Піша ў сваім лірычным дзённіку беларуская блогерка з Варшавы Трабалібот.

Учора мы палілі цыгарэты, а сягоньня рады і бычкам.

Мы з сынам маім, качаючыся як сыры ў масьле, праелі ўсе грошы, якія даў нам ласкавы лёс. У нас лядоўня поўная дэлікатэсаў, а на праязны мне нямашака, толькі 3 зл. на раз праехаць. Падазраю, што я такая на сьвеце адна - у іншых людзей яўна большая мазгаўня.

Дык вось, я ішла да мэтра пехам, праз паўгорада, як кубінец. І мая душа ўся перабудавалася пад Варшаву. Зьвіліны маіх мазгоў леглі пад зьвівы яе вуліц, а Вісла падзяліла паўшар'і на правае і левае.

У рукаве ў мяне быў тэрмасік з каваю, і я дагулялася і дапілася да таго, што ўвагу прыкоўвалі толькі сапраўды важныя рэчы: брунатныя шкілеты кветак у балконных карытцах - у апошнім парываньні выцягнутыя да сонца, вялікавокі плюшавы каток у вакне глядзіць на мяне так уважліва, як не глядзеў ніхто ніколі, у вітрыне манаполькі выставілі новую гарэлку ў гліняным збане. Збан такі нязграбны, быццам мядзьведжымі лапамі леплены, гарэлка зь яго будзе грубая і гвалтоўная, як ёй і належыць. Галубы ўзмылі серабрыста, як статак селядцоў, а сотні чорных шкарпэтак паселі на чыімсь гаўбцы, як гракі.

Я спынілася на парослай быльнягом пустцы і закінула ў горла порцыю кавы а-ля гарніст. І тут да ног прыбіўся сіні шарык з надпісам "Крэдыт-BPH". Відавочна, мае думкі пра грошыкі прачыталі і цяпер прапаноўваюць узяць крэдыт гатоўкаю. Але шарык так трымцеў і туліўся, што хутчэй нагадваў бяздомнага цюціка, чым салідную фінансавую афэрту. Зрэшты, як можа яшчэ выглядаць пасланец ад банку ў часы вялікага Крызісу? і я парашыла яго ўсынавіць. Аднак шарык быў досыць вялікі, і калі я набывала ў кіёску квіток, давялося заняцца жангляваньнем і эквілібрыстыкай (чарга, кашалёк, капейкі, квіток, пальчаткі, шарык (наровіць вылузнуцца паміж бядром і прылаўкам).

Тады я запхнула шарык пад сваё паліто-селядзец і пайшла ў мэтро. Я перавальвалася, як качка, людзі стараніліся, і толькі мне было вядома, што цяжарная я сіняй пусткай, сінім пшыкам.

У мэтро аднак была процьма народу, і я пабаялася, што ў вагоннай цісканіне мой шарык папросту лопне. І як зрэагуюць людзі на такі пэрформэнс? Гэта цікава, але я не нагэтулькі пад кайфам, каб пайсьці на такі выбрык. І я адвярнулася да калёны, выняла свой шарык з-пад паліто і сустрэлася вачыма з двума хлапцамі ў растаманках, якія іржалі і паказвалі мне cool-cool зь процілеглага цягніка.

А больш ніхто не заўважыў маёй маленькай прыгоды.

Сіні Шарык жыве на маім стале, там, дзе раней вісеў папяровы сьцяг Тыбэту, пакуль яго не парваў і ня выкінуў злосны калега, якога пры скразьняку неаднойчы накрывала Тыбэтам. Але іншы палічыў бы гэта за блаславеньне й знак ад Будды.

Сьвітанак. Aiofe ідзе піць гарбату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?