На нарадзе з кіраўніцтвам Віцебскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка казаў такое, што немагчыма было пачуць зь ягоных вуснаў яшчэ некалькі ня тое што гадоў, а нават і месяцаў таму. Піша ў сваім блогу на радыё «Свабода» Юры Дракахруст.

«Мы павінны разьняволіць чалавека, лібэралізаваць нашае жыцьцё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека…

… Неабходна забясьпечыць прастору ў эканоміцы, каб людзі маглі больш апэратыўна і свабодна дзейнічаць, каб іх нічога ня стрымлівала … Абараняць правы людзей на годны заробак, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае — вось галоўная задача прэзыдэнта».

Што азначаюць гэтыя дзіўныя заявы? Ну, па‑першае, магчыма, што кіраўнік дзяржавы прыйшоў да высновы (сам ці з чыейсьці парады — няважна), што рыторыка часам больш важная, чым рэальныя справы, і можа нават замяняць іх.

Нельга зрабіць эканоміку вольнай, не пашырыўшы прастору свабоды чалавека, не абмежаваўшы магчымасьці дзяржавы ўплішчвацца ў справы сваіх грамадзянаў. Магчыма, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, прамаўляючы свой віцебскі маніфэст свабоды

Раздражненьне Захаду і айчыннай прагрэсіўнай грамадзкасьці выклікалі ня толькі і можа ня столькі справы (у якіх Лукашэнка зусім не самотны), а выразны пастсавецкі антураж рэжыму. Скажа ён, як ў свой час пры адкрыцьці Нацыянальнай бібліятэкі, што «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», дык адразу і на Захадзе і ва многіх ў Беларусі — адпаведная ідэалягічная стойка.

А навошта так дражніць? Вось расейскі калега Дзьмітры Мядзьведзеў кажа: «Свабода лепшая, чым несвабода», і хаця практычныя справы гаспадара Крамля не зусім, мякка кажучы, адпавядаюць гэтай максіме, ўсе ламаюць галаву наконт плянаў і намераў Мядзьведзева, а некаторыя і дагэтуль запісваюць яго ў лібэралы. Карысны досьвед, чаму б не скарыстаць?

Але, па‑другое, сказанае Лукашэнкам у Віцебску — неабавязкова толькі і выключна рыторыка. Напрыканцы кастрычніка кіраўнік дзяржавы паабяцаў істотную лібэралізацыю нацыянальнай эканомікі. Гледзячы па ўсім, гэтага вымагае і яе цяперашні стан, і гэтага ж патрабуе Эўропа. Магчыма, менавіта гэта, а не дэмакратызацыя, зьяўляюцца сапраўднымі чыньнікамі, якімі Эўропа абумоўлівае нармалізацыю адносінаў.

Аднак лібэралізацыя эканомікі вымагае і пэўнага пашырэньня грамадзянскіх (аднак не палітычных) свабодаў. Нельга зрабіць эканоміку вольнай, не пашырыўшы прастору свабоды чалавека, не абмежаваўшы магчымасьці дзяржавы ўплішчвацца ў справы сваіх грамадзянаў. Магчыма, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, прамаўляючы свой віцебскі маніфэст свабоды.

Дарэчы, такая мадэль — мінімум ці адсутнасьць палітычных свабодаў, але даволі шырокія грамадзянскія, асабістыя правы — не такая ўжо і рэдкасьць у сьвеце. Найбольш вядомы прыклад: Чылі часоў Піначэту, можна прыгадаць і досьвед Сынгапуру, Тайваню, у пэўным сэнсе — сучаснага Кітаю. Гэтая мадэль эканамічна даволі эфэктыўная, а палітычна — дастаткова стабільная. Па ідэі на пэўным этапе яна вядзе і да палітычнай лібэралізацыі, але не абавязкова вядзе і, як правіла, ня хутка.

Некаторыя камэнтатары кажуць наконт лібэралізацыйных крокаў і заяваў улады, што гэта, маўляў, падман і ня мае нічога агульнага з сапраўднай свабодай. Але гэта — спроба ўламіцца ў адчыненыя дзьверы. Пры аўтарытарнай сыстэме сапраўднай свабоды ня можа быць паводле вызначэньня. Пры аўтарытарнай сыстэме магчымая толькі ласка ўлады — яна можа ціснуць, а можа і ня ціснуць. Магчымае таксама будаўніцтва больш ці менш прыгожых «пацемкінскіх вёсак» , муляжоў свабоды.

Гэта брыдка і няшчыра? Ну пэўна ж так. Свабода і сапраўды лепшая за несвабоду. Але ж людзі жывуць у сваім жыцьці, а не ў гісторыі. Лепш, калі іх не саджаюць у турмы, лепш, калі газэты легальна выдаюцца ў краіне, а не дастаўляюцца і распаўсюджваюцца, як ленінская «Іскра». Да таго ж ласка — гэта пэўнае пары. А раптам наступствы яе будуць значна большымі, чым уяўляе сабе ўлада? У рэшце рэшт ласка з цягам часу можа і ператварыцца ў свабоду, па меншай меры, ў нешта такое, што неяк няёмка, немагчыма адабраць пры чарговай зьмене настрою.

што да свабоды, то трэба разумець, што яе заваяваньне – справа выключна свайго народу

Існуе, зразумела, і меркаваньне, што чым горш — тым лепш, што пачварны, непрыкрыты твар аўтарытарызму робіць сытуацыю маральна больш яснай, што ў такіх умовах народ хутчэй усьвядоміць сваё становішча і ўзьнімецца на «апошні і вырашальны бой», кажучы словамі «Інтэрнацыяналу». Ну а калі ня ўзьнімецца? Ну а калі ўзьнімецца, то чаго такі гвалтоўны пераварот будзе каштаваць грамадзтву?

А што да свабоды, то трэба разумець, што яе заваяваньне — справа выключна свайго народу. Бессэнсоўна папракаць замежнікаў тым, што яны з прычыны іх амаральнасьці і цынізму ня робяць беларусам такую «невялічкую» паслугу, як вызваленьне іх ад дыктатуры. Максымум, чаго могуць дамагчыся замежнікі ад рэжыму, гэта менавіта ласкі.

Англійскі кароль Ян Беззямельны падпісаў у 1215 годзе Вялікую Хартыю вольнасьцяў — першую ў сьвеце дэклярацыю правоў (праўда, толькі дваранства) не таму, што гэта было адным з 12‑ці ўмоваў тагачаснага Эўразьвязу. Не было тады ні Зьвязу, ні яго ўмоваў, а былі англійскія жа бароны, якія літаральна прыставілі манарху меч да горла: «Падпісвай, інакш…». Праўда, наступным годам кароль яе і скасаваў (гэта нічога не нагадвае?), аднак сеё‑тое зь яе выконвалася і Янам, і ягонымі нашчадкамі. Меч на горле — адчуваньне запамінальнае.

Некалькі соцень маладзёнаў на плошчы спараджаюць адчуваньні менш моцныя. Тады толькі і застаецца, што разьлічваць на ласку. І спадзявацца, што грамадзтва выйграе пары з уладай.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0