Усё часьцей у публічных месцах можна пабачыць, як людзі, што нейкі час нармальна гутарылі, раптоўна прыкладаюць руку да вуснаў і нахіляюцца да вуха суразмоўцы.
Апошнім часам беларусы прыглушаюць голас, калі хочуць нешта сказаць важкае. Гэта вярнулася ў краіну разам з савецкай спадчынай. Разам з чуткамі‑плёткамі, гутаркамі на кухні, недагаворкамі.

Ужо не чуваць голасных спрэчак у публічных месцах – у аўтобусах, на прыпынках, у чэргах. Гавораць пра знаёмых, надвор’е, здароўе. Пра дактароў таксама гавораць прыглушана – раптам побач які доктар. Калі ж гамонка тычыцца нечага... Аглядаюцца па бакох, прыглушаюць голас. Гэтае вечнае беларускае шаптаньне заўважаюць і замежнікі.

Пачуўшы беларускую мову, твае знаёмыя счакаюць, пакуль побач нікога ня будзе, і, прыцішыўшы голас, паведамяць, што таксама галасавалі за Мілінкевіча, Пазьняка, Пяцёрку +…, што некалі чыталі «Народную волю», чулі «Свабоду» ці глядзелі ў знаёмых «Белсат».

Шэптам табе па шчырасьці прызнаецца чыноўнік, што ён таксама за мову і каб «гэты маразм скончыўся».

Просты люд напаўголасу пляткарыць пра начальства. Начальства – пра дурны народ, што пасьля дэкрэтаў строчыць скаргі і турбуе рознай лухтою. Старшыня ўчастковай камісіі ціха пажаліцца другому – во, выбары прайшлі, і ўжо ўсе пра нас забыліся…

Усе зразумелі, што публічныя выказваньні могуць прывесьці да скасаваньня кантрактаў, пераводу на горшае месца, трапляньня дзяцей у чорны сьпіс. Але ж карціць выгаварыцца, чэшацца язык. Як у тым купэ з выпадковым чалавекам.

Трэба толькі нахіліцца бліжэй, каб ніхто чужы не пачуў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?