Выступ віцэ‑прэм’ера Андрэя Кабякова перад дэпутатамі.

Эканамічныя пагрозы ў сувязі з сусветным фінансавым крызісам для Беларусі будуць мінімальныя. Аб гэтым заявіў віцэ‑прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы ў палаце прадстаўнікоў нацыянальнага сходу.

Чаму? Бо Беларусь «не абцяжарыла сябе высокім замежным доўгам» і не пусціла ў эканоміку спекуляцыйны капітал. Разам з тым, дадаў віцэ‑прэм’ер, «Беларусі не ўдасца поўнасцю адысці ад уплыву сусветнага фінансавага крызісу».

«Калі чытаеш аб тым, што ва Украіне прыпынілі сваю работу 17 з 35 доменных печаў у галоўнай галіне краіны — металургіі, як «пасыпаліся» вытворчасці на сусветных аўтагігантах, востра разумееш, што пазбегнуць уплыву крызісу не ўдасца нікому, у тым ліку і Беларусі», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Ён таксама паведаміў, што для далейшай рэалізацыі праграмы развіцця малых гарадоў можа быць аказана дадатковая нарматыўна‑прававая падтрымка. Гаворка пра тое, што стан многіх прадпрыемстваў у малых гарадах плачэўны, а крызіс можа іх дабіць зусім.

Аб’ём прамых замежных інвестыцый, якія паступілі ў Беларусь у студзені‑верасні бягучага года, склаў $1,9 млрд.,
або 35,8 працэнта ад агульнага аб’ёму паступленняў замежных інвестыцый за 9 месяцаў ($5,2 млрд.).

Паводле слоў Андрэй Кабякова, да канца года Беларусь захавае высокую інвестыцыйную актыўнасць:

тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал будзе не меншы як 120 працэнтаў пры зацверджаным прагнозе 115‑117 працэнтаў.

Ён нагадаў, што нядаўна ў Лондане прайшоў Беларускі інвестыцыйны форум. «Яго правядзенне дало магчымасць паказаць шырокаму колу патэнцыяльных інвестараў нашу эканоміку, сацыяльна‑эканамічную палітыку, новыя інвестыцыйныя магчымасці вядзення бізнесу ў Беларусі. Рэакцыя заходніх дзелавых колаў дае ўпэўненасць у тым, што форум стаў сур’ёзным крокам у павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны і ўжо ў бліжэйшы час выявіцца ў выглядзе дадатковага прытоку замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Урад Беларусі ўзмацніў патрабаванні да павелічэння экспарту паслуг, паведаміў Андрэй Кабякоў.

«Урад рэзка ўзмацніў патрабаванні па развіццю магчымасцей экспарту розных відаў паслуг. Асаблівыя надзеі мы ўскладаем на больш поўнае выкарыстанне транзітнага патэнцыялу краіны», — сказаў Андрэй Кабякоў. У гэтых мэтах распрацаваны спецыяльныя праграмы, якія прадугледжваюць будаўніцтва 53 лагістычных цэнтраў.

Ад’емнае сальда замежнагандлёвага балянсу расьце, хоць і паволі. За студзень‑верасень 2008 года экспарт тавараў і паслуг павялічыўся на 53,9 працэнта, імпарт — на 54 працэнты.

Адмоўнае сальда знешняга гандлю склалася на ўзроўні $2544 млн., што на $888 млн. вышэй у параўнанні са студзенем‑вераснем 2007 года.

«Мы ўжо сутыкнуліся з фактам рэзкага паніжэння цэн на беларускія тавары, якія з’яўляюцца важнейшымі экспартнымі пазіцыямі, асабліва гэта датычыцца прадукцыі хімічнай, нафтахімічнай прамысловасці, машынабудавання. Акрамя таго, зафіксавана замаруджванне абароту сродкаў па знешнегандлёвых аперацыях, што істотна павышае патрэбнасці ў крэдытаванні», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што міністэрствы і канцэрны Беларусі прымаюць неабходныя меры па мінімізацыі негатыўных праяў сусветнага фінансавага крызісу.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што цяпер асабліва ўзрастае неабароненасць вытворцаў спажывецкіх тавараў, калі попыт на іх прадукцыю на знешніх рынках пачынае зніжацца. У гэтым выпадку адміністрацыйная абарона айчынных таваравытворцаў становіцца меншая. Таму падтрымка будзе ажыццяўляцца за кошт удасканалення нарматыўна‑прававой базы, падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён сказаў, што 2008 год будзе завершаны з выкананнем у поўным аб’ёме прагнозных паказчыкаў па вытворчасці спажывецкіх тавараў.

Забарона авансавых плацяжоў па імпарце ў Беларусі захаваецца,
заявіў віцэ‑прэм’ер Андрэй Кабякоў.

Ён прызнаў, што ў сувязі з гэтым імпарцёрам «працуецца цяжка, але ў нас эканоміка так пабудавана».

Андрэй Кабякоў нагадаў, што раней беларускія экспартныя тавары пастаўляліся на ўмовах перадаплаты за 2‑3 месяцы. Але цяпер, на жаль, наадварот, па іх ідуць адтэрміноўкі плацяжоў на 2‑3 месяцы. «Таму калі мы па свайму экспарту будзем даваць адтэрміноўкі, а па імпарту ўсіх авансаваць, то ў дзяржавы на гэта сродкаў не хопіць», — падкрэсліў віцэ‑прэм’ер.

Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2008 года складзе 14‑14,5 працэнта,
паведаміў віцэ‑прэм’ер. Ён нагадаў, што па выніках 10 месяцаў інфляцыя ў Беларусі склала 10,5 працэнта (або 1 працэнт у сярэднім у месяц).

Гэта трохі менш, чым ва Ўкраіне, але трохі болей, чым у Расеі.

Намеснік прэм’ер‑міністра Беларусі Андрэй Кабякоў лічыць своечасовай падтрымку банкаўскай сістэме краіны, вылучаную ў аб’ёме $1,5 млрд.

Нагадаем, што

прынята рашэнне аб павелічэнні статутных фондаў беларускіх дзяржбанкаў за кошт сродкаў бюджэту ў снежні на $1,5 млрд.,
што выклікана неабходнасцю ўмацавання банкаўскай сістэмы Беларусі з улікам сітуацыі на знешніх рынках.

«Нядаўна мы атрымалі першую частку расійскага крэдыту на суму $1 млрд., і

ёсць перспектыва, што ў лютым атрымаем яшчэ $1 млрд.», — сказаў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён не выключыў верагоднасці таго, што гэтыя рэсурсы могуць быць атрыманы ў эквіваленце расійскіх рублёў.
«Гэта не так важна, у якой валюце атрымаць рэсурсы, мы гэта прадметна будзем абмяркоўваць да ўстаноўленага тэрміну атрымання крэдыту», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Першы транш стабілізацыйнага крэдыту ад Расійскай Федэрацыі ў памеры $1 млрд. паступіў на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку Беларусі 18 лістапада. Грашовыя сродкі пералічаны ў адпаведнасці з заключаным пагадненнем паміж Беларуссю і Расіяй, якое падпісалі віцэ‑прэм’ер — міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын і міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Паміж дзвюма краінамі дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры $2 млрд. у 2008‑2009 гадах.

Бакі абмяркуюць канкрэтныя дзеянні і дакументы, якія неабходна падпісаць з мэтай рэалізацыі прапаноў расійскага боку аб наданні расійскаму рублю статусу рэгіянальнай валюты, а таксама аб пераходзе ў максімальнай ступені ва ўзаемаразліках і гандлі паміж Беларуссю і Расіяй на расійскі рубель.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, беларускі бок падтрымлівае гэтыя прапановы Расіі. «Але для таго, каб гэтыя разлікі ажыццяўляліся, патрэбны пэўныя аб’ёмы расійскіх рублёў. Гэта з’яўляецца прадметам перагавораў. Мы разлічваем, што ў бліжэйшы час іх правядзём», — сказаў віцэ‑прэм’ер.

Таксама Андрэй Кабякоў высока ацэньвае шансы на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду. «Я думаю, што магчымасць атрымання крэдыту існуе і яна даволі высокая», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?