Браты Адамчыкі пачалі выдаваць новую серыю «Сучасны беларускі дэтэктыў». Першыя дзве кнігі, «Карона» Міраслава Адамчыка і «Замак» Адама Глобуса, маюць выйсці на рынак у самым хуткім часе. У «Карону» ўвайшлі 3 дэтэктыўныя аповесці: «Карона Вітаўта Вялікага», «Забойства на Каляды» і «Канапляныя палі». У Глобусавы ж томік — раман «Заўсёды светла каля турэмных муроў», апавяданні «Сапежынская пачвара», «Латвійскі дэтэктыў» і «Сіні пад’езд».

Кнігі зробленыя ў фармаце покета, самай таннага выдання ў мяккай вокладцы, што разлічаны на продаж найлепш у вялікіх крамах. «Ужо заключаныя дамовы з выдавецтвам «Харвест», — кажа Адам Глобус. — Неўзабаве нашыя дэтэктывы з’явяцца ва ўсіх гіпер- і супермаркетах, дзе ёсць кніжныя аддзелы».

Чаму супермаркеты? Міраслаў Адамчык у сваім жывым дзённіку піша: «Супермаркет — адзіны незаангажаваны і аб’ектыўны крытык. Можаш колькі хочаш аспрэчваць формулу Мішэля Ўэльбека — «Свет, як супермаркет», але спачатку ты мусіш узяць гэтую планку, паставіць кнігу на паліцу паміж батонамі і цэлафанаванымі селядцамі, і супермаркет дакладна пакажа, каму і наколькі ты цікавы».

Браты не жадаюць абмяжоўвацца выданнем уласнай творчасці, а хацелі б выдаць таксама іншых беларускіх аўтараў, што пішуць ці пісалі ў дэтэктыўным жанры: Клімковіча, Сцяпана. Ёсць прапанова нават выдаць Караткевічаў раман «Дзікае паляванне караля Стаха» — таксама ў нязвыклай форме покет-бука. «Бо гэта ж праўдзівы дэтэктыў, — тлумачыць Адам Глобус. — І назву няблага было б скараціць: «Стах» ці «Кароль». Мы хочам, каб беларуская кніга прадавалася добра».

Часткова фундаваў праект вядомы беларускі бізнэсовец і мецэнат з Масквы Андрэй Макагон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?