Апазыцыйны пісьменьнік Ігар Бабкоў напісаў геніяльны раман пра прамінулае і сьмерць у беларускіх дэкарацыях.

Дыскусіяў пра якасьць польскае літаратуры мне ўжо досыць. Ніводнага цікавага абагульненьня, адно зьедлівасьць ці самазадавальненьне, што з кожным разам узрастае. А добрай прозы як не было, так і няма. Таму я зьвярнуўся да кнігі беларускага пісьменьніка. І што атрымліваецца? Малавядомы аўтар піша лепей ня толькі за палякаў, але і за ўсіх амэрыканцаў і пуэртарыканцаў разам узятых.

Хоць нельга сказаць, што ў сваёй краіне Ігар Бабкоў зусім невядомы, у кнігарнях Менску і Горадні цяжка знайсьці ягоныя кнігі.

Прычына гэтага відавочная: ён усебакова адораны творца, а таксама філёзаф і перакладнік, зьвязаны з апазыцыяй, і друкуецца толькі ў недзяржаўных выдавецтвах.
Пра ягоныя сустрэчы з чытачамі не паведамляецца ў дзяржаўнай прэсе. У 1980‑х гадах ён быў зьвязаны з андэграўнднымі суполкамі «Бабілён» і «Тутэйшыя». Больш за 10 гадоў выдае знакамітыя «Фрагмэнты» — адзін з найлепшых у Эўропе літаратурных часопісаў. У 1990‑х быў у Польшчы, чытаў вершы, урыўкі апавяданьняў. А потым пра яго перасталі гаварыць. Прынамсі, так здавалася.

Бо цяпер у Польшчы ёсьць невялікі фэстываль гэтага пісьменьніка. Толькі што выйшла эсэ «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру(і)наў», а за некалькі тыдняў да гэтага — знакаміты раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені».

Урыўкі з гэтага твору шмат гадоў таму друкаваліся ў літаратурных часопісах Kartki i Borussia. Памятаю іх вельмі добра. Аднак калі я першы раз чытаў тыя ўрыўкі, я ня мог уявіць, што Бабкоў складзе зь іх раман. І цяпер гляджу на першы беларускі постмадэрнісцкі раман, які ня мае нічога агульнага з постмадэрнізмам заходнім. Гэта цікавае спалучэньне гавэндаў ХІХ стагодзьдзя з сучасным аповедам пра Менск — горад, які ў Бабкова адначасова зьяўляецца сымбалем распаду і пыхі. Мы бачым агіднасьць беларускага існаваньня, глядзім на людзей такіх жа безаблічных, як польская рэчаіснасьць 1980‑х гадоў. Аднак пад гэтым хаваецца прыгажосьць культуры і літаратуры.

Калі шукаць пісьменьніка, блізкага Бабкову, то гэта, бадай, Юрый Андруховіч.
Гэты непакорны ўкраінец патрапіў паяднаць усходнюю стыхійнасьць з заходнім сплінам ХХ стагодзьдзя і зрабіў гэта віртуозна. Постмадэрновасьць аўтара «Маскавіяды» — гэта з аднаго боку вышуканая літаратурная гульня, з другога ж — развагі пра стан постсавецкага сьвету.

Гэтую ідэю падхапіў Бабкоў. У ягоных кнігах мы ня знойдзем лірычных адступленьняў пра аднастайнасьць і паўтаральнасьць сьвету. Ніякіх банальнасьцяў ці ўдаванай сур’ёзнасьці. І перадусім — ані каліва пісьменьніцкай позы, што прыводзіць да павярхоўных разважаньняў ці цыркавога прадстаўленьня. «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» — гэта перш за ўсё геніяльная прыпавесьць пра прамінулае і сьмерць у беларускіх дэкарацыях.

Бабкоў выразна пабудаваў кампазыцыю свае кнігі на постмадэрнісцкай схеме. Жыцьцё выдуманых герояў — такіх, як галоўны герой Адам Клакоцкі, — зьмешваецца зь біяграфіямі рэальных людзей, напрыклад, геніяльнага паэта Пауля Цэляна. Тым ня менш, сапраўднае майстэрства пісьменьніка хаваецца ў мове, якая захапляе эрудыцыяй. Мы знойдзем тут адсылкі да Міцкевіча, Дастаеўскага, Чэхава.

Апроч «моўных гавэндаў», у гэтай кнізе ёсьць кароткія трактаты з будыйскімі сюжэтамі, складзеныя як даніна павагі Ўладзіміру Шынкарову: гэты пісьменьнік дзівосна спалучаў Далёкі Ўсход з славянскім духам у «рэчы ў трох частках» «Максім і Фёдар».

Іншая справа, што ключоў, якімі можна расшыфраваць гэты твор, ёсьць прынамсі некалькі. Таму што яго можна чытаць як кабалістычную прыпавесьць альбо як гісторыю нязьдзейсьненага каханьня. Мяне найбольш закрануў аповед пра Менск. Ніхто не сфатаграфаваў лепей гэтага панурага гораду, дзе людзі мінаюць адно аднаго ў маўчаньні, безжыцьцёва, бо іхны сьвет разбураны. Няма палітыкі, няма сучаснасьці. Беларускі Менск — гэта горад‑прывід, поўны зданяў і ценяў мінулага. Гэта наўсуцэль літаратурны горад — існаваньне амаль немагчымае.

Аповеды Бабкова пра цені расчытае толькі той, хто нашмат больш адчувальны за заходнеэўрапейскіх пісьменьнікаў, якія ўжо знудзілі сваім нудзеньнем. Бабкоў ня нудны. І я спадзяюся, што ніколі такім ня будзе.

Пётар Кэмпіньскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0