Нагадаем, падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 28 верасня, было выбрана 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі ў новы склад ніжняй палаты парламента не прайшоў.
"Неабходны далейшыя сур'ёзныя намаганні, калі Беларусь шчыра жадае правесці сумленныя дэмакратычныя выбары ў адпаведнасці з яе абавязацельствамі ў АБСЕ", — падкрэсліваецца ў дакладзе.
У прыватнасці, лічаць прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасці для "сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў".
У той жа час, зазначаюць эксперты, на гэтых выбарах было "значна палепшана" супрацоўніцтва беларускіх уладаў з членамі місіі БДІПЧ АБСЕ.
"Гэта магло б стаць асновай для блізкага дыялогу пасля выбараў, каб абмеркаваць выкананне найважнейшых стандартаў АБСЕ,якія могуць істотна садзейнічаць набліжэнню выбарчага працэсу ў Беларусі да стандартаў АБСЕ", — зазначаецца ў дакладзе.
У якасці прыкладу "пазітыўных крокаў", якія былі зроблены ўладамі Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў, у справаздачы прыводзіцца ўключэнне ў некаторыя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, паўтор пяціхвілінных перадвыбарных ролікаў кандыдатаў па тэлебачанні і радыё, а таксама рэкамендацыя Цэнтрвыбаркама "запячатваць на ноч скрыні з бюлетэнямі на перыяд датэрміновага галасавання".
Аднак, падкрэсліваюць эксперты, беларускае заканадаўства па-ранейшаму "перашкаджае правядзенню выбараў" у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.
Эксперты зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрынь з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня".
У дакладзе гаворыцца, што палітычныя партыі адыгрывалі "нязначную ролю" на выбарах."Стратэгіяй большасці кандыдатаў было пазіцыянаванне сябе як беспартыйных, асабліва сярод прадстаўнікоў апазіцыі, каб павялічыць шансы на рэгістрацыю", — зазначаецца ў дакладзе.
Большасць апазіцыйных кандыдатаў мелі магчымасць зарэгістравацца і "ніякія кандыдаты не былі выкраслены са спіса", але многім было адмоўлена ў рэгістрацыі "з-за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў", падкрэсліваецца ў дакладзе.
Акрамя таго, абмежаванні з боку дзяржаўных органаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да "мінімуму месцаў для сустрэч, фінансавання кампаніі і доступу да СМІ".
На думку экспертаў місіі, усё гэта "стварае магчымасці для фальсіфікацый".