У ДТЗ у Гомельскім раёне загінулі пяцёра настаўніц Навагуцкай дзіцячай музычнай школы.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле прафілактыкі і прапаганды УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, паблізу вёскі Цяруха аўтамашына "Пежо", якой кіравала 31-гадовая жанчына, выехала на паласу сустрэчнага руху і сутыкнулася з "МАЗам", гружаным пяском.

Аўтамашыны з'ехалі ў кювет і перакуліліся. Вадзіцель "Пежо" і пасажыры 1945, 1947, 1977 і 1986 гадоў нараджэння загінулі, кіроўца "МАЗа" памешчаны ў бальніцу

Усе загінулыя — настаўніцы Навагуцкай дзіцячай музычнай школы, паведамляе БелаПАН.

"Камсамольская праўда" ў Беларусі" дадае, што настаўніц - яны ўсе жылі ў Гомелі - не выратавала нават тое, што яны былі прышпіленыя рамянямі, і спрацавалі падушкі бяспекі.

— Раней гамяльчане вярталіся службовым аўтобусам, але ўжо больш году ён не курсуе, таму ездзілі ці маршруткай, ці на сваіх машынах, па чарзе возячы адзін другога, — цытуе выданне Ларысу Халько, калегу загінулых. — У аўторак яны казалі, што ледзьве дабраліся, машыну пастаянна заносіла, яны яшчэ не паспелі паставіць зімовую гуму. А дзяўчаты ўсе нявопытныя, нядаўна правы атрымалі.

У сераду Ірыне цэлы дзень тэлефанаваў муж, але яна пакінула тэлефон у машыне. Было мноства прапушчаных тэлефанаванняў, потым яна, нарэшце, адказала. Муж моцна хваляваўся, як яна даехала да школы. Нібы папярэджваў, прадчуваў нешта страшнае. У Іры засталася маленькая дачка, у Аксаны — хлопчык, а Даша наогул нядаўна ўзяла шлюб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?