Навагоднія праграмы пройдуць у ноч на 1 студзеня ва ўсіх раёнах Мінска на традыцыйных для гэтых мерапрыемстваў пляцоўках,
паведаміў на прэс‑канферэнцыі 17 снежня начальнік аддзела па справах мастацтваў упраўлення Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч.

Паводле яго слоў, агульнагарадское шасцігадзіннае навагодняе шоу пройдзе на плошчы каля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе будзе зманціраваны вялікі сцэнічны комплекс. На свяце выступяць практычна ўсе зоркі беларускай эстрады.

Там жа 1 студзеня, у першай палове дня, пройдзе праграма для дзяцей, а ўвечары — танцавальная праграма для моладзі.

Акрамя гэтага, паведаміў У.Анціповіч, у Мінску пройдзе

шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак.

Яно пачнецца 25 снежня ў 11.00 каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў. «Сёлета мы адышлі ад традыцыі запрашаць па 100‑200 Дзядоў Марозаў і Снягурак ад кожнага раёна горада, іх будзе ўсяго 20 пар ад раёна, — паведаміў У.Анціповіч. —

Плануецца, што галоўныя Дзед Мароз і Снягурка праедуць па маршруце шэсця на трактары «Беларус», які з’яўляецца сімвалам нашай краіны».

Акрамя гэтага матацыклісты правязуць вялікі «зімовы сцяг», які, паводле слоў чыноўніка, «аб’яднае дзяржаўную і гарадскую сімволіку».

Шэсце пройдзе па маршруце:

праспект Пераможцаў — плошча Свабоды — праспект Незалежнасці — Кастрычніцкая плошча
і завершыцца навагоднім спектаклем‑казкай «з выкарыстаннем элементаў лялечнага спектакля».

На 25 снежня на Кастрычніцкай плошчы запланаваны эстрадны канцэрт і ўрачыстае ўключэнне ілюмінацыі галоўнай сталічнай ёлкі. У гэты дзень на плошчы таксама будуць разгорнутыя гандлёвыя рады навагодняга кірмашу.

26 снежня ў Палацы спорту адбудзецца паказ «Галоўная ёлка краіны». З 3 па 6 студзеня гэтае шоу змогуць наведаць дзеці з усіх раёнаў горада.

Паводле слоў прадстаўніка Мінгарвыканкама, у ноч на 1 студзеня з 1.30 да 1.50 каля стэлы « Мінск — горад‑герой» адбудзецца навагодні феерверк. У.Анціповіч зазначыў, што ў месцах масавых мерапрыемстваў будуць узмоцненыя меры бяспекі, на феерверку будзе прадугледжана зона ачаплення і надгляд.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0