Шаснаццацігадовая беларуска Тацяна Казыра 23 лістапада вярнулася ў Беларусь з ЗША.

«Я вярнулася, таму што вельмі моцна сумавала па доме, — сказала яна ў інтэрвію. — Перажывала, як тут мая бабуля. Засумавала па ёй вельмі моцна».

Паводле слоў дзяўчыны, сям’я Запата, у якой яна жыла, не перашкаджала яе вяртаньню на радзіму. «Вядома, яны пакрыўдзіліся, але не будуць жа яны мяне трымаць насільна», — сказала Т.Казыра.

Яна зьбіраецца падтрымліваць сувязь з амэрыканскай сям’ёй. «Буду званіць, размаўляць з імі, — зазначыла Т.Казыра. — Але я ўжо больш туды не паеду».

Як паведамлялася раней, дзевяць гадоў запар Т.Казыра выяжджала ў ЗША на аздараўленьне па чарнобыльскай праграме. кожны раз яе прымала сям’я Запата. 5 жніўня гэтага года Таня павінна была вылецець з Сан‑Францыска ў Мінск разам з групай беларускіх дзяцей, але да прызначанага часу не прыбыла ў аэрапорт. Пазьней стала вядома, што дзяўчына падала ў іміграцыйную службу дакумэнты для працягу гасьцявой візы і застаецца ў ЗША, каб дачакацца рашэньня ўладаў. У ЗША быў камандзіраваны супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Шыдлоўскі, які некалькі разоў сустракаўся з Т.Казырай, але тая адхіліла прапанову вярнуцца на радзіму.

20 лістапада ў Міністэрства замежных спраў Беларусі прыйшла афіцыйная заява ад Надзеі Новік — бабулі і апекуна Т.Казыры. Паводле зьвестак прэс‑службы МЗС, у ёй гаварылася, што дзяўчына прыняла «адназначнае рашэньне вярнуцца на радзіму». Н.Новік прасіла «прыняць неабходныя захады па найхутчэйшым вяртаньні» ўнучкі ў Беларусь. Пры гэтым яна «выказвала занепакоенасьць» тым, што сям’я Запата перашкаджае яе вяртаньню ў Беларусь і забараняе ёй зьвязвацца па тэлефоне з беларускім консулам. Прадстаўніку беларускага МЗС удалося зьвязацца па тэлефоне з Таняй, якая «пацьвердзіла яму сваю настойлівую просьбу дапамагчы ёй як мага хутчэй вярнуцца дадому».

У прэс‑рэлізе МЗС паведамлялася, што беларускі бок плянуе афіцыйна зьвярнуцца да кампэтэнтных органаў ЗША з патрабаваньнем прыняць неабходныя захады па забесьпячэньні вяртаньня непаўналетняй Т.Казыры ў Беларусь.

Варта зазначыць, што з‑за дадзенага інцыдэнту Беларусь прыпыніла праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой. 13 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім беларускія арганізацыі змогуць накіроўваць дзяцей на аздараўленьне толькі ў тыя замежныя дзяржавы, з якімі Беларусь заключыла міжнародныя дагаворы, што прадугледжваюць дзяржаўныя гарантыі бясьпечнага знаходжаньня беларускіх дзяцей на аздараўленьні ў дадзенай краіне і іх своечасовае вяртаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?