Новы прэзыдэнт ЗША — гэта выключны палітык, які трапляецца хіба раз на стагодзьдзе. Яго абраньне таксама сталася адказам на тры найвялікшыя бяды за ўсю гісторыю Амэрыкі. Піша славацкі філёзаф і дыплямат Марцін Бутара.

Безь перабольшваньня можна сказаць, што абраньне Барака Абамы — падзея гістарычная. Апроч усяго, гэта адказ на тры найвялікшыя бяды за ўсю гісторыю Амэрыкі, на праблемы мінуўшчыны і сучаснасьці. І калі перамога Абамы не дае ім рады аўтаматычна, дык хоць уяўляе зь сябе спосаб іх вырашыць.

Першая бяда — колер скуры, расавае пытаньне. Далей — тэракт 11 верасьня 2001 г. Трэцяя — расчараваньне і паняверка ад курсу разьвіцьця краіны, якія часьцяком спалучаюцца з пачуцьцём бездапаможнасьці, пэсымізму і цынізму адносна магчымых пераменаў у грамадзтве.

Расавае пытаньне ўжо не стаіць гэтак востра, як у час гераічнага змаганьня за грамадзянскія і чалавечыя правы. Афраамэрыканцы выгадавалі сваю эліту, сваіх палітыкаў, бізнэсоўцаў, генэралаў і філянтропаў. Тым ня менш, расавае пытаньне застаецца даволі балючым момантам, які мае шмат праяваў у выглядзе дыскрымінацыі, гвалту у суполцы афраамэрыканцаў, а таксама такіх заганаў, як адзінотныя маладыя маці, якія жывуць на дзяржаўныя датацыі.

Тэракт 11 верасьня пакінуў глыбокую рану на душы Амэрыкі. Бальшыня амэрыканцаў успрымае гэта як жудасную несправядлівасьць: чаму яны нас так ненавідзяць? Што ж мы такога зрабілі, каб заслужыць нянавісьць?

Расчараваньне і бездапаможнасьць часта вымушаюць людзей верыць, што няма сэнсу займацца грамадзкай дзейнасьцю, што асобны чалавек ня можа зрабіць вялікага ўплыву, бо ключавыя рашэньні прымаюцца «недзе ў іншым месцы», за зачыненымі дзьвярыма.

Амэрыканская мара

Барак Абама змагаўся з гэтымі праблемамі на працягу ўсяго свайго жыцьця, гэта прысутнічае і ў ягонай выбарчай праграме, і ў яго асобе. Ён перасягнуў бар’ер, якога, як мы думалі, ужо даўно не існуе, — але некаму ж трэба было зрабіць гэта першым. Амэрыканцам патрэбны быў жывое сьведчаньне, што расавая прыналежнасьць ня грае вялікай ролі ў выніковым галасаваньні. Даць рады праблеме 11 верасьня можна не праграмамі бясьпекі, а праз пошук новых хаўрусьнікаў, памяркоўных прадстаўнікоў іншых рас, кантынэнтаў і веравызнаньняў, якія могуць зрабіць свой чынны ўнёсак у справу змаганьня з наплывам тэрарызму і ваяўнічага радыкалізму.

Тут, у Эўропе, нам яшчэ належыць цалкам асэнсаваць, што

Абама — гэта выключны палітык,
якога можна сустрэць хіба раз у жыцьці.
Ён таленавіты, рашучы, дысцыплінаваны і харызматычны лідэр
. Ён усьведамляе, што цяперашнія праблемы нельга вырашыць толькі ва ўрадзе, без дапамогі грамадзянаў. А для Амэрыкі гэта значыць адраджэньне іх традыцыйнага міфу, амэрыканскай мары, паводле якой кожны чалавек можа дасягнуць посьпеху праз свае здольнасьці і працавітасьць. Гэта мара пра свабоду, заможнасьць і роўныя магчымасьці. Гэтая тэма ўжо даўно культывуецца амэрыканскімі палітыкамі. Прэзыдэнт Лінкальн сьцьвярджаў, што ўсе людзі маюць роўныя магчымасьці. Прэзыдэнт Рузвэльт у цяжкія 1930-я гады, час эканамічнага крызісу, нагадаў свайму народу, што адзінае, чаго сьлед баяцца, дык гэта самога страху. Джон Кенэдзі ў сваёй прамове перад пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі 1960 г. казаў пра «Новыя межы» нязьдзейсьненых надзеяў і мараў. А чарнаскуры грамадзянскі актывіст і прапаведнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Марцін Лютэр Кінг назаўсёды застанецца ў памяці амэрыканцаў дзякуючы сваёй гістарычнай прамове, у якой прапанаваў сваю вэрсію мары пра роўнасьць і свабоду для ўсіх амэрыканцаў.

Барак Абама сьвядома разьлічваў на гэтыя традыцыі і творча выкарыстаў іх у выбарчай кампаніі.

«Амэрыканская мара» ўключае тэму «новага пачатку».
Гэта аптымізм у мініятуры, вера, што ты заўсёды можаш пачаць з самага пачатку, старацца і выкарыстоўваць кожную магчымасьць. Гэтак можна прачытаць слоган Абамы «Так, мы можам!». Гэтак мы мусім разумець частае выкарыстаньне ў ключавых словах ягоных прамоў прыстаўкі «re-», са значэньнем аднаўленьня, адраджэньня: ажыўляць (revive, revitalize), аднаўляць (renew), адраджаць (restore), умацоўваць, натхняць зноў (reinvigorate).
ЗША як моцная і прыязная дзяржава ёсьць найгалоўнейшым прыярытэтам і для краінаў Эўропы.
Калі адміністрацыя Абамы дасьць рады эканамічнаму і фінансаваму крызісу, зьявіцца надзея на адраджэньне дэмакратычнага капіталізму, а для нас гэта вельмі важна. Пад дэмакратычным капіталізмам тут разумеецца адкрыты, не дактрынёрскі грамадзкі лад, здольны вучыцца на сваіх памылках і выпраўляцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?