII і XIX ст., беларускі – амаль на сто гадоў пазьней. Пытаньне, ці здолеюць беларусы пабудаваць сваю нацыю, застаецца адкрытым. Адказ на яго залежыць у тым ліку ад нашай энэргіі і ахвярнасьці.

Культурны апартэід

– Прывітаньне Валер! Ці справядлівым будзе цьверджаньне, што сучасная Рэспубліка Беларусь ёсьць у большай ступені ўвасабленьнем праекту Лукі Саланевіча, а не братоў Луцкевічаў? І другое: чаму рэанімацыя "заходнерусізму", якая адбываецца сёньня, амаль не суправаджаецца вяртаньнем "героеў" гэнае плыні ў сучасны ідэалягічны кантэкст? Дзякуй. Сяргей Балахонаў.

В.Б.: Іван Саланевіч ня марыў пра незалежную Беларусь і ня меў такога праекту. Ён марыў пра тое, каб яна хутчэй задушылася ў братніх абдоймах Расеі.

Браты Луцкевічы знайшлі ў сабе мужнасьць заявіць перад асноўнымі акторамі міжнароднай палітыкі, што Беларусь хоча быць незалежнай краінай. Сучасная Рэспубліка Беларусь паявілася на палітычных мапах сьвету не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму высілку волі.

Што да другога пытаньня, то сучасны рэжым аднавіў не "заходнерусізм", а грувасткую сыстэму культурнага апартэіду і моўнай дыскрымінацыі, якая склалася ў краіне пачынаючы за 30-х XX в. "Заходнерусізм" узьнік тады, калі беларускага нацыяналізму яшчэ не існавала, і ўвогуле адмаўляў беларускай мове ў праве на існаваньне. Цяперашні рэжым гэтага ня робіць. Ён разьдзяляе беларускі сьвет на "чорную", архаічную культурную прастору сельскай мясцовасьці, дзе правадное радыё, мясцовая прэса і нават дзе-нідзе школы працуюць на беларускай мове, і "белую", цывілізаваную культурную прастору гораду, дзе ўсё мае быць па-расейску. Чытайце Цьвікевіча.

Сустрэча з Лукашэнкам немагчымая

– Валер, на вашу думку, наколькі прывід "аншлюсу" наганяе нацыяналістычныя настроі ў беларускім грамадзтве? Асабліва цікавыя ў гэтым пляне настроі кіруючай эліты. Ну, а калі такія настроі заўважаюцца, дык якія магчымасьці "сустрэчы" нацыяналістаў-культурных адраджэнцаў і нацыяналістаў-дзяржаўнікаў (нагадаю, што да гэтых апошніх вы залічваеце і Лукашэнку)? Як вы бачыце будучыню і пэрспэктывы дэмакратычнай кааліцыі? Магчымую ролю ў гэтым Казуліна? Апошнім часам вам прыходзілася выступаць з крытыкай расейскамоўных лібэралаў у абароне "нацыянальнага праекту". Але вам даводзілася выступаць таксама з крытыкай некаторых вэрсіяў беларускага нацыяналізму. А калі б у гіпатэтычным парлямэнце вам прыйшлося б выбіраць паміж расейскамоўнымі лібэраламі і, скажам, пазьнякоўскім БНФам, каму б вы аддалі перавагу? Дзякуй. Пятро Рудкоўскі.

В.Б.: Мая ацэнка Лукашэнкі як нацыяналіста была памылковай. Насамрэч, трывалае непрыняцьце нацыянальных вартасьцяў, асабліва нэўратычнае выцясьненьне ім беларускай мовы за межы публічнай прасторы, паказвае, што яго палітычная пазыцыя больш архаічная і кансэрватыўная. Найбліжэйшы аналяг сучаснай Беларусі ў эўрапейскай палітычнай прасторы – гэта абсалютысцкія манархіі, якія перажылі крах на кантынэнце цягам XVIII, XIX і XXст.

Апрача ўплыву каляніяльнай спадчыны, нацыя (нацыянальныя вартасьці, перш за ўсё мова) не прымаюцца Лукашэнкам таму, што яна выступае дзейнаснай альтэрнатывай для ідэнтыфікацыі грамадзян, альтэрнатыўным полюсам грамадзкай ляяльнасьці. Падобна абсалютысцкім манархам, Лукашэнка патрабуе ад народу пакланеньня і ідэнтыфікацыі зь дзяржавай, г.зн. з матэрыяльным выражэньнем свайго праўленьня (і тым самым з самім сабой) коштам аслабленьня або прафанацыі ўсіх альтэрнатыўных цэнтраў ідэнтыфікацыі. Інакш кажучы, у Беларусі, паводле лёгікі ўлады, народ існуе для таго, каб узмацняць уладу, якая блякуе любыя значныя магчымасьці нацыятварэньня. У эўрапейскіх грамадзтвах, наадварот, дзяржава – усяго толькі інструмэнт нацыянальнага разьвіцьця. У Эўропе цяпер бадай ужо няма народаў, якія, як у Беларусі, фармуюцца мэханічным аб’яднаньнем насельніцтва зьверху: там існуюць нацыі, чальцы якіх валодаюць устойлівым кансэнсусам што да нацыянальных вартасьцяў.

Таму сустрэча нацыяналістаў з Лукашэнкам немагчымая. Гэты чалавек заслужыў, каб зь ім гаварылі ягонай мовай і дзейнічалі ў дачыненьні да яго ягонымі ж мэтадамі.

Крытычная ўмова посьпеху дэмакратычнай кааліцыі ў Беларусі – апора на рэсурсы беларускага бізнэсу і адмова ад папулісцкай рыторыкі, заснаванай на абяцаньнях павышэньня дабрабыту. Як на мяне, 19 сакавіка на Плошчы было б мала народу, калі б кандыдатам замест Мілінкевіча быў бесхрыбетны лібэральны папуліст. Пра пэрпэктывы Казуліна можна будзе гаварыць пасьля яго вызваленьня.

І расейскамоўныя лібэралы, і пазьнякоўскі КХП БНФ выклікаюць у мяне прыкладна аднолькавыя пачуцьці. Я буду галасаваць супраць іх.

Датуль дакуль

– Ці збываліся вашы ранейшыя палітычныя прагнозы? Якія? А як вы бачыце сытуацыю цяпер? Які лёс чакае Лукашэнку, Мілінкевіча, нашу краіну? Дзякую. Алекс.

В.Б.: Прагноз такі:

– Беларусь будзе незалежнай;

– Лукашэнка ня здолее кіраваць краінай да свайго канца;

– Мілінкевіча яшчэ больш палюбяць у эўрапейскіх сталіцах.

– Добры дзень, шаноўны Сп.Булгакаў! Якія пляны мае рэдакцыя «ARCHE» адносна далейшага фармату выдання, яго асноўнай тэматыкі? Ці не асьцерагаецеся Вы залішняй палітызацыі выданьня?

В.Б.: Палітызавананасьць «ARCHE» – рэактыўная. Пакуль дзяржава будзе палітызоўваць пытаньне нацыянальнай мовы, напрыклад, забараняць вышэйшую адукацыю, дакладныя навукі або FM-вяшчаньне на ёй, датуль гэтая тэма ня сыдзе з нашых старонак. Пакуль у краіне ня будзе нармальнай палітычнай канкурэнцыі, будзе распальвацца антызаходняя ці антыўсходняя гістэрыя і выводзіцца з-па-за ўсякай крытыкі асоба прэзыдэнта, мы будзем лічыць сваім абавязкам пра гэта пісаць. Пакуль з экранаў тэлебачаньня на нас ліюцца рэкі хлусьні, нельга сядзець склаўшы рукі.

Стан прастрацыі і выпадзеньня з часу, у якім беларуская культура знаходзілся шмат дзясяткаў гадоў, нічога добрага для нацыі ня даў.

Нічога фатальнага

– Ці ў побытавым жыцьці вы карыстаецеся беларускай мовай? Што думаеце ўвогуле пра нашу моўную сытуацыю? Алекс.

В.Б.: Так, дома я гавару па-беларуску.

Нічога фатальнага ў нашай моўнай сытуацыі няма. На момант аб’яднаньня Італіі ў 1860-я гады на правільнай італьянскай мове гаварыла 2% насельніцтва. У нас сытуацыя куды лепшая.

Трохі пра літаратуру

– Вітаю, Валер! Ходзіць шмат чутак нібыта пра нейкі канфлікт паміж «ARCHE» і «Дзеясловам». Як на самай справе? Алесь.

В.Б.: Няма канфлікту паміж часопісамі, ёсьць пошук ідэнтычнасьці кожнага зь іх. Прычынай для гэткіх пагалосак паслужылі зрэдзьчасу друкаваныя ў «ARCHE» крытычныя водгукі на выпускі "Дзеяслова" або творы аўтараў, якія стаяць за гэтым часопісам. Нашы пісьменьнікі – людзі надзвычай амбітныя і часам страшна балюча перажываюць крытыку ў свой бок.

Але ня варта блытаць крытыку з абвяшчэньнем вайны!

Ёсьць пытаньне, навошта ARCHE нешта такое наогул друкуе, калі мы, маўляў, робім адну справу, калі ў гэты складаны для нацыі час трэба згуртавацца супраць супольнага ворага і г.д. Усё гэта лухта! Пакуль мы не дасягнем высокай экалёгіі нашага творчага асяродзьдзя, ніякія сапраўдныя зьмены ў краіне ня будуць магчымыя.

Праблема тут глыбокая. Частка нашых пісьменьнікаў дагэтуль жыве ў "ружовым тумане". Яна прывыкла да такога стану рэчаў, калі "свая" крытыка бывае толькі апалягетычнай.

Мы хочам паказаць, што часы зьмяніліся. Нельга пісаць, як раней, – інакш ніколі не разбурыць міт пра беларускую літаратуру, якая, як мне некалі сказаў галоўны рэдактар Litaratury na swiecie Пётар Сомэр, выклікае кепскія асацыяцыі. Мы знаходзімся ў такім адмежку культурнага часу, калі ад падмены літаратуры графаманіяй губляецца сацыяльная дынаміка і людзі перастаюць верыць у перамены.

Поўны тэкст адказаў чытайце на сайце Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0