4 чэрвеня ў польскім Уроцлаве былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч атрымаў прэстыжную ўзнагароду імя шматгадовага дырэктара польскай службы Радыё Свабодная Эўропа Яна Новака-Езёраньскага. Узнагарода ўручаецца трэці раз - яе папярэднімі ляўрэатамі былі былы прэм’ер-міністар Польшчы Тадэвуш Мазавеці і былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш старэйшы.

Узнагароду імя Яна Новака-Езёраньскага ўручаюць 4 чэрвеня - у дзень, калі ў Польшчы адбыліся першыя часткова вольныя выбары, у якіх прадстаўнікі «Салідарнасьці» атрымалі рашучую перамогу - гэты дзень лічыцца днём падзеньня камунізму ў Польшчы.

Анджэй Дамброўскі - страшыня Калегіюму ўсходняй Эўропы, аднаго з галоўных заснавальнікаў узнагароды, сказаў нашаму радыё, што гэтая ўзнагарода перадусім - для незалежнай і вольнай Беларусі.

(Дамброўскі: ) «Прафэсар Станіслаў Шушкевіч - гэта сымбалічная постаць для нашай часткі Эўропы. Гэта ён, разам з прэзыдэнтамі Расеі і Украіны, падпісаў дамўленасьць аб спыненьні існаваньня Савецкага Саюзу. Ляўраты нашай узнагароды - гэта сымбалічныя асобы. Тадэвуш Мазавецкі быў першым некамуністычным прэм’ерам ва ўсходняй Эўропе, а Джордж Буш старэйшы зрабіў вялізны ўнёсак у вызваленьне Польшчы ад камунізму. Спадар Шушкевіч будаваў незалежную Беларусь, а калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, стаў да яго ў апазыцыю і працягвае працаваць на карысьць дэмакратычнай Беларусі. Ён - заслужаны чалавек, але гэтая ўнагарода перадусім для беларусаў, для незалежнай і вольнай Беларусі»

У цырымоніі ўручэньня ўзнагароды імя Ян Новака-Езёраньскага бралі ўдзел вядомыя польскія палітычныя і грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі ўраду, дыпляматы, госьці зь Беларусі.

Станіслаў Шушкеівч сказаў, што вельмі цешыцца, што ягоную дзейнасьць так высока ацанілі.

(Шушкевіч: ) «Я бачу шмат інтэлігенцыі, якая разумее, што робіцца цяпер у нашай краіне і што гэта наша агульная справа - пазбавіцца ад апошняй дыктатуры ў Эўропе».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0