Фота 2001 году. photo.bymedia.net

Фота 2001 году. photo.bymedia.net

12 снежня арыштаваны былы пракурор Мінскай вобласці Міхаіл Снягір.
Зрэшты, вестка пра арышт з’явілася толькі праз чатыры дні. Снегіру прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкулу 424 КК «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі». Максімальныя санкцыі паводле гэтага артыкулу — 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Паводле некаторай інфармацыі, у следчым ізалятары ў Снегіра адразу здарыўся сардэчны прыступ, таму яго пад аховай міліцыянтаў перавялі ў бальніцу.

Справа Снегіра ўсплыла 13 лістапада на нарадзе ў Лукашэнкі па барацьбе з карупцыяй. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў маі 2007 году Снягір набыў па заніжанай цане ў аднаго камерсанта 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска агульнай плошчай за 200 квадратных метраў. Кватэра была набытая за 156 мільёнаў рублёў, ці то 72 тыс. даляраў, у той час яе рыначны кошт складаў каля 500 тысяч даляраў.

Было зазначана, што кватэра набытая з парушэннем закону, бо Снягір набыў кватэру ў чалавека, які не меў права прадстаўляць інтарэсы фірмы-ўласніка. А тым больш у кватэры пражываў грамадзянін Сідаровіч, у якога была арэндная дамова аж да 2024 году. У сваю чаргу газета «Беларускі партызан» сцвярджае, што кватэра Снегіром купленая абсалютна законна. Перад сваім другім прызначэннем на пасаду пракурора Мінскай вобласці Снягір падаваў дакументы на праверку ў Раду Бяспекі. І тады ніякіх прэтэнзій не было.

Звяртае ўвагу і тое, што перад набыццём кватэры на вуліцы Грыбаедава Снягір прадаў нятанную трохпакаёўку ў Траецкім прадмесці.

Што датычыць Уладзіміра Сідаровіча, то ён яшчэ ў 1999 г. заключыў з прадстаўніцтвам шведскай фірмы Swe-Bel Partner AB, у якой працаваў, пагадненне аб арэндзе кватэры на 25 гадоў. У 2007 годзе Swe-Bel Partner AB фактычна збанкрутавала і з радасцю прыняла прапанову Снегіра аб продажы кватэры.

Уладзімір Сідаровіч пасля гэтага неаднаразова звяртаўся ў Генеральную пракуратуру, а таксама суд Цэнтральнага раёну сталіцы, але яны ўвесь час займалі пазіцыю Снегіра. Пісаў лісты Сідаровіч таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта, КДК, Раду Бяспекі, але і яны абмяжоўваліся фармальнымі адпіскамі. Тагачасны кіраўнікі Рады Бяспекі Віктар Шэйман проста перанакіроўваў справу ў Генпракуратуру.

Праз нейкі час суддзя Цэнтральнага раёну Мінска Алена Ільіна, загадзя па тэлефоне ўзгадніўшы пазіцыю са Снегіром, прыняла рашэннем выселіць грамадзяніна Сідаровіча з кватэры. Зрэшты, намераў здавацца ў гэтай справе Сідаровіч не меў.

На той самай нарадзе Лукашэнка казаў, што Снягір будуе яшчэ адзін дом ля Цнянскага вадасховішча, які «выглядае больш унушальна за рэзідэнцыю прэзідэнта». Па візуальных адчуваннях кіраўніка краіны катэдж каштуе не меней за мільён даляраў. Зрэшты,

падобных асабнякоў на Цнянцы і ў тых жа Драздах нават не дзесяткі, а сотні. А вось для публічнага паказу выбраны быў менавіта снегіроўскі.
«Дзе пракурор узяў грошы?» — крычаў Лукашэнка.

Была дадзеная каманда цягам дзесяці дзён катэдж канфіскаваць і перадаць яго якой-небудзь «шматдзетнай сям’і». Па дакументах асабняк аформлены не на Снегіра, а не нейкага бізнесмена, які даў паказанні, што грошы на домік яму даваў пракурор. Каля будоўлі часта бачылі і сваякоў пракурора Міншчыны.

Лукашэнка дадаў і яшчэ адзін цікавы штрых да характарыстыкі Снегіра. Да пракурора звярталіся сябры-прадпрымальнікі з просьбай прыбраць канкурэнта і адмяніць рашэнне Найвышэйшага гаспадарчага суду. Тады Снягір праявіў надзвычайную актыўнасць. У Найвышэйшым гаспадарчым судзе справу вырашыць не выйшла праз «прынцыповую пазіцыю» Смірнова (былы намеснік старшыні Найвышэйшага гаспадарчага суду). Але тут на дапамогу зноў прыйшоў другі абвінавачаны ў карупцыйным скандале — намеснік генеральнага пракурора Купрыянаў.

Чаму ахвярай антыкарупцыйнага скандалу стаў менавіта Снягір? Ён нічым не лепшы і не горшы за многіх іншых пракурорскіх работнікаў.
Магчыма, што Снягір проста не з тым звязаўся. Бо кажуць, Сідаровіч цесна звязаны з КДБ, дзе захаваў добрыя сувязі. Даклад Лукашэнку рыхтавала менавіта ведамства Зайцава з дапамогай камітэту дзяржкантролю.

Не выключана, што сваіх катэджаў Снягір мог пазбыцца і праз асабісты канфлікт з Зянонам Ломацем. Зацікаўлены ў пераразмеркаванні роляў у пракуратуры і новы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Снягір быў усё ж прадстаўніком старой гвардыі. Гавораць, што і сёння ён захоўвае добрыя стасункі з былым генеральным пракурорам Алегам Бажэлкам.

Зрэшты, хмары над пракурорам збіраліся яшчэ раней. Роўна год таму быў звольнены пракурор Мінскага раёну Ігар Шкатула. Прычына — масавы захоп блізу сталіцы зямельных надзелаў і незаконны продаж зямлі для будаўніцтва катэджаў. Тады ўпершыню ў СМІ трапіла інфармацыя пра катэджык Снегіра. Казалі, што ён можа пазбыцца пасады, але тады кантракт з ім падоўжылі.

Яшчэ адзін немалаважны факт:

у 2000 годзе пастанову аб арышце Дзмітрыя Паўлічэнкі падпісаў менавіта намеснік генеральнага пракурора Міхаіл Снягір.
Гэта значыць, акурат ён валодае шмат якой інфармацыяй па справах знікненняў вядомых праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Ясна адно: за карупцыйнымі праваламі ў самым сэрцы вертыкалі праглядаюцца даўнія і цёмныя спляценні інтарэсаў.

* * *

Міхаіл Снягір нарадзіўся 5 лістапада 1954. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Прайшоў шлях ад памочніка пракурора Заводскага раёну Мінску да намесніка Генеральнага пракурора. Быў дэпутатам палаты прадстаўнікоў першага склікання. Г.зн. падтрымаў Лукашэнку ў часе перавароту 1996 году.

Чытай таксама:«Снягір разлічыўся за кватэру»,

або Як набываюць нерухомасць моцныя людзі Рэспублікі Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?