45 гадоў таму Лі Гарві Освальд застрэліў Кенэдзі. Ці ня ходзіць па Менску ягоны наступнік? Піша Віталь Тарас.

45 гадоў таму, 22 лістапада 1963 году ў Даласе, штат Тэхас, быў застрэлены трыццаць пяты прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі. Абранаму сёлета прэзыдэнту Злучаных Штатаў Бараку Хусэйну Абаму ў той дзень споўнілася тры месяцы. Абаму й Кенэдзі параўноўвалі ў самых розных мэдыях ужо шмат разоў. Але цікавымі для параўнаньня ўяўляюцца ня толькі іхныя асобы. Абодва сталі сымбалямі сваёй эпохі.

Харызма

У артыкуле «Барак Абама й новая амэрыканская мара» Рашэда Чаўдхуры, пераклад якога «Наша Ніва» надрукавала ў нумары за 6 лістапада, выказваецца апасеньне, што з Абамам можа здарыцца тое ж, што з Марцінам Лютэрам Кінгам (ён быў застрэлены расістам у 1968), Малькольмам Эксам і Джонам Кенэдзі. То бок, новаабранага 44‑га прэзыдэнта ЗША могуць забіць. Альбо, піша аўтар, яго можа напаткаць лёс Джымі Картэра. Той ня змог зьдзейсьніць большасьць сваіх задумаў. Сымбалем яго няўдалага прэзыдэнцтва ў памяці выбарцаў засталася крушэньне гелікоптэра з амэрыканскімі дэсантнікамі, што павінны былі вызваліць закладнікаў у амбасадзе ЗША ў Тэгеране, захопленай іранскімі маджахедамі.

Але ж і Джон Кенэдзі, які быў на чале Злучаных Штатаў усяго тры гады, не дамогся выдатных посьпехаў. На самым пачатку ягонага прэзыдэнцтва, у 1961, адбылася няўдалая спроба скінуць рэжым Фідэля Кастра на Кубе. Высадка вайсковага дэсанту ў Затоцы Сьвіньняў скончылася паразай. Дэсантнікі — а гэта былі кубінскія эмігранты, якія прайшлі спэцпадрыхтоўку ў ЦРУ — страцілі каля ста чалавек забітымі і звыш тысячы чалавек палоннымі. Пазьней іх усіх выкупіў прэзыдэнт Кенэдзі. Аднак, кубінскія эмігранты не даравалі яму паразы. У ЦРУ таксама вінавацілі прэзыдэнта ў нерашучасьці падчас апэрацыі, тым самым здымаючы зь сябе адказнасьць за яе правал. У далейшым гэта стала падставай папулярнай вэрсіі забойства Кенэдзі, паводле якой яно сталася вынікам змовы. Але пра гэта гаворка пойдзе ніжэй.

У 1962 г. праз канфлікт з Кастра і паводзіны Хрушчова разгарэўся Карыбскі крызіс. Атамнай вайны з СССР Кенэдзі, на якога ціснулі «ястрабы» ў ягонай Адміністрацыі, удалося пазьбегнуць літаральна ў апошні момант перад катастрофай.

Менавіта пры Кенэдзі ў Паўднёвы Віетнам былі перакінутыя першыя вайсковыя падразьдзяленьні ЗША, якія пазьней уступілі ў вайну.

Унутры краіны падтрымка прэзыдэнтам барацьбітоў з расавай сэгрэгацыяй, выклікала ярасную рэакцыю белага істэблішмэнту паўднёвых штатаў.

Кенэдзі падтрымаў касьмічную праграму палётаў на Месяц. Але гістарычны палёт Апалёна‑11, экіпаж якой першым высадзіўся на натуральным спадарожніку Зямлі, адбыўся толькі ў 1969‑м.

І тым ня менш, папулярнасьць Кенэдзі ў ЗША ды Эўропе была фэнамэнальнай. На чым палягала ягоная харызма? Можа, на тым, што ён першым з прэзыдэнтаў пачаў выступаць па тэлебачаньні ў жывым эфіры? На тым, што амэрыканцам і асабліва амэрыканкам імпанаваў ягоны імідж вайсковага лётчыка, які ўдзельнічаў у баявых апэрацыях на Ціхім Акіяне падчас Другой сусьветнай вайны? На ягонай знакамітай усьмешцы, манеры паводзінаў, добрым выхаваньні (ён быў каталіком, выхадцам з багатай сям’і ірляндзкага паходжаньня)? Мала хто ведаў тады, што ў адносна маладога прэзыдэнта цэлы букет хваробаў, што ён вымушаны прымаць гарманальныя прэпараты, ад якіх у яго быў зьлёгку азызлы твар. На публіцы разам з жонкай Жаклін і дзецьмі ён часта зьяўляўся ў басэйне альбо на тэнісным корце. Невядома было шырокай публіцы і пра ягоныя шматлікія раманы. У тым ліку — з Мэрылін Манро, якая сьпявала яму Happy Bіrthday на ягоным 45‑годзьдзі ў Мэдысан Сквэр Гардэн.

Mішэль

Джон Кенэдзі і Мэрылін Манро — гэта й было новае аблічча Амэрыкі, якое стане адным з найбольш устойлівых сымбаляў эпохі 60‑х і нават дажыве да нашых дзён. Хай сабе ў выглядзе міту. Грамадзкія міты, а не палітыкі, насамрэч, правяць сьветам.

Амэрыка — мабыць, упершыню ў ХХ стагодзьдзі — уразіла сьвет не сваімі гарматамі, авіяносцамі ці атамнымі падлодкамі. І нават ня Бруклінскім мастом альбо Эмпайр Стэйт Білдынгам. Мяккая ўсьмешка Мэрылін — шыкоўнай бляндынкі з пульхнымі вуснамі й крыху сумнымі вачыма, якая прыйшла ў кіно амаль што з вуліцы — зачаравалі ўсіх, у тым ліку і прэзыдэнта ЗША. На фоне Кенэдзі як пародыя сталі ўспрымацца словы пра Леніна як «самага чалавечнага чалавека». Сапраўды, новая эра, сымбалямі якой сталі Кенэдзі й Мэрылін, была эрай яшчэ не міласэрнасьці (пра гэта застаецца толькі марыць), але эрай чалавечнасьці.

Так, пасьля была даўгая вайна ў Віетнаме і яшчэ шмат войнаў… Але ўсяго праз два гады па сьмерці Джона ў ЗША прыедуць на гастролі «Бітлз», чыя шалёная папулярнасьць у сьвеце стане прадвесьнем пацыфісцкіх настрояў у ЗША ды Эўропе, якія пахаваюць вайну. Можна сабе зь лёгкасьцю ўявіць, як Кенэдзі, дажыві ён да таго часу, прымае лівэрпульскіх хлопцаў у Белым Доме. Нездарма муж і жонка Кенэдзі камунікавалі зь дзеячамі амэрыканскай поп‑культуры, нездарма Джон стаўся героем опэры на Брадвэі, а потым і героем песенек. У «Ролінг Стоўнз» у песьні Sympathy for the Devіl ёсьць такія радкі — І shouted out/Who kіlled the Kennedys?/When after all/Іt was you and me. («Я выкрыкнуў: хто забіў Кенэдзі? Урэшце рэшт, гэта былі ты і я» — ВТ)

Здараюцца дзіўныя перагуканьні ў часе. У 1965‑м «Бітлз» запісалі песьню «Мішэль», якая атрымала нечуваную папулярнасьць у сьвеце. Жонку Барака Абамы таксама завуць Мішэль. Яе часта параўноўваюць з Жаклін Буўе, больш вядомай як Джэкі Кенэдзі. Яна пакінула сьлед у гісторыі ня толькі як жонка прэзыдэнта ЗША, а потым жонка мільярдэра Анасіса, але як адна з найбольш папулярных жанчын свайго часу, заканадаўца модаў і сымбаль жаночай прыгажосьці.

Пра Мішэль Абаму пішуць ня толькі як пра добрую жонку й маці і пры гэтым —

прывабную жанчыну, якая ўмее элегантна апранацца, але як чалавека адукаванага, здольнага й дасьціпнага, з уласнымі поглядамі й прынцыпамі.

У адным з старых галівудзкіх фільмаў белы паліцыянт казаў гераіні: «Ты чорная, але прыгожая». На што гераіня з годнасьцю пярэчыла: «Я чорная і прыгожая».

JFK і BHO

Кенэдзі быў папулярны пры жыцьці. Пасьля сьмерці ён стаў звышпапулярным. Само ягонае забойства зрабілася апокрыфам. Кароткі фільм, зьняты на аматарскую кінакамэру жыхаром Даласа Абрагамам Запрудэрам (ён нарадзіўся ў Ковелі ва Ўкраіне) у момант забойства Джона Кенэдзі, стаў, бадай, самым вывучаным кінадакумэнтам ХХ стагодзьдзя. Дастакова зайсьці на сайт youtube.com, каб пабачыць, што ўнікальныя кадры забойства, зьнятыя Запрудэрам, у розных відэаварыянтах, ужо ў наш час прагледзеў больш за мільён наведнікаў.

Няма недахопу і ў рознага роду кансьпіралягічных тэорыях у сувязі з забойствам Кенэдзі. У 1991 годзе знакаміты рэжысэр Олівэр Стоўн выпусьціў фільм JFK (у постсавецкім пракаце ён называўся «Джон Ф. Кенэдзі. Стрэлы ў Даласе») — бадай, адзін з найменш удалых фільмаў у яго творчай біяграфіі, хоць стужка і прынесла немалы прыбытак. Фільм пабудаваны на вэрсіі былога акруговага пракурора Новага Арлеана Гарысана, паводле якой забойца Кенэдзі Лі Гарві Освальд быў толькі адным з выканаўцаў. У фільме робіцца выснова, што ў антыпрэзыдэнцкай змове ўдзельнічалі спэцслужбы, антыкастраўская апазыцыя і віцэ‑прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан, які стаў прэзыдэнтам пасьля Кенэдзі.

Такая ж вэрсія (за выключэньнем удзелу ў змове Джонсана) утрымліваецца ў многіх кнігах, якія выйшлі за апошні час — у прыватнасьці, у рамане амэрыканскага пісьменьніка Дона Дэліла «Шалі», якая выйшла ў 1988 г.

Кніга цікавая ня столькі сюжэтам, колькі яскравым псыхалягічным партрэтам Лі Освальда і дэталямі, пачэрпнутымі зь ягоных дзёньнікаў і асабістай справы. Вось фрагмэнт «Гістарычнага дзёньніка» з разьдзелу кнігі, у якім распавядаецца пра жыцьцё Освальда ў Менску, дзе той працаваў на заводзе і дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марынай Прусаковай. «Набліжэньне восені, мой жах перад першай расейскай зімой таюць у шыкоўным золаце і барве беларускай восені, сьліваў пэрсікаў і вішняў шмат, у гэтыя апошнія тыдні восені я здаровага карычневага колеру і нашпігаваны сьвежымі пладамі» (Пераклад з расейскага выданьня: Дон Дэліл. Шалі. Масква: «Эксмо», 2005; захавана пунктуацыя арыгіналу — ВТ). Далей ідзе такі фрагмэнт: «Шакаляд дарагі. У гэтых людзей заганная цяга да салодкага. У кандытарскай пастаянныя чэргі. Жыцьцё складаецца з дробязяў. Шакаляд, прайгравальнік, ежа з аўтамата». Апошнія словы — чыстая праўда. Освальду далі кватэру ў самым цэнтры Менску. А на пачатку 60‑х на плошчы Перамогі былі ўсталяваныя аўтаматы, у якіх прадаваліся бутэрброды з каўбасой. Праўда, яны неўзабаве зламаліся й кудысьці зьніклі. Але амэрыканец гэтага, відаць, ужо не засьпеў…

На старонках раману Освальд паўстае, хутчэй, няшчасным, азлобленым на ўвесь сьвет нэўрастэнікам, чым героем, якім, несумненна, хацеў быць. Ён быў марксістам (прачытаў некалькі кніжак Троцкага), леваком, але не ідэйныя матывы прымусілі яго ўзяць вінтоўку з аптычным прыцэлам у рукі. Характэрная псыхалягічная дэталь. Калі яго арыштавалі пасьля забойства Кенэдзі, Освальд узрадаваўся таму факту, што ў газэтах і на тэлебачаньні называлася ягонае поўнае імя — Лі Гарві Освальд. Так, як Джон Фіцджэральд Кенэдзі. Поўным імем Освальда не называлі раней ніколі ў ягоным жыцьці.

Забіць прэзыдэнта…

Освальд распачаў галерэю падобных сабе пэрсанажаў ХХ стагодзьдя — Марк Дэвід Чэпмэн, забойца Джона Ленана, Джон Гінклі (малодшы), які зрабіў замах на Рональда Рэйгана. Мэтай псыхічна хворага Гінклі было прыцягнуць да сябе ўвагу актрысы Джудзі Фостэр, якой ён напісаў мноства лістоў. Злачынца быў упэўнены, што калі заб’е прэзыдэнта, дык атрымае такі самы сацыяльны статус, што і галівудзкая кіназорка.

Часам здараецца, што людзі, апынуўшыся на пасадзе прэзыдэнта, адчуваюць тыя самыя комплексы, што і Гінклі. Такі чалавек, напрыклад, калі гаворыць пра Барака Абаму «спадзяюся, ён адукаваны чалавек», напэўна, адчувае сябе на сваім месцы. (Абама скончыў Калюмбійскі ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны» і Гарвардзкі інстытут юрыдычных навук, зьяўляецца аўтарам васьмі кніг.)

Многія, напэўна, зьвярнулі ўвагу на сюжэт «Эўраньюз» зь Іраку, які выйшаў адразу пасьля перамогі Абамы на выбарах. Там амэрыканскія салдаты глядзяць па тэлевізары сюжэт пра падвядзеньне вынікаў выбараў на радзіме. Але перад гэтым у навінах яны бачаць рэпартаж з Расеі, дзе прэзыдэнт Мядзьведзеў выступае ў Думе з пасланьнем. Салдаты сьмяюцца зь яго, паказваюць пальцамі. Гэтую частку сюжэту пазьней выразалі. Сапраўды, нават пры вонкавым параўнаньні новабранага прэзыдэнта Абамы і прэзыдэнта Мядзьведзева, узьнікае забаўнае ўражаньне. Маленькі, зашпілены на ўсе гузікі, зь нерухомымі мышцамі твару, з рачынымі вачыма чалавек пафасна, з жалезнымі інтанацыямі выступае ад імя вялікай дзяржавы, палохае іншую вялікую дзяржаву ракетамі, з усіх сілаў стараецца выглядаць велічным.

У Барака Абамы, канечне, праблемаў ня менш, а нават і больш, чымся ў многіх ягоных калегаў за акіянам. Ці здолее ён спраўдзіць спадзяваньні суайчыньнікаў, якія бачаць у ім асобу, роўнавялікую Кенэдзі, мы ня ведаем. Мы можам толькі спадзявацца, што новы прэзыдэнт сапраўды зь цягам часу ўвасобіць сабой новую эпоху. Эпоху, у якой расістам, хамам, невукам і прайдзісьветам любога кшалту будзе мулка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?