Віртуозны блюз-гітарыст Аляксандр Растопчын даўно жыве ў Амерыцы, але ягоная душа паклікала яго зрабіць настальгічны дыск з музыкай на беларускія тэмы.

Майстар блюзавай гітары Аляксандр Растопчын прэзэнтаваў у арыгінальнай трактоўцы 10 мелодыяў, добра знаёмых кожнаму беларусу.

Аляксандр Растопчын (www.rastopdesigns.com) ‑‑ віртуозны гітарыст легендарных «Песняроў» жыве ў Амерыцы шмат гадоў. Дае канцэрты, выпускае дыскі. Але гэты альбом не падобны на тое, што музыка рабіў раней. «Роднае» (www.rodnaje.com) — гэта зусім не настальгічны ўздых і нават не спроба асэнсаваць гісторыю Беларусі ў музыцы.

Гэта проста вандроўка па Беларусі — вандроўка па зблытаных каардынатах часу і прасторы, дзе вехі — не кіламетры і не даты, а маршы і вальсы, рамансы і паланэзы. Усе яны былі пакінутыя нам на памяць у розны час, але ў адной кропцы прасторы. Гэтая кропка — Беларусь. Гэта яе гісторыя і яе геаграфія.

Тут, у гэтым пункце прыбыцця, Міхал Клеафас Агінскі піша свой паланэз «Развітанне з Радзімай» у кабінеце, за вокнамі якога сялянкі журботным хорам спяваюць «Купалінку». Тут полк паўстанцаў, якія спяваюць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», праходзіць каля дома паненкі, якая плача над «Зоркай Венерай». Тут гукі «Пагоні» урываюцца разам з ветрам у свецкі салон, дзе музыцыруе Напалеон Арда. Тут няма падзелу на мінулае і будучыню, таму што разам з духоўным гімнам «Магутны Божа» чутныя гукі будучыні — ода Бетховена «Да радасці», гімн сённяшняй Еўропы. І востры перац гітары Аляксандра Растопчына прымушае верыць у тое, што ўсё магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?