Прэзентаваная ініцыятыва Еўрасаюзу "Ўсходняе партнёрства", прапанаваная шасці краінам Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі. Ці наважыцца ўрад на еўрарамонт у агульнанацыянальных маштабах?

Стабільнасць, чарка ды скварка, разумны кіраўнік — гэта тыя кіты, на якіх які ўжо год трымаецца ідэалогія рэжыму. Здавалася б, тут ніхто не можа канкураваць з Аляксандрам Лукашэнкам. І вось — сэнсацыя: Еўрасаюз прапануе беларусам практычна тое самае, што і «апошні дыктатар Еўропы». «Стабільнасць, дабрабыт ды эфэктыўнае кіраванне», — вось што мае атрымаць Беларусь, далучыўшыся да палітыкі Ўсходняга партнёрства, новай ініцыятывы Еўрасаюзу.

3 снежня ў Брусэлі адбылася сумесная прэс-канферэнцыя Старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу ды Камісара Еўрасаюзу ў пытаннях вонкавых дачыненняў і еўрапейскай палітыкі суседства Беніты Фэрэра-Вальднэр.

Фактычна, гэта была ўрачыстая прапанова рукі ды сэрца шасці еўрапейскім краінам, якія дагэтуль знаходзяцца ў падвешаным стане паміж аб’яднанай Еўропай ды аўтарытарнай Расіяй. Праўда, кіраўніцтва ЕС пакуль гатовае толькі да «грамадзянскага шлюбу», а вось «штампу ў пашпарце» не гарантуе.
Жазэ Мануэль Барозу адназначна заявіў на прэс-канферэнцыі: палітыка Ўсходняга партнёрства — гэта максімум таго, што мы можам паабяцаць сёння Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Пра сяброўства ў ЕС для гэтых краінаў гаворкі пакуль няма. Для Ўкраіны гэта — вялікае расчараваньне, а вось для Беларусі нават такая прапанова — сапраўдны прарыў на міжнародным фронце. Калі яшчэ колькі дзён таму формула палітыкі Ўсходняга партнёрства мела выгляд 5 +/- 1 (адзінка, якая ніяк ня можа вызначыцца, адпавядала Беларусі), то на прэс-канфэрэнцыі 3 снежня Старшыня Еўракамісіі адназначна заявіў: «Мы прапануем амбіцыйную стратэгію для шасці партнёраў».

Што канкрэтна атрымае Беларусь ад удзелу ў гэтай праграме? «Гэта партнёрства не толькі для дзяржаваў, але і для грамадскай супольнасці, бізнэсу, асобных грамадзянаў», — запэўніла Беніта Фэрэра-Вальднэр. Нашая краіна будзе мець шырэйшы ды лягчэйшы доступ да еўрапейскага рынку. Будзе спрашчацца візавы рэжым — ажно да адмены візаў (гэта канчатковая мэта для ўсіх удзельнікаў палітыкі Ўсходняга партнёрства). Рабочым будзе лягчэй паехаць на заробкі ў Еўрасаюз, каб карміць свае сем’і, а ўладальнікам малых ды сярэдніх бізнэсаў будуць усяляк дапамагаць развіваць іх справы. Нашых чыноўнікаў будуць вучыць розуму на стажыроўках ў еўрапейскіх інстытуцыях. Будзе стварацца «Паўднёвы энергетычны калідор», які дапаможа ЕС і ўдзельнікам палітыкі Ўсходняга партнёрства мець большую пэўнасць у тым, што ім не перакрыюць газ у зімовыя маразы… І гэта толькі вельмі прыблізны і няпоўны пералік шматлікіх прапановаў, многія з якіх сапраўды надта прывабныя.

Што патрабуецца ад Беларусі, каб яна здолела прыняць удзел у гэтай ініцыятыве? Натуральна, па-першае, яе кіраўніцтва павінна прынцыпова вырашыць, што яно жадае ў ёй ўдзельнічаць. Дарэчы, 2 снежня амбасадар Беларусі ўжо меў у Брусэлі гутарку з прадстаўнікамі Еўракамісіі на тэму Ўсходняга партнёрства. Але аднаго жадання далучыцца будзе замала — кіраўніцтву Беларусі трэба пачаць паводзіць сябе мінімальна цывілізавана. Па-першае, выпусціць усіх палітвязняў і не саджаць у турмы новых, па-другое, палепшыць стан сродкаў масавай інфармацыі, па-трэцяе, весці дыялог з Еўропай наконт удасканалення выбарчага заканадаўства, па-чацвёртае, палепшыць умовы існавання грамадскай супольнасці, па-пятае, рабіць крокі да таго, каб забяспечваць свабоду асацыяцыі ды мірных сходаў.

Як бачна, усе крытэры выканання гэтых патрабаванняў (апрача, хіба, першага) можна трактаваць досыць вольна. Павераны ў справах прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль тлумачыць гэта тым, што Еўрасаюз вырашыў карыстацца ў дачыненнях з афіцыйным Менскам не пакрокавай стратэгіяй, а гнуткім інструментам, які дазволіць дасягнуць рэальных вынікаў. Можна меркаваць, што, калі Аляксандр Лукашэнка здолее «пратрымацца» да чэрвеня 2009 г. без радыкальнага «закручвання гаек», то ён мае ўсе шанцы з фурорам наведаць устаноўчы саміт Усходняга партнёрства, адчуць сябе на роўных з заходняй палітычнай элітай.

Ці здолее беларускі ўрад наважыцца на гульню па еўрапейскіх правілах? Для ліберальнага крыла паноўных элітаў гэта можа быць шанцам перайсці на новы ўзровень, захаваць а, магчыма, нават і пашырыць свой уплыў у краіне, прасекчы акно на заходнія рынкі.
Натуральна, патрэба дазволіць пэўную долю свабодаў стварае для рэжыму значны дыскамфорт. Але сёння, калі эканамічны крызіс павольна але няўмольна бярэ краіну ў абцугі, перспектыва нестабільнасці ў краіне робіцца яшчэ страшнейшая. Еўропа прапануе дапамагчы захаваць стабільнасць у Беларусі — чаму б з гэтага не скарыстацца?

Натуральна, пры ўсім падабенстве лозунгаў «стабільнасць, дабрабыт, эфектыўнае кіраванне», ёсць адно істотнае адрозненне: у адным выпадку ў глянцавітай абгортцы ідэалагічных абяцанак-цацанак ляжыць гаркавая пігулка аўтарытарызму, а ў другім — цукерка дэмакратыі, якая, зрэшты, таксама не кожнаму будзе да смаку. Але выбіраць паміж імі, так ці іначай, давядзецца.

***

На відэа: Жан-Эрык Хольцапфэль, Павераны ў справах прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, тлумачыць, што менавіта чакае Еўрасаюз ад рэжыму Лукашэнкі і як выглядае на практыцы «гнуткі інструмэнт», якім карыстаецца цяпер ЕС у сваёй беларускай палітыцы:

Як сапраўдны дыпламат, Жан-Эрык Хольцапфэль глядзіць на пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ў палітыцы Ўсходнеэўрапейскага партнёрства з аптымізмам:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?