У сьвеце нашай прэсы адбылася падзея больш чым неардынарная. Улады нібыта вырашылі дазволіць «Народнай волі» друкавацца ў менскай друкарні і вярнуцца ў каталёгі «Белсаюздруку» і адпаведна — у газэтныя кіёскі. Апошняе — вяртаньне ў падпіску і дзяржаўны продаж — тычыцца і «Нашай Нiвы».

Прычына гэтай саступкі рэжыму відавочная. Паганая эканамічная сытуацыя ў краіне прымушае вышэйшае кіраўніцтва ісьці насустрач пажаданьням і парадам Эўраcаюзу, скіраваным на некаторую лібэралізацыю сытуацыі. Рэжым, які пачуваецца вельмі няўтульна ў палітычнай ізаляцыі, які разьлічвае на заходнія эканамічныя прэфэрэнцыі, вымушаны гуляцца ў пэўныя лібэральныя. А дакладней, у псэўдалібэральныя гульні. У выніку гэтых гульняў быў выпушчаны з‑за кратаў Казулін і яшчэ некалькі палітычных вязьняў. Цяпер вось нібыта жэст у бок свабоды слова.

Цікавая рэакцыя, якую выклікаў гэты жэст у некаторых нашых публіцыстаў з дэмакратычнага лягеру. Ірына Халіп дзеля засьцярогі ад магчымай празьмерна буйнай грамадзкай радасьці з нагоды прыкметаў пэўнай «дэмакратызацыі» і адкаркоўваньня шампанскага, заклікае «не сьпяшацца піць» і выстаўляе ўладам суворы і справядлівы рахунак:

Мо Лукашэнка грукнуў па стале і загадаў адкрыць усе тыя газэты, якія сам жа і закрываў праз суды?
Мо ён загадаў выплаціць іх выдаўцам страты?
Мо ён запатрабаваў ад усіх губэрнатараў, каб з заўтрашняга дня рэгіянальныя незалежныя газэты ляжалі ва ўсіх кіёсках, а паштары разносілі «Газету Слонімскую» у кожную сялянскую хату?
Мо ён прызнаў незаконнымі дзясяткі судовых прысудаў журналістам?
Мо ён загадаў расьсьледаваць нарэшце зьнікненьне Дзьмітрыя Завадзкага?
Мо ён дазволіў FM‑вяшчаньне «Эўрарадыё», «Рацыi», «Свабоды»?
Мо, ён зволіў урад за тое, што для прагляду «Белсату» трэба спэцыяльна купляць «талерку»?
Мо ён запатрабаваў ад «палаткі» заўтра ж прыняць новы закон аб друку, які дазволіць свабодна адкрываць новыя газэты?
Мо ён хаця б сабраў усіх журналістаў, якія засталіся беспрацоўнымі пасьля закрыцьця незалежных газэтаў і паў ніцма, просячы дараваньня, як гераіня Чурыкавай у «Шырлі‑мырлі»: «Даруй мне, Васечка, дурніцы грэшнай!»?..»
Гэты рахунак можна працягнуць. Напрыклад, так:
«Мо ён загадаў «Савецкай Беларусі» ператварыцца ў недзяржаўнае незалежнае выданьне, а Беларускаму тэлебачаньню заснаваць незалежныя каналы?»
«Мо ён загадаў уганараваць дзяржаўнымі прэміямі найлепшых публіцыстаў сайту «Хартыя‑97», «Народнай волі», «Нашай Нiвы»?

Памятаецца, у адным з выступаў Ірыны Халіп я прачытаў ляканічную характарыстыку: «Мы жывем ва ўмовах дыктатуры». Не ручаюся за абсалютную дакладнасьць, але сэнс перадаю.

Вось і хочацца запытаць калегу: «Калі гэта так (наконт дыктатуры, а гэта безумоўна так), то адкуль такі максымалізм? Адкуль гэтыя патрабаваньні «адчыніць усе зачыненыя газэты», «прыняць новы закон аб друку», адмяніць «незаконныя прысуды дзясяткам журналістаў» і г.д.?

У нас што — адбылася дэмакратычная рэвалюцыя? Зьмена ўлады?

Ды хто ж спрачаецца з тым, што заўтра ў кіёсках ізноў могуць застацца толькі «Японскія крыжаванкі»? Яшчэ як могуць!

Але ж ёсьць і рэальны факт! Рэжым адступіў. Саступіў. Назавіце гэта як хочаце. Але саступка навідавоку.

Можна кінуць дакор Эўрапейскаму Зьвязу, як гэта робіць Віталь Тарас на сайце nn.by, маўляў, камісары ЭЗ гатовыя да дыялёгу зь беларускім рэжымам «любой цаной», і не выказваюць асаблівай цікавасьці да «лёсу канкрэтных газэтаў».

Тым больш, што я асабіста заўсёды памятаю пра мюнхенскі (1938 году) трагічны досьвед, калі справа тычылася не асобных газэтаў, а цэлых краінаў, лёсаў Эўропы, сьвету. І, тым ня менш, патрабаваньне да Эўразьвязу выказваць асаблівы клопат лёсам «Народнай волі» альбо «Нашай Нiвы» уяўляецца сама менш дзіўным на тле тых аграмадных уласных праблемаў, якія мае сёньня Захад, і ўжо тым больш на тле абсалютнай абыякавасьці да лёсу гэтых газэтаў пераважнай большасьці беларускага грамадзтва (калі такое існуе).

І ўсё‑такі, пры ўсім нашым скепсісе адносна «гандлю», які вядзе Захад зь беларускім рэжымам, «вяртаньне» дзьвюх газэтаў — гэта ягоная, Захаду, заслуга, а не таго ж паўмітычнага беларускага грамадзтва. Гэта факт неаспрэчны.

Так, няма асаблівай нагоды таньчыць карманьёлу, біць у ладкі і чокацца шампанскім. Мы ведаем, у якой краіне жывем. Нельга забываць вершы Пастарнака, напісаныя ў 1956 годзе:

    И каждый день приносит тупо,
    Так что и вправду невтерпеж,
    Фотографические группы
    Одних свиноподобных рож.
    И культ злоречья и мещанства
    Еще по‑прежнему в чести,
    Так что стреляются от пьянства,
    Не в силах этого снести.

І ўсё такі…Можна, канечне, ацэньваць магчымае «вяртаньне» газэтаў зь нейкіх глябальна‑максымалісцкіх пазыцыяў. Але ёсьць яшчэ нармальная жыцейская пазыцыя, зьвязаныя з самім існаваньнем гэтых газэтаў.

Што — было б лепш, калі б «Народная воля» працягвала друкавацца ў Смаленску? Калі б наклад «неўпадабанага» чарговага нумару затрымлівалі на мытні ў Воршы і рэдактар ляцеў бы на машыне на выручку, як гэта было неаднойчы? Было б лепш, каб газэту працягвалі разносіць па дамох добраахвотнікі? Ці ўсё‑такі лепш, калі газэта будзе друкавацца ў менскай друкарні, знаходзіцца (разам з «Нашай Нiвай») у падпісных каталёгах і прадавацца ў кіёсках?

Чаму пра гэта не жадаюць казаць нашыя «глябалісты‑максымалісты»?

Напрыканцы ХIХ стагодзьдзя ў Расеі мела хаджэньне «тэорыя малых справаў». Яе ўвасабленьне бачылі ва ўладкаваньні земскіх школак і больніц. Радыкалы крытыкавалі пасьлядоўнікаў гэтай тэорыі. Цяпер высьвятляецца, што калі б лінія «маласпраўцаў» перамагла ў грамадзкім жыцьці, Расея ня трапіла б у крывавую бальшавіцкую мясарубку.

Не лічу «вяртаньне» (калі яно сапраўды адбудзецца) нават дзьвюх (ці ўсяго толькі дзьвюх) газэтаў «малой справай». Хаця і не перабольшваю гэтай падзеі. Гэта факт сёньняшняга жыцьця. Факт несумненна ўсьцешны, таму што на гэтыя газэты можна будзе падпісацца ў аддзяленьні сувязі, іх можна будзе набыць у кіёску. Самое іх існаваньне з паўлегальнага ператворыцца ў дастаткова легальнае.

Нарэшце, чаму б не падумаць пра людзей, якія робяць гэтыя газэты, пра самапачуваньне журналістаў і іх сем’яў, якія гадамі, што называецца, вісяць на валаску? І вось у іх зьяўляецца магчымасьць перавесьці дых…

Я пішу гэтыя радкі, а ў галаву лезе: «А калі ўмовы, на якіх павінна адбыцца «вяртаньне» газэтаў, стануцца для іх непрымальнымі? Напрыклад, кошт друку «Народнай волі» у дзяржаўнай друкарні ў Менску будзе такі, што выгадней будзе працягваць друкаваць газэту ў Смаленску? І «Белсаюздрук» за распаўсюд па падпісцы і продаж возьме столькі, што выгодней будзе па‑ранейшаму з дапамогай добраахвотнікаў разносіць сьвежыя нумары па дамах?»

Усё мажліва …І, нарэшце, калі ўсё гэта насамрэч будзе ўсяго толькі гульня здаравеннага кацяры зь дзьвюма напаўзадушанымі мышкамі?

Што тады?..

Бадай, нічога, акрамя яшчэ адной навукі.

Але вось, пакуль адольвалі сумневы, у Інтэрнэце зьявілася паведамленьне пра тое, што «Народная воля» падпісала адпаведныя дамовы зь «Беларускім Домам друку», «Белпоштай» і «Белсаюздрукам». Рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч, якога Ірына Халіп заклікае ня верыць «у добрую волю Лукашэнкі», паведаміў агенцыі БелаПАН, што на наступным тыдні «Народная воля» будзе прадавацца ў кіёсках «жалезна».

Хутка нам усім стане зразумела, ці такі наіўны Іосіф Паўлавіч, які ня менш за тры гады змагаўся за «вяртаньне» сваёй газэты.

(Зь нязначнымі скаротамі)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?