Гандбольная жаночая зборная Беларусі бліскуча пачала чэмпіянат Эўропы, што праходзіць у Македоніі. Першым супернікам нашых дзяўчат былі чвэрцьфіналісткі нядаўняй Алімпіяды — швэдкі.

Здаецца ў тое, што беларускі змогуць аказаць годны супраціў скандынаўкам амаль ніхто ня верыў. Асноўная стаўка будзе рабіцца на заключны матч групавога этапу з роўнымі па сілах аўстрыйкамі.

Варта таксама адзначыць, што праз траўмы, хваробы і дэкрэтныя адпачынкі зборная не далічылася цэлага шэрага вядучых гандбалістак. Першынства прапусьцяць Бай, Майлычка, Кулік, Кандрацьева, Масюк, Сухамірава. Толькі чацьвёра дзяўчат мелі досьвед выступленьня на папярэдніх топ‑турнірах.

Першы тайм быў правалены ў чыстую.
Пасьля кідкоў нашых мяч упарта адмаўляўся ісьці ў швэдзкую браму. На дванаццатай хвіліне рэалізацыя кідкоў нашых складала няшчасных 25%. Не сказаць, што скандынаўкі прапанавалі нашым нешта звышнатуральнае, але яны забівалі ўсё ж часьцей.

У першым тайме ключык да брамаў швэдак змагла знайсьці толькі Інга Гайжуцітэ, якая закінула пяць зь сямі даантрактных галоў беларусак. Вынік першага тайму не пакідаў асаблівых спадзеваў — 13:7 на карысьць жоўта‑сініх.

Затое з пачаткам другой паловы гульні спрацавала гарадзенская зьвязка Платановіч — Бобрык, намаганьнямі якіх атрымалася закінуць пяць мячоў запар.

У сярэдзіне другога тайму нашы нарэшце змаглі зраўняць лік, а за шэсьць хвілін да фінальнай сырэны нават выйсьці наперад. Найлепшай у гэтыя хвіліны на пляцоўцы была наша варатар Алена Абрамовіч, а таксама Алеся Курчанкова, на рахунку якой шэсьць трапных кідкоў (найлепшы вынік у зборнай).

На апошняй хвіліне, пры роўным ліку, мячоў валодалі швэдкі, але змаглі забіць. На атаку ў беларусак заставалася больш за дзесятак сэкунд, але нашы нават не паспрабавалі кінуць. Канчатковы вынік — 21:21.

***

Увечары зборная Расеі перамагла Аўстрыю - 31:22

Турнірнае становішча Расея - 2, Беларусь, Швэцыя - 1, Аўстрыя - 0.

У групе "D" Харватыя перамагла Сэрбію - 30:26, а Нямеччына - Македонію - 25:22.

***

У чацьвер беларускі згуляюць са зборнай Расеі, а ў суботу – з Аўстрыяй.

Прамыя трансьляцыі на канале "Лад" у 21:10.

У наступным этап выходзяць тры каманды з групы, якія згуляюць потым з трыма найлепшымі камандамі групы "D" (там гуляюць зборныя Нямеччыны, Сэрбіі, Харватыі і гаспадыняў чэмпіянату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?