Самая маштабная PR‑кампанія Беларусі ў справе прыцягнення інвестараў, нядаўна праведзеная ў Лондане, пацярпела фіяска.
Прычым не без дапамогі аднаго з галоўных арганізатараў — РУП «Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва». А дакладней, яе дырэктара. Які нанёс ураду ўдар у самае далікатнае месца і вельмі папсаваў інвестыцыйны імідж краіны.

Скандал, які на мінулым тыднем пачаўся ў Мінску, улады ўсім сіламі спрабуюць схаваць, але

грэх не схаваеш у мех, і ў балота не ўтопчаш.
Пра тое, як беларускія чыноўнікі завабліваюць у краіну інвестараў і дапамагаюць ім у працы, ужо стала вядома не толькі ў краіне, але і па‑за яе межамі. Але пра ўсё па чарзе.

РУП «Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва» было створана летам 2006 году. Адным з асноўных ініцыятараў стварэння стаў начальнік упраўлення міжнароднага інвестыцыйнага супрацоўніцтва Міністэрства эканомікі Алег Зіноўеў. Прасоўваючы ідэю, ён заяўляў пра тое, што задачай агенцтва будзе арганізацыя любога інвестыцыйнага праекту, што называецца, пад ключ.

Паводле задумы А.Зіноўева, якая была падтрыманая ўрадам, агенцтва мелася дапамагаць беларускім прадпрыемствам у пошуку інвестараў, а замежным кампаніям — у пошуку аптымальнага інвестыцыйнага праекту на тэрыторыі Беларусі. Прычым арганізацыя працы планавалася паводле прынцыпу «адно вакно». «Інвестару не давядзецца бегаць па інстанцыях, атрымліваць ліцэнзіі і дазволы. Усё гэта будзе рабіць агенцтва», — заявіў тады БЕЛТА Алег Зіноўеў.

Карацей, ідэя — проста цуд для ўсёй краіны.

І сапраўды, першыя гады дзейнасці РУП «Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва», якое, дарэчы, узначаліў менавіта Зіноўеў, паказала сябе з найлепшага боку.
Апафеозам жа можна смела назваць Лонданскі інвестыцыйны форум, да арганізацыі якога агенцтва мела самае непасрэднае дачыненне.

«Беларусь плануе штогадовае правядзенне інвестыцыйных прэзентацый, бо некаторыя кампаніі на інвестфоруме ў Лондане ўпершыню для сябе адкрылі краіну, — сказаў паводле вынікаў мерапрыемства Алег Зіноўеў. — Магчыма, у наступным годзе Беларусь правядзе інвестыцыйны форум у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах». Паводле словаў дырэктара РУП, Беларусі яшчэ трэба стварыць эфектыўную сістэму працы з замежнымі інвестарамі. Маўляў, краіне трэба быць больш гнуткай у схемах інвеставання, а таксама развіваць венчурнае і праектнае інвеставанне.

І вось у канцы мінулага тыдня Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС распаўсюдзіла цікавую інфармацыю.

«Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і байцы спецпараздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» затрымалі членаў арганізаванай злачыннай групы, якія спрабавалі махлярскім шляхам завалодаць 3 млн эўра замежнага інвестара», — паведаміла агенцыі «Інтэрфакс‑Захад» начальнік УІОС МУС Святлана Бароўская.

Згодна з яе словамі, у кастрычніку гэтага году ў МУС Беларусі звярнуўся еўрапейскі бізнесмен, які інвеставаў 5 млн даляраў у будаўніцтва бізнэс‑цэнтру ў Менску. «Заяўнік усумніўся ў прыстойнасці сваіх партнераў і ўказаў на магчымае скраданне імі ўжо ўкладзеных грашовых сродкаў. У выніку аператыўна‑пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі выявілі, што ўказаныя асобы сапраўды прысабечылі грошы замежніка. Схаваўшы гэты факт, махляры гарантавалі еўрапейскаму бізнесмену далейшую паспяховую працу ў Беларусі пры ўмове перадачы ім яшчэ 3 млн еўра. Для гэтага зламыснікі падрыхтавалі адпаведны пакет несапраўдных дакументаў для юрыдычнага замацавання кантролю замежніка за праектам у Мінску», — паведаміла С.Бароўская.

Генеральная пракуратура санкцыянавала правядзенне аператыўнага эксперымента супрацоўнікамі цэнтральнага апарату МУС. У выніку члены злачыннай групоўкі былі затрыманыя з палічным пры атрыманні грашовых сродкаў. «Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС заведзена крымінальная справа па факце махлярства ў асабліва вялікім памеры, здзейсненага групай асобай. Ідзе расследаванне», — падкрэсліла С.Бароўская.

Гэтую інфармацыю працытавалі практычна ўсе СМІ і інтэрнэт‑рэсурсы, не падазраючы пра тое, што самае смачнае МУС, як звычайна, прыхавала.
Рэч у тым, што галоўным фігурантам гэтай справы з’яўляецца малады і амбіцыйны дырэктар РУП «Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва» Міністэрства эканомікі Алег Зіноўеў. У кампаніі з ім апынуліся таксама прарэктар Маскоўскага ўніверсітэта дзяржаўнага і карпаратыўнага кіравання А.Іваноўскі і яшчэ адзін мінчук без пасады, але таксама, кажуць, вельмі бачны дзеяч падпольнага чынавенскага бізнэсу.
Усім ім інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.4 ст.209 УК РБ (махлярства, здзейсненае арганізаванай злачыннай групай у адмыслова буйным памеры).

Вядома, да заканчэння расследавання яшчэ далёка, і яно можа скончыцца поўным апраўданнем усіх фігурантаў справы. У Беларусі бывала і не такое. Але сутнасць не ў тым, ці сядуць усе трое падазраваных. Якія б ні былі вынікі расследавання і наступнага разгляду справы ў судзе, ад фундатара да фундатара ўжо пачала ісці інфармацыя аб тым, як галоўны ў Беларусі інвестыцыйны дзеяч зарабляе сабе на старасць. Высновы ўсе ўжо для сябе зрабілі, нягледзячы на то, як хораша мы прапіярыліся ў Лондане.

Ежедневник

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0