Вільня зімой. Фота k43.pbase.com

Вільня зімой. Фота k43.pbase.com

Некаторыя, вяртаючыся з Лiтвы, кажуць, што нiчога асаблiвага ў ёй няма, а iншыя, наадварот, мараць вярнуцца туды, толькi перасекшы гранiцу.

Апошнiх, зразумела, больш. І я, прызнацца, адна з iх. Вярнулася з пазiтыўнымi эмоцыямi, натхненнем i вырашыла падзялiцца сваiмi назiраннямi: якая яна, Вiльня?

З таго часу як рэспублiкi савецкай Прыбалтыкi рашуча звязалi свой далейшы лёс з аб’яднанай Еўропай, аддзялiўшыся ад нас цяжкiм вiзавым бар’ерам, паездкi туды сталi не такiмi частымi i, на жаль, факультатыўнымi.

Але, шчыра кажучы, гэтай восенню, як я ўжо казала,

мне вельмi пашанцавала i амаль без усялякiх праблем i доўгiх чэргаў каля пасольства я атрымала доўгачаканы штамп.
Не, нiякiх «чорных» сувязяў у мяне няма, усё шмат лягчэй — я студэнтка аднаго лiтоўскага ўнiверсiтэта, вучуся на завочным аддзяленнi i ехала на сесiю. Таму, пры дапамозе кiраўнiкоў ВНУ даволi хутка i спакойна разабралася з усiмi гэтымi папяровымi справамi i пайшла збiраць чамаданы. Наперадзе падарожжа…

***

«Жыллёвыя» ўдары

Першае ўражанне, якое мы з сяброўкай адчулi, прыехаўшы ў Вiльню, аказалася на дзiва вельмi прыемным — перад намi ляжаў утульны еўрапейскi горад, усе без выключэння жыхары якога з задавальненнем гаварылi на рускай мове, а цэны, у адрозненне ад парыжскiх, радавалi сваёй даступнасцю. Але гэта не адносiлася да жылля…

Па‑першае, свабодны нумар у гасцiнiцы знайсцi адразу амаль не ўдаецца нiкому, па‑другое — кошт за суткi вельмi вялiкi.

Зразумела, вы падумаеце, што для студэнта дорага ўсё, але нават мае сябры, якiя ўжо даволi даўно жывуць у Вiльнi, кажуць: «Сапраўды, з таго часу, як Лiтва ўвайшла ў ЕС, цэны на жыллё сталi па‑еўрапейску «звычайнымi», але для нас «непамернымi». Мала хто можа вось так проста аддаваць 300‑400 еўра за звычайную кватэру ў месяц… Увогуле, цяжка з гэтым у нас».

Вось i нам было цяжка! Хоць i падрыхтавалiся, але значна адчувалi гэтыя «жыллёвыя» ўдары па кiшэнi.

Вiльня: старая i новая

Зразумела, абысцiся без тэматычнай прагулкi было проста немагчыма. Разам з нашымi лiтоўскiмi сябрамi мы сустрэлiся прама на вакзале i адтуль ужо распачалi падарожжа. «Гуляць трэба, бясспрэчна, пешшу. Вiльня — горад невялiкi, без шырокiх праспектаў i бясконцых плошчаў, але з вузкiмi вулачкамi, маленькiмi трохвугольнымi скверамi i паркамi.

Няспешная прагулка без усялякiх картаў i плана — лепшы спосаб зразумець мiлую i хатнюю прыгажосць горада» — з веданнем справы распавядае Каця, мая добрая лiтоўская сяброўка, з якой мы пазнаёмiлiся гадоў пяць таму ў Мiнску.

З таго часу, на шчасце, сувязь не згубiлi, i было вельмi прыемна, калi яна з радасцю вызвалася нам дапамагаць. Ды i сяброў узяла!

Да слова,

лiтоўцы даволi сяброўскiя i адкрытыя людзi
. Вось аднойчы, калi мы ехалi з аднаго вялiзнага гандлёвага цэнтра, якi знаходзiўся амаль за горадам, i заблудзiлiлi, нам без праблем дапамаглi: не толькi сказалi як ехаць, але яшчэ i невялiчкую карту намалявалi, спыталi з якой мы краiны i пажадалi поспехаў!

Вяртаючыся да горада, хочацца адзначыць некранутую прыгажосць старых пабудоў, утульнасць шматлiкiх кавярняў, арыгiнальнае праектаванне вулачак. Менавiта такiм я i марыла яго ўбачыць. Казачная Вiльня, у якой кожны можа знайсцi тое, што шукае.

Дзiўна, але калi параўноўваць Мiнск i Вiльню, то цяжка ўявiць, што некалi гэтыя гарады уваходзiлi ў склад адной дзяржавы.
Усяго тры‑чатыры гадзiны язды, а адрозненнi неверагодныя. Нi ў якiм разе я не хачу гэтым сказаць, што адзiн горад горшы цi лепшы за другi, не… Хутчэй, не верыцца ў агульную гiсторыю некалькi стагоддзяў таму. Усё рознае: людзi, традыцыi, iнтарэсы, архiтэктура… Адно шкада, што у адрозненне ад Вiльнi, у Мiнску ўжо не знойдзеш настолькi старажытных пабудоў, у якiх дата iх стварэння даўно пакрылася пылам.

Мае «ўнiверсiтэты»

Ледзь не забылася, для чаго я ў прынцыпе i прыехала. Вучыцца… Што ж, унiверсiтэт сустрэў мяне даволi цёпла i, прызнацца, здзiвiў. Усе вiтаюцца нават не ведаючы адзiн аднаго, ужо «сталыя» студэнты з задавальненнем дапамагаюць.

Вакол амаль нiводнага студэнта без ноўтбука, але гэта i не дзiўна
— на тэрыторыi ўсяго ўнiверсiтэта ёсць бясплатны бесправадны iнтэрнэт!

«Вось i ў нас бы так!» — уздыхае па зразумелай прычыне адзiн з маiх сугрупнiкаў. Сапраўды, вельмi еўрапейскi падыход да навучання: для студэнтаў ствараецца ўсё неабходнае! I гэта не толькi бясплатны iнтэрнэт, гэта яшчэ i пастаянныя семiнары з прадстаўнiкамi розных унiверсiтэтаў Еўропы, практыка за межамi Лiтвы, ролевыя гульнi i сумесныя мерапрыемствы. Адно толькi не ўразiла — асартымент у сталоўцы… Хоць цэны i радавалi, але на трэцi дзень сасiсак ужо нiкому не хацелася!

***

Рэйд па магазiнах

А вось тут ужо было не да жартаў!!! Магазiны ўражвалi: цэны, колькасць, якасць… Што датычыцца лiтоўцаў, то ў вочы адразу кiдалася, што апрануты яны добра i з густам. Гэта i не дзiўна! « Два разы на год у нас пачынаюцца распродажы, — iнфармуе нас Каця, — i тады цэны знiжаюцца проста да мiнiмуму. I нават пры мiнiмальным бюджэце можна добра i прыгожа апрануцца, што ў прынцыпе i робяць жыхары Вiльнi.

Мы не разумеем, як можна плацiць вялiкiя грошы за адзенне… Мы лепш з’ездзiм у падарожжа цi яшчэ што‑небудзь зробiм». Але, нягледзячы нi на якiя размовы, мы ўсе без выключэння шкадавалi, што не ўзялi чамадан памерам з машыну. Як мiнiмум… Бо галоўнае — не губляць самавалодання ад вялiзнага выбару i цэнаў. Што датычыцца магазiнаў, у якiх прадаюцца вядомыя на ўвесь свет моды маркi, то туды лепш не заходзiць — цэны будуць вышэйшыя нават за нашы.

***

Адпачынак

У гэтым лiтоўцы даволi кансерватыўныя — любяць пасядзець у спакойнай кампанii за кавай цi ўвогуле застацца дома. У адрозненне ад Мiнска, у Вiльнi начнога жыцця амаль няма. Цi яно вельмi добра замаскiравана. У гадзiн восем, калi становiцца цёмна, узровень актыўнасцi на вулiцах такi ж, як у нас у гадзiн дванаццаць. Вiльня засыпае… I на вулiцах можна сустрэць толькi турыстаў, якiя з радасцю нешта вывучаюць i фатаграфуюць. I адна цэнтральная кавярня, якая працуе да дзвюх гадзiн — менавiта там мы i спынялiся: спаць не хацелася, а горад вабiў!

Вiльня… Яна сапраўды захавала таемнасць стагоддзяў i некранутую раскошу гiсторыi. Яна ўпэўнiла, што вярнуцца не проста можна, а жыццёва неабходна… Таму, да сустрэчы, Вiльня!

Дзіяна Арыпава, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0