Ты любіш купляць каву, кніжкі, віно, кружэлкі. Бадай усё. Але ж, сам зьдзівіўся. Набываць іншае: гарэлку, маторны алей, бэнзын, сальнікі… Табе гэта нецікава. Вось яшчэ: лімоны, кальмары, якасны жытні хлеб, чорны шакаляд, твае смакі. Так, ты вельмі абмежаваны, але табе падабаецца быць разнастайным толькі тады, калі табе самому гэтага хочацца. Як, зрэшты, і ўсім астатнім.

Жывем бяз дубляў! Любая навала — рэчаў, адмоўных эмоцый, чужынскіх праўдаў выклікае супраціў. Ты абмяжоўваеш для сябе інфармацыйную навалу, адварочваецца ад непатрэбных раздражняльнікаў, ад чужой агрэсыі і гэтак далей, каб захавацца. Каб наколькі магчыма абараніць уласны статус кво… А зараз, добра, адпачні-снікерсні. Хаця, адпачынак, хутчэй, зьвязаны з тэкстамі і назіраньнем за жыцьцём, за навакольнымі пераменамі, за станамі надвор’я, пораў году, асабліва за дажджом, сьнегам таксама. З назіраньнем за вадой, якая сплывае за мяжу, на эўрапейскую свабоду.

Табе падабаюцца на вуліцы каты, жанчыны, прычым каты пагалоўна, касьцёлы, іншыя камяніцы з сапраўднымі пазнакамі дойлідзтва, падабаецца стары брук, каваныя брамы, падабаецца цыфэрблат на званіцы і ветранікі-анёлы над ім ў паветры. Па-ранейшаму ня менш падабаецца гарадзкі Бог, што сагнуўся пад крыжам. Напэўна, па-свойму шчасьлівыя людзі, якія пісаюць кіпнем, бачачы, напрыклад, аўтамашыну, нейкую фару новую. Ім гэтак проста абрадавацца, іх элемэнтарна можна ашчасьлівіць.

Заўважаеш за сабой пэўны кансэрватызм, зрэшты, які існаваў заўжды: тэлефон — каб званіць, фотаапарат — каб фатаграфаваць, вёслы — каб веславаць. Ты ня кінаСігал з друхла вырабляць цукерку, якая абавязкова выбухне да шваху бэдбояў… Непрыемна зьдзіўляе, што ў кішэнях у суседзяў, калі некуды едзеш, нешта выбухае какафоніяй. Магчыма, яны адчуваюць сябе заўжды часткай натоўпу, але сьціш гук зараз, паразіт! Агрэсыя сталічнага яшчыка або ненаўмысная — уладальніка кішэннага тэлефончыка… Ён таксама навучыўся мянціць языком, не зважаючы на іншых. Якім няма чаго сказаць, разумнага ў сэнсе, іх ня спыніш, прычым асаблівая асалода, хай неўсьвядомленая, каб перашкаджаць іншым.

Што зробіш, ты досыць старамодны і калі канфідэнцыйнасьць размоў увогуле ад цябе не залежыць (работа ў іх такая!), табе ўсё ж хочацца, каб чалавек на вуліцы размаўляў з тым, з кім на сувязі, а не вымушаў слухаць цябе. Бо, на жаль, ты не пачуеш ад яго нічога вартага, нават калі нагадаеш сабе пра свае схільнасьці да прозы. Не, гэта зусім ня тое, што Чорны хадзіў калісьці на рынак, дзе цяпер опэрны, каб паслухаць вясковай мовы.

Што да тэхнікі, табе па-ранейшаму падабаюцца пішучыя машынкі, ручныя млыны для кавы, “харлі-дэвідсаны” і, у пэўным сэнсе, самалёты. Сэнт-Экзюпэры можна зразумець. Ты гадаваўся змалку, з першых сваіх дзён пад гуд палётаў. Да канца школы. І потым, калі бываў у бацькоў, асабліва на летніх вакацыях. Якія панавалі часы! Апошнія высілкі славэтнай халоднай вайны. Порах замест каўбасы! Вайсковыя самалёты раўлі дзень-ноч, пад вокнамі вазілі туды-сюды пражэктары для начных палётаў, што адбываліся за некалькі соцень мэтраў ад дому. Адбываліся без ніякіх выходных (мы вам пакажам кузькіну маць!), ажно пакуль нашая дарагая Абрэвіятура не падохла ад перанапружаньня напаўгалоднай сьмерцю. Што праўда, перакрочыўшы за “1984”, ці перапоўзшы.

Цяпер яна — гэта зацалаваная мумія ў маўзалеі для айцоў распублікі тваёй. А “1984” — эталён, як у савецкія часы 1913-ы. А што ты? А ты нічога, ты не паэта, крый Божа, не вяшчун, ты ня вучыш: хто вінаваты, чаму, што рабіць і як жыць надалей. Ты толькі можаш сказаць за сябе. Табе падабаюцца ў гэтым сэнсе сьпеўныя “адкрыцьці і прызнаньні” Макафэрці: Keyhole Pete was a keen watcher, had a telephoto lens in each eye, Jack the Ripper was a cool stalker, but his birds no longer fly, James Joyce was a mudslinger, Jesus Christ was a forgiver, me, I’m just a rock n’roll singer! Занадта, можа, мудрагеліста месцамі, але галоўнае: ён — гэта ён.

Жыцьцё ня можа ператварацца ў тэлевізар: за дзень-два, калі глядзець запар, можна здурнець бадай. Прынамсі галава зробіцца як Дом саветаў, дый вочы шкадаваць варта. Кожнага разу, на кожным кроку, у кожнай сытуацыі мусіш выбіраць: набыць ці не, адкрыць рот ці не, зрабіць крок ці ўстрымацца, прайсьці дзеля шпацыру на Стары-новы мост ці на набярэжную, часам да Каложы, ці бліжэй — толькі да замка ці зусім да танка. Усяежнасьць? Сьпірытусовы кактэйль Молатава? На халеру?!

З часам мы абмяжоўваемся ў адным, карыстаемся шорамі, але робім рэкагнасцыроўку мясцовасьці, карыстаючыся стэрэатрубой вайсковага ўзору, чым далей, мы глядзім глыбей, шырокімі вачыма, але праз шчыліны, адтуліны для вачэй, з рыцарскага шлема, знутры бронемашыны, праз замкавую стральніцу, праз амбразуру. За намі тым часам таксама назіраюць скрозь адтуліну для ключа, прынамсі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?