17 снежня ў галоўным корпусе БДУ адкрылася мінералагічная выстава «Каменная казка».
Як паведаміла журналістам перад адкрыццём арганізатар выставы загадчык музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ Валянціна Смалякова, мэта мерапрыемства — папулярызацыя «прыроднага матэрыялу, які ўпрыгожвае, дарыць цяпло і лечыць людзей».
У экспазіцыі прадстаўлены работы з мінералаў, дрэва, керамічныя вырабымайстроў Беларускага саюза народнай творчасці і грамадскага аб’яднання «Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын».
Дэманструюцца аўтарскія калекцыі мінералаў і горных парод Кольскага паўвострава і Урала, калекцыя бурштыну краін Балтыі і Беларусі, калекцыя беларускіх крамянёў. Свае работы прадстаўляюць 65 удзельнікаў, у асноўным з Беларусі, а таксама госці з Літвы, Украіны, Конга.
У рамках выставы працуюць экспазіцыі «Сімфонія «шчаслівых» самацветаў снежня», «Малахітавая шкатулка», «Выкапнёвы лес у працах майстроў». Яны арганізаваны музеем землязнаўства, выкладчыкам кафедры дынамічнай геалогіі Сяргеем Юдаевым і супрацоўнікамі геаграфічнага факультэта БДУ. «Шчаслівымі» мінераламі снежня прызнаны біруза, рубін, блакітныя сапфіры, цырконы, лазурыты.
Наведвальнікі выставы могуць не толькі паглядзець на мінералы, але і набыць вырабы з іх.
Паводле слоў В.Смаляковай, экспазіцыя традыцыйна карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. На яе думку, за гады правядзення мінералагічных выстаў‑кірмашоў людзі сталі лепш разбірацца ў мінералах.
У рамках выставы пройдуць конкурсы на лепшую мінералагічную калекцыю, лепшую работу, арыгінальнае афармленне кампазіцыі. Іх вынікі будуць падведзены 20 снежня.
Выстава будзе працаваць да 21 снежня.