Моладзевая ініцыятыва «Вока» пайшла далей за значкі з заклікам гаварыць па-свойму. Тым, хто ня супраць авалодаць беларускай, яна прапаноўвае пакрокавую інструкцыю і псыхалягічную дапамогу. Піша Адэля Дубавец на naviny.by.

На малюнку, які аздабляе вокладку падручніка па хуткім засваенні роднай мовы, — беларуская моладзь, стылізаваная пад герояў амерыканскага анімацыйнага серыялу «South Park» — «Мы такія розныя — мы размаўляем па-беларуску».

Сама кніга па механізме магчымага ўздзеяння нагадвае практычную псіхалогію Дэйла Карнэгі, або папулярны твор Алена Кара «Лёгкі спосаб кінуць паліць». Паводле аўтараў беларускага падручніка, авалоданне роднай мовай гэта таксама справа псіхалагічнай моцы і перамогі асабістых комплексаў. Маўляў, разняволься — і балбачы па-беларуску.

Апроч парадаў па самавыхаванні і паводзінах у сяброўскіх кампаніях, на працы і ў грамадскіх месцах, падручнік прапаноўвае для знаёмства беларускамоўныя рэсурсы, дзе можна уволю шукаць музыку, літаратуру і навіны на роднай мове.

Першапачаткова чытач павінен вызначыцца, які ўзровень карыстання беларускай яму пад сілу зараз засвоіць. Аўтары даюць магчымасць выбіраць з чатырох «праграм»:

1. Максімум. «Я размаўляю па-беларуску». Ты заўсёды гаворыш па-беларуску, акрамя аднаго выпадку: калі суразмоўцу цяжка разумець беларускую мову.

2. Пачцівы. «Я адказваю беларускай мовай». Ты размаўляеш па-беларуску з усімі, хто да цябе звяртаецца па-беларуску. А таксама пішаш паведамленні ў інтэрнэце беларускай мовай (вядзеш ЖЧ, блогі па-беларуску).

3. Сімпатык. «Я сімпатызую беларускай мове». Ты размаўляеш на расейскай, Але сімпатызуеш беларускай. Спрабуеш стварыць сабе беларускамоўнае асяроддзе. Заахвочваеш сваіх дзяцей вывучаць беларускую мову.

4. Мінімум. «Я паважаю права чалавека гаварыць сваёй мовай». Ты ставішся з разуменнем да чалавека, які размаўляе па-беларуску.

«74,5% грамадзян 10-мільённай Беларусі лічыць роднай беларускую мову, — ў кнізе прыводзяцца вынікі апошняга перапісу насельніцтва. — Нягледзячы на гэта, па дадзеных маніторынгу лінгвістычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта, беларуская мова сёння зведвае пэўныя цяжкасці: яна амаль выключаная са справаводства і з ужывання дзяржаўным чыноўніцтвам».

Разумеючы і наяўныя праблемы элементарнага страху вылучацца з натоўпу ды невалодання лексікай ды граматыкай, аўтары раяць: «Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо Яна нашая, і нам яе даў Бог».

На заканчэнне ў кнізе прыводзяцца шматлікія прыватныя гісторыі вядомых і невядомых у Беларусі людзей, а таксама ананімныя расповеды з інтэрнэту «Як я перайшоў на родную мову». У гэтых гісторыях паўстаюць і сваркі, і непаразуменні, і каханне на хвалі агульнага патрытычнага абуджэння.

Ян Маўзер, вакаліст магілёўскага гурта «Маўзер», распавядае тут пра тое, як пасварыўся з дзяўчынай, якая ненавідзела беларускую мову: «Яна заплакала й пабегла дадому. Потым тэлефанавала прасіць прабачэньня — я размаўляў зь ёй па-беларуску».

Нехта з тых, чые гісторыі надрукаваны ў кнізе, дзеліцца ўражаннямі ад размоў з украінцамі, калі рабілася сорамна за ўласную несвядомасць і расейскамоўнасць. Нехта на хвалі гэтай жа несвядомасці падхапіў ініцыятыву іншых.

Валанцёры са стужкамі і значкамі «Надоело говорить? Размаўляй!» будуць раздаваць падручнік на вуліцах, у школах і ўніверсітэтах. Цяпер у зацікаўленых ёсць магчымасць спампаваць яго электронную версію ў фармаце pdf.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?