Новая праца гарадзенскіх гісторыкаў Сяргея Токця і Андрэя Вашкевіча выйшла ў серыі «Гарадзенская бібліятэка», заснаванай Рухам за Свабоду. «Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. Пётр Сяўрук. Небыцця не існуе» — трэцяя кніга серыі. Яна прысвечана беларускаму нацыянальнаму і грамадскаму руху ў 1920-х.

Пётр Сяўрук быў актыўным чалавекам. Яму давялося жыць у пераломным моманце гісторыі, у час падзення Расейскай імперыі і нараджэння палітычных патрабаванняў народу, эліты якога зусім нядаўна марылі толькі аб тым, каб «людзьмі звацца». Пайшоўшы з гэтага свету ў 24 гады, Сяўрук тым ня менш пакінуў багатую рукапісную спадчыну, якая дазваляе зразумець гістарычныя падзеі той складанай і гераічнай эпохі ў гісторыі беларускага народу.

Некаторыя заўвагі Пётра Сяўрука наконт беларускіх элітаў і беларусаў у цэлым, напісаныя ў сярэдзіне дваццатых гадоў, актуальныя па сёння.

Правадыры беларускага руху, пісаў Сяўрук, вядуць за сабой не еўрапейскі народ, а масу, якая можа толькі стаць народам. Што змянілася ад таго часу? А эліты — пісаў Сяўрук — у асноўным займаліся сабою, заблыталіся ў сварках, высвятленні асабістых крыўдаў і прапагандаванні поспехаў, якія ў сапраўднасці служылі чужым інтарэсам.
Правадыры ніколі ў нас не будавалі нацыянальнай супольнасці, не вызначалі стратэгічных мэтаў, не стварылі, узорам суседніх народаў, нацыянальнай міфалогіі, сваімі паводзінамі вялі да разгубленасці грамадства і замацоўвання ўсялякіх праяваў тутэйшасці.

Запрашаем на прэзентацыю кнігі «Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. Пётр Сяўрук. Небыцця не існуе» з удзелам аўтараў Сяргея Токця і Андрэя Вашкевіча, доктара гісторыі з Беластоку Яўгена Мірановіча і пляменніка Пятра Сеўрука – пісьменніка Міколы Дзелянкоўскага.

Пачатак прэзентацыі:

чацвер, 27 лістапада, 18.30 па адрасе: Гродна, Будзённага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы).

Уваход вольны, запрашаем!

Падрабязней пра кнігу на http://kamunikat.org/knihi.html?pubid=9623

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?