Такую думку выказаў лідэр незарэгістраванага Руху за Свабоду падчас сустрэчы з жыхарамі Гомеля 14 снежня. Ён заявіў, што будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2011 году.

Еўропе неабыякавы лёс Беларусі і яе суверэнітэт, лічыць Аляксандр Мілінкевіч. Такую думку ён выказаў падчас сустрэчы з жыхарамі Гомеля, якая прайшла 14 снежня. У ёй узялі ўдзел больш як 60 чалавек.

«Заходнім краінам не патрэбны якія‑небудзь змяненні межаў, калапс беларускай эканомікі. Калапс нашай эканомікі — гэта хваля эміграцыі да іх», — лічыць палітык.

Лідэр руху таксама зазначыў, што

«Еўропа расчараваная дзеяннямі апазіцыі».

«Мы дыскрэдытавалі сябе на кангрэсе дэмсіл у маі 2006 года, затым — пры правядзенні сёлетняй выбарчай кампаніі ў парламент», — зазначыў палітык.

Актывістам апазіцыі А.Мілінкевіч нагадаў аб неабходнасці працаваць з людзьмі, даводзіць да іх інфармацыю аб магчымасцях супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, аб дэмакратычных інстытутах.

Прысутныя пыталіся аб уплыве сусветнага фінансавага крызісу на эканоміку краіны, аб унутрыпартыйнай барацьбе лідэраў апазіцыі, аб эфектыўнасці збору подпісаў за змяненне Выбарчага кодэкса, выкарыстанні сучасных PR‑тэхналогій апазіцыяй і інш.

На пытанне аб тым, ці плануе А.Мілінкевіч вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары 2011 года, лідэр руху адказаў сцвярджальна.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0