29 лістапада ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адзначылі гадавіну прысьвечаную Слуцкаму Збройнаму Чыну — Дню Герояў.
Старшыня Хведар Нюнька распавёў пра слаўную дату ў Беларускай гісторыі – змаганьні Слуцкіх паўстанцаў супроць бальшавіцкай навалы ў 1920 годзе, якія са зброяй у руках выйшлі абараняць ідэалы БНР. На жаль, сілы былі няроўныя, каб перамагчы значна мацнейшага ворага з усходу.

Сп. Хведар Нюнька зачытаў адмысловы зварот Прэзідэнта БНР сп. Івонкі Сурвіллы да Беларускага народу.

ТБК ладзіць імпрэзы кожную апошнюю суботу месяца. Гэтым разам

на запрашэньне ТБК адгукнуліся беларусы з Калінінграду на чале са старшынём суполкі «Каралевец» Ігарам Шаховічам. Разам зь ім прыехаў прафэсійны гурт музыкаў цымбалістаў «Пралеска» пад кіраўніцтвам Любы Кастроміной.
У залі ТБК упершыню гучалі цымбалы. У гурт уваходзяць як дарослыя музыкі, так і школьнікі. Многія зь іх былі ня толькі ўдзельнікамі розных міжнародных конкурсаў, але і пераможцамі. Напрыклад

год таму назад у Яраслаўлі (Расея) за твор «Беларускія танцы» яны былі ўзнагароджаны першай прэміяй. У будучым артысты зьбіраюцца выступаць у Мексіцы, пагэтаму ў рэпертуары ёсьць адпаведны твор «Кубінскія рытмы» . З вялікім задавальненем мы слухалі артыстаў. Акрамя кубінскіх рытмаў гучалі яшчэ і многія іншыя творы. Публіка ў залі не хацела расставацца з артыстамі.

Пасьля канцэрту ў цёплай атмасфэры за сталом мы яшчэ доўга сьпявалі і гаманілі. А на разьвітаньне папрасілі іх прыяжджаць яшчэ!

Будзем спадзявацца, што новыя нашы сустрэчы яшчэ будуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?