Лідэр рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» прадпрымальнік Анатоль Шумчанка падазраецца ў дробным крадзяжы.

Як паведаміў БелаПАН А.Шумчанка, 5 снежня ён атрымаў з суда Маскоўскага раёна Мінска позву, якая прадпісвае яму з’явіцца 17 снежня ў суд на разгляд справы на падставе артыкула 10.5, частка 1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробны крадзеж).

«Позва выпісана на прозвішча Шумчанка А.В., — сказаў прадпрымальнік. — Паколькі ў мяне ёсць брат Аляксандр, і незразумела, каму ж яна ўсё‑такі адрасавана, я патэлефанаваў у суд. Там мне паведамілі, што позва выпісана менавіта на мяне.

Нібыта 17 лістапада ў 14.30 я вынес з універсама «Брэст» у рукаве бутэльку воцату коштам 1 тыс. 620 рублёў.
Мне сказалі, што ў дакументах ёсць усе мае звесткі і мой подпіс».

«У мяне знік дар слова. Гэта нават не непаразуменне, гэтага проста не можа быць. Я маю намер сёння пайсці ў суд і высветліць, якім чынам мой подпіс (калі ён сапраўды мой) трапіў у дакументы», — сказаў А.Шумчанка.

Пакаранне на падставе артыкула «Дробны крадзеж» прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў (350 тыс. - 1млн 50 тыс.) або адміністрацыйны арышт.

На 15 снежня ў Мінску запланавана акцыя «Марш прадпрымальнікаў», якую арганізуе РГА «Перспектыва». Акцыя дазволена ўладамі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0