Зыходзячы з апублікаванай інфармацыі, справа сьпярша не здаецца надта істотнай.

21 верасьня быў арыштаваны разам з жонкай Герман Сім, сярэдні па рангу цывільны чыноўнік Міністэрства абароны Эстоніі.
Ён абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць неназванай замежнай дзяржавы. Ні ад Сіма, ні ад эстонскіх афіцыйных уладаў камэнтараў наконт арышту не прагучала.

Некаторыя падрабязнасьці справы зьдзіўляюць. На момант арышту Герман Сім ужо быў адсунуты ад важных спраў, але

яго папярэдняя пасада мела звышдалікатны характар: ён стварыў сыстэму карыстаньня ўсёй сакрэтнай інфармацыяй — уключаючы зусім сакрэтныя дакумэнты партнэраў па НАТО — і кіраваў ёй.
Ён адказваў за наданьне доступу да рэжымаў сакрэтнасьці эстонскім чыноўнікам у мінабароны, органах бясьпекі і выведцы. Замежнік, абазнаны ў гэтай справе, кажа пра «патэнцыйны эўрапейскі адпаведнік Олдрыча Эймза» (колішняга галоўнага расейскага шпега ў Амэрыцы, які гадамі ўзначальваў дэпартамэнт контравыведкі ЦРУ і зараз адседжвае пажыцьцёвы турэмны тэрмін).
Эстонская справа можа стаць самым сур’ёзным правалам НАТО ў сфэры бясьпекі за многія гады.
Яшчэ больш інтрыгуе таямнічае зьнікненьне ў момант арышту Сіма ягонага сувязьніка — нібыта гішпанца, які працуе ў Італіі.
Мяркуецца, што гэты чалавек быў «нелегалам» — расейскім віжам, інфільтраваным у Эўропу праз Лацінскую Амэрыку шляхам выкарыстаньня старанна распрацаванай падробленых дакумэнтаў і ідэнтычнасьці і здатным, не выклікаючы падозраньняў, дзейнічаць ва ўсім Эўразьвязе. Гэткія «нелегалы» зьяўляюцца самым вытанчаным інструмэнтам у арсэнале выведкі, бо іх фальшывыя ідэнтычнасьці складана і нятанна распрацаваць, і яны зазвычай працуюць толькі з адной крыніцай. Але здаецца, што ў выніку праяўленага непрафэсіяналізму расейскай службы вонкавай выведкі (СВР) гэты самы гішпанскі грамадзянін, апрача Сіма, кантактаваў яшчэ з адной высокапастаўленай крыніцай у іншай краіне НАТО дый засьвяціўся пры спробе яе завэрбаваць. Вэрбаваная асоба паведаміла пра кантакт, запусьціўшы ў дзеяньне мэханізм сьледзтва, які прывёў да арышту Германа Сіма.

Зараз ажыцьцяўляецца велізарная апэрацыя па абмежаваньні маштабаў шкоды, у рамках якой высьвятляецца, што ведаў ці пра што мог спрабаваць атрымаць інфармацыю Сім. Пераглядаюцца допускі да рэжымаў сакрэтнасьці і зьвязаныя з тым перамяшчэньні пэрсаналу. Супрацоўнікі органаў бясьпекі ва ўсёй Эўропе занятыя пошукамі сьлядоў апошніх перамяшчэньняў гішпанца, каб такім чынам знайсьці іншыя праявы падпольнай дзейнасьці. Яны таксама адсочваюць сьлед дакумэнтаў, якія дазволілі яму здабыць такую пераканаўчую ідэнтычнасьць грамадзяніна ЭЗ.

Гэтая справа ўзьняла мноства іншых пытаньняў. Расейскія СМІ кпяць з балтыйскіх дзяржаў, якія, маўляў, ня толькі лёкаі Захаду, але да таго ж і некампэтэнтныя партнэры. Але ў супольнасьці сакрэтных службаў няма такой думкі пра ненадзейнасьць новых чальцоў НАТО, накшталт Эстоніі. Наадварот,

эстонская выведка і служба бясьпекі карыстаюцца добрай славай, якая рыхтык і робіць іх такой прынаднай мішэньню для замежных шпіёнаў. Акурат якасная контравыведная работа стала прычынай арышту.
А ў большасьці краінаў НАТО, зазначае дасьведчаны спэцыяліст, такія скандалы зазвычай глушацца і ня робяць такога шуму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?