Першым іх сабраў пад адной вокладкай журналіст Севярын Квяткоўскі — вынік доўгіх вечароў і вечарынаў за сяброўскімі сталамі і столікамі.
Фрашка – як анекдот з жыцця, як мініапавяданне, як замалёўка. Вясёлыя па форме гісторыі на сур’ёзныя тэмы жыцця сучаснай Беларусі і беларусаў. Ягоная кніга «Фрашкі да пляшкі» атрымала літаратурную прэмію «Залатая літара» за 2007 год. А цяпер яны выйшлі ў аўдыёфармаце.

На дыску «Народныя фрашкі. Супольны альбом» злучылі свае галасы Квяткоўскі, а таксама сцэнарыст Уладзіслаў Ахроменка, перакладчыца і паэтка Марыйка Мартысевіч, музыка Аляксандр Сапега. А таксама, што ня менш цікава, людзі самых розных прафэсій і заняткаў, якія падпісваюцца нікнэймамі на сайтах блогаў і на форумах. Тыя самыя аўтары, якія дадалі да назвы супольнага праекту слова «народныя».

Сярод персанажаў гісторый — культурныя героі тут‑і‑цяпера: Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Ігар Варашкевіч, Зміцер Вішнёў, Адам Глобус, Кася Камоцкая, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч, Аляксандр Ціхановіч… А таксама паспаліты люд: турысты, працаўнікі сяла, людзі ў пагонах, таксісты, эколагі, святары, музычныя работнікі, медычныя работнікі, выкладчыкі і перакладчыкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?