(фота - Visual Photos)
Не толькі сусветная эканоміка запавольвае сваю хаду – зямная куля таксама. Каб дапасавацца да запавольвання абарачэння нашай планеты, навукоўцы прапанавалі дадаць да гэтага году якую драбязу - адну секунду. Міжнароднай узгодненай пастановай, апошняя хвіліна 2008 году стане даўжэйшай на адну дзельку. Гэты невялічкі дадатак зробіць 2008-ы, і так высакосны, самым доўгім годам ад часоў 1992-га.
Джэф Чэстэр, прэсавы сакратар вашынгтонскай марской абсерваторыі, якая адказная за траціну эталонных, атамных гадзіннікаў у свеце, заўважыў, што лічбавыя тэхналогіі маюць патрэбу ў найдакладнейшым вымярэнні часу, але паколькі большасць з іх узгадняюць сваю хаду з атамнымі гадзіннікамі, дык дадатковая секунда абновіцца ў іх аўтаматычна.
Гэта не першы раз, што мы дадаем секунду да сусветнага гадзінніка. Упершыню гэта было зроблена ў 1972 годзе. Сяды-тады гэта адбывалася нават двойчы на год. Апошні раз секунду прыплюсоўвалі пры канцы 2005.
Так што, калі 31 снежня вашы сябры, стыкнуўшы келіхі, загукаюць “З новым годам!”, не спяшайцеся – пачакайце яшчэ секунду.