6 сьнежня каталікі абодвух абрадаў ушаноўваюць памяць сьвятога Мікалая, біскупа Мірлікійскага. Гэта адзін з найбольш шанаваных хрысьціянскіх сьвятых, ікона якога ёсьць практычна ў кожнай царкве і ў многіх сем’ях.

Пра жыцьцё сьвятога Мікалая вядома няшмат. Знаем, што сьвяты Мікалай доўгія гады быў біскупам у Мірах, правінцыя Лікія, у Малой Азіі. Браў удзел у Першым Сусьветным Саборы (325 г.) у Нікеі. Памёр каля 345 года. Усё сваё жыцьцё прысьвяціў справе міласэрнасьці для душы і цела. Таямніца ягонага вялікага культу сярод хрысьціян у тым, што ён для ўсіх стаў сымбалем ахвярнай любві да бліжняга і спачувальнай міласэрнасьці. Пасьля сьмерці Бог праславіў яго выключным дарам рабленьня цудаў, і таму гэта сьвятога велічаюць Цудатворцам.

Культ сьвятога Мікалая пачынае пашырацца з хрысьціянскага Усходу з таго часу, як імператар Юстыніян І у сярэдзіне VI стагоддзя пабудаваў у ягоны гонар царкву ў Канстантынопалі. З ІХ стагоддзя сьвята сьвятога Мікалая ёсьць ужо ва ўсіх грэцкіх месяцасловах. Разам з хрысьціянскай верай культ сьвятога Мікалая прыйшоў і на беларускія землі. Сёньня ў каталікоў бізантыйскага абраду сьвяты Мікалай асабліва памінаецца ў малітвах ня толькі 6 сьнежня і 9 траўня (сьвята перанясеньня ягоных мошчаў ў італьянскі горад Бары), яму прысьвечаны таксама кожны чацьвер ва ўсходнім богаслужбовым цыкле.

У менскай грэка‑каталіцкай парафіі сьвятога Мікалая сьвяточная літургія пачнецца ў суботу а 17‑й гадзіне ў касьцёле Сьв. Яна Хрысьціцеля ў Серабранцы (вул. Пляханава). Разам з вернікамі гэтай парафіі будуць маліцца сьвятары і вернікі трох іншых менскіх парафіяў каталікоў усходняга абраду. А

ў нядзелю а 10-й гадзіне ў грэка‑каталіцкім душпастырскім цэнтры на Арджанікідзе, 6 (ст. мэтро «Аўтазаводзкая») будзе служыцца Боская літургія для дзяцей. Чакаецца, што пасьля яе заканчэньня дзетак наведае сам сьвяты Мікола з пачастункамі…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?