Мінэканомікі распрацавала праект Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі эканомікі.

Крызіс прадэманстраваў недастатковую эфэктыўнасьць чыста лібэральных мадэляў эканомікі ва ўмовах глябальнай рэцэсіі, мяркуе намесьнік дырэктара Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Віктар Пінігін. На яго думку, лібэральна-патэрналісцкай мадэлі эканамічнага ўладкаваньня робяцца ўсё больш папулярнымі. У Беларусі добра зарэкамэндавала сябе ў пераходны пэрыяд патэрналісцкая мадэль, якая засноўваецца на дастаткова жорсткім адміністрацыйным рэгуляваньні, кажа эканаміст.

Сёньня ж адміністрацыйная эканоміка свае рэсурсы вычарпала і насьпела неабходнасьць мадэрнізацыі. Што сьведчыць пра гэта? Высокі ўзровень зносу асноўных сродкаў, нязначная доля прадукцыі, што вырабляецца на аснове высокіх тэхналёгій, а таксама так званы перагрэў эканомікі.
Ён выкліканы тым, што сукупны попыт у краіне перавышае сукупную прапанову. Попыт на тавары разаграваецца за кошт росту зарплаты, крэдытаў і зьнешняй запазычанасьці.

В. Пінігін акцэнтаваў увагу таксама на праблемах прадпрыемстваў, што

выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю. Іхныя магутнасьці загружаныя амаль на 100%, што стварае націск на вытворчасьць. Як, напрыклад, у будаўніцтве, магутнасьцяў якой ужо недастаткова для асваеньня ўсіх наяўных капітальных укладаньняў.

Асноўная мэта мадэрнізацыі эканомікі — павышэньне канкурэнтаздольнасьці. Але мадэрнізацыя, лічыць эканаміст, гэта ня толькі ўкараненьне адных новых тэхналёгій і абсталяваньня. Трэба рабіць акцэнт на мадэрнізацыі эканамічных інстытутаў і арганізацыйна-эканамічных мэханізмаў.

Праект праграмы прадугледжвае адыход ад рэгуляваньня цэнаў. Захаваецца яно толькі адносна абмежаванай колькасьці сацыяльна значных тавараў і на прадукцыю манапалістаў.

Мінэканомікі таксама абяцае ў чарговы раз паслабленьне ў падатковай сфэры. Прадугледжваецца адмова ад падтрымкі сельгасвытворцаў. Будзе перагледжаны парадак адлічэньняў у інавацыйныя фонды з прынцыповым зьмяненьнем крыніц іх выплаты, ды ўкараненьне сыстэмы электроннага падатковага дэкляраваньня.

Малому і сярэдняму бізнэсу праект праграмы абяцае зьніжэньне адміністрацыйных бар’ераў і спрашчэньне працэдураў.

У галіне прыватызацыі чакаецца спрашчэньне працэдуры выдзяленьня зямельных участкаў ва ўласнасьць і арэнду, аптымізацыя долі дзяржавы ў акцыянэрным капітале прадпрыемстваў, утварэньне інстытуту давернага кіраваньня акцыямі.

Айчынныя прадпрыемствы не апынуцца ў руках намэнклятуры, упэўнены В. Пінігін, бо гэтага не прадугледжваюць прапановы па мадэрнізацыі эканомікі, сфармуляваныя ў праекце праграмы.
Разам з тым, эканаміст нагадаў, што сёньня для Беларусі актуальнае пытаньне матывацыі вышэйшых кіраўнікоў. Яны, у выпадку пасьпяховага кіраваньня, змогуць атрымліваць сваю долю акцыяў прадпрыемства.

Знайшлося ў праекце мадэрнізацыі айчыннай эканомікі месца й ідэі стварэньня холдынгаў на базе дзяржаўных канцэрнаў. У якасьці прыкладу прыводзіцца ідэя стварэньня льнянога холдынгу. Больш не выклікае страху ва ўладаў магчымасьць уваходжаньня нашых прадпрыемстваў у замежныя транснацыянальныя карпарацыі.

СП, паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0