Месцаахоўнікам патрыяршага прастолу абраны мітрапаліт Смаленскі Кірыла.

Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II пахаваюць у прыдзеле Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы Багаяўленскага (Елахаўскога) кафедральнага сабора Масквы 9 снежня, паведаміў РІА Новости пасля пасяджэння рабочай групы па пахаванні член групы, кіраўнік прэс‑службы Маскоўскай патрыярхіі святар Уладзімір Вігілянскі.

«Так распарадзіўся патрыярх яшчэ пры жыцці», — сказаў айцец Уладзімір.

Пасяджэнне рабочай групы па пахаванні Аляксія II у патрыяршай рабочай рэзідэнцыі ў Чыстым завулку ў Маскве правёў 6 снежня кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі мітрапаліт Калужскі і Бароўскі Клімент.

15‑ы патрырях Расейскай праваслаўнай царквы з асаблівай любоў ставіўся да Елахаўскога кафедральнага сабора, дзе знаходзяцца мошчы яго нябеснага заступніка мітрапаліта Маскоўскага Аляксія, які ўзначальваў Расейскую царкву ў XIV стагоддзі, зазначае РІА Новости.

Аляксій II будзе пахаваны ў правым, Дабравешчанскім прыдзеле храма — насупраць усыпальні патрыярха Сергія.

Адпяванне патрыярха адбудзецца 9 снежня ў храме Хрыста Збаўцы, куды труну з целам Найсвяцейшага прывязуць з загараднай патрыяршай рэзідэнцыі ў Перадзелкіна вечарам 6 снежня. Адпяванне ўзначаліць месцаахоўнік патрыяршага прастолу. З месцаахоўнікам будуць служыць архіярэі РПЦ, а таксама прадстаяцелі і прадстаўнікі памесных праваслаўных цэркваў свету.

Пасля адпявання труну з целам спачылага патрыярха абнясуць вакол храма Хрыста Збаўцы ў адпаведнасці з царкоўнай традыцыяй, а затым на катафалку перавязуць да месца апошняга спачыну — у Багаяўленскі сабор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?