«Ювентус» — БАТЭ — 0:0.

Барысаўскі БАТЭ матчам у Турыне завяршыў для сябе бліскучы сезон. Наша каманда так ні разу і не саступіла пераможцу нашай групы.

Антураж гульні зусім не адпавядаў Лізе чэмпіёнаў. Занадта мала аматараў кальчыл прыйшло на стадыён «Алімпіка», каб падтрымаць свой клуб.
Цяжка сказаць, што таму віна — халоднае надвор’е, не самы моцны супернік, ці датэрміновы выхад «Ювентуса» у 1/8 фіналу.

Першы тайм прайшоў без агеньчыка. «Ювентус» атакаваў, але да рэальных пагрозаў уладанням Верамка справа не даходзіла. БАТЭ таксама не мог стварыць нешта ля чужых варот. Хіба што толькі Міхаіл Сівакоў пульнуў са штрафнога, але проста ў рукі галкіпера.

У другім тайме гульня пайшла весялей. Усё ж найперш дзякуючы намаганням гаспадароў. Спачатку мяч трапіў у нашу штангу, калі ў вароты трапіць было нашмат лягчэй.

А потым за гульню Сівакова рукой ва ўласнай штрафной суддзя з Кіпру прызначыў у беларускія вароты пенальці — Джавінка прабіў вышэй.

«Ювентус» быў вымушаны пусціць у ход цяжкую артылерыю — на замену выйшаў легендарны Дэль П’ера. Форвард некалькі разоў абвастраў гульню ля нашых варот, але Верамко дзейнічаў бездакорна.

За хвілін пяць да фінальнага свістка БАТЭ ўвогуле мог вырваць перамогу, але Генадзь Блізнюк прамахнуўся з вельмі выгаднага становішча. А ўжо ў дадатковы час са штрафнога моцна прабіў Паша Няхайчык. На жаль, недакладна.

Матч так і скончыўся з першапачатковым лікам — 0:0.

Такім чынам, БАТЭ завяршыў еўракубкавы сезон. Нагадаем, што цягам яго каманда сыграла 12 матчаў. Каманда трапіла ў Лігу чэмпіёнаў па чарзе перамогшы чэмпіёнаў Ісландыі («Валюр»), Бельгіі («Андэрлехт») і Балгарыі («Леўскі»). У групавым турніры барысаўцы двойчы сыгралі ўнічыю з «Ювентусам» — 2:2, 0:0, не прайгралі ў Піцеры «Зеніту» — 1:1, 0:2, толькі ў мадрыдскага «Рэала» пунктаў адабраць не ўдалося.

У другім матчы групы ў Мадрыдзе «Рэал» разграміў «Зеніт» 3:0 (Рауль, 25, 57, Рабен, 50).

Турнірнае становішча выглядае наступным чынам: «Ювентус» — 12 пунктаў, «Рэал» — 12, «Зеніт» — 5, БАТЭ — 3.

Цяпер паглядзім, ці атрымаецца некаму з БАТЭ гэтай зімой перайсці ў добрыя еўрапейскія клубы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?