"Як табе, сябра Дзьмітры, папраўкі да Канстытуцыі?" Падчас візыту прэзыдэнта Расеі ў Каракас.
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс заявіў, што будзе зноў дабівацца зьменаў у канстытуцыю, якія дазволілі б яму зноў балятавацца на пасаду лідэра краіны.
Чавэс заявіў сваім прыхільнікам на мітынгу ў Каракасе, што пытаньне пра адмену колькасьці тэрмінаў, якія адзін і той жа чалавек можа знаходзіцца на прэзыдэнцкай пасадзе, павінна быць зноў вынесена на рэфэрэндум.
Сёньняшні прэзыдэнт Вэнэсуэлы упершыню заняў пасаду ў 1998 г. Паводле закону, ён павінен пакінуць прэзыдэнцкі фатэль у 2012 г., калі скончыцца яго чарговы тэрмін.
У мінулым сьнежні ў краіне прайшоў рэфэрэндум, на якім выбарцы адкінулі прапанову найлепшага сябры беларускага лідэра (дарэчы, Чавэс толькі на месяц і дыва старэйшы за Лукашэнку) адмяніць гэтыя абмежаваньні. Пры гэтым праціўнікі зьменаў у канстытуцыю атрымалі перамогу зь нязначнай перавагай.
«Летась, калі мы прайгралі рэфэрэндум, я сказаў, што павінен падпарадкавацца рашэньню большасьці. Але зараз, калі ясна бачу вялікую пагрозу, якая сыходзіць ад гэтых фашыстаў … я кажу, вы мелі рацыю, Чавэс ня сыйдзе», ‑‑ сказаў прэзыдэнт Вэнэсуэлы.
«Я гатовы, і калі здароўе дазволіць, з боскай дапамогай я буду з вамі да 2019 ці 2021 году», — працягнуў Чавэс.
Прадстаўнікі апазыцыі сьцьвярджаюць, што адно і тое пытаньне ня можа выносіцца на рэфэрэндум двойчы.
Эканамічныя праблемы
Як перадае карэспандэнт Бі‑Бі‑Сі ў Каракасе, Чавэс, магчыма, знойдзе спосаб абысьці гэта абмежаваньне. Рэч у тым, што на сьнежанскі рэфэрэндум выносіўся цэлы пакет канстытуцыйных зьменаў, адна зь якіх прапаноўвала адмену абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
У выпадку калі плебісцыт адбудзецца,
на яго можа фармальна быць вынесена толькі адно пытаньне.
Няясна, ці зможа Чавэс перамагчы. Мяркуючы па сацапытаньнях, прэзыдэнта падтрымліваюць усё яшчэ болей за 50% насельніцтва, але апошнім часам апазыцыя значна умацавала свае пазыцыі.
На мясцовых выбарах, што прайшлі нядаўна, партыя Чавэса згубіла ўплыў у многіх рэгіёнах краіны, у тым ліку і Каракасе.
Аглядальнікі таксама адзначаюць, што ўраду стала усё цяжэй змагацца з інфляцыяй, гадавыя паказчыкі якой сягаюць да 36%, яму таксама ня ў сілах даць рады злачыннасьці і спыніць развал інфраструктуры.