10 сьнежня агульнанацыянальным аднадзённым пастом завершылася распачатая 7 лістапада маладафронтаўцамі кампанія «Камунізм пад трыбунал!». Ацэнку вынікам кампаніі дае старшыня зарэгістраванага ў Чэхіі Маладога Фронту, Зьміцер Дашкевіч.

«Галоўнаю задачаю нашай антыкамуністычнай кампаніі было прыцягнуць увагу грамадзтва да неабходнасьці асэнсаваньня памылак свайго мінулага, каб мы маглі ў гэтых памылках пакаяцца ды іх болей не рабіць. І мы лічым, што дамагліся шырокай дыскусіі ў грамадзтве. Таму няхай для «Белгазеты» кампанія «Камунізм пад трыбунал» гэта – мажлівасьць маладых людзей спісаць на таталітарную ідэалёгію асабістую «блізарукасьць і безгаловасьць», а для Калякіна гэта – «Дурата, якая пройдзе, бо не было б камуністаў, не было б і Беларусі», для нас жа галоўнае, што дыскусія аб неабходнасьці асуджэньня камунізму ўзьнятая.

Для кагосьці ўяўлялася, што мы вядзем кампанію супраць нейкіх палітычных сілаў ці асобаў. Аднак нас не цікавяць ні маргінальныя партыі, ні іхнія лідэры. Нас турбуе агульнаграмадзкі нігілізм, які лічыць, што камунізм ёсьць нечым мітычным, далёкім і да нас не датычным. Нігілізм, які закрануў нават многіх дэмакратаў. І калі гэтых людзей у адваротным не пераконвае тое, што на ліку камуністычных ідэолягаў савецкай улады, па дадзеных любых дасьледчыкаў, ахвяраў толькі ў Саюзе як мінімум столькі ж, колькі і на ліку фашыстаў ва ўсім сьвеце.

Шлях да дэмакратыі, свабоды, адраджэньня беларускай нацыі палягае толькі праз асэнсаваньне страшных старонак гісторыі і агульнанацыянальнага за іх пакаяньня. Вось тады нашая новая сьвядомасьць і вызначыць новае быцьцё.

Камусьці нашая кампанія адкрыла на тое вочы, камусьці дала мажлівасьць пазаймацца крытыканствам, што таксама ня кепска для пачатку дыскусіі. Мы ж будзем прысьвячаць сябе адраджэньню гістарычнай памяці і заклікаць народ да пакаяньня ў злачынствах камуністычнай ідэалёгіі да поўнай забароны камунізму ў Беларусі. І перакананы, што час той блізкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?