У Брэсце ўхвалены канчатковы варыянт помніка ў гонар 1000-годдзя горада.
Гэтае пытанне разглядалася 20 снежня на пасяджэнні каардынацыйнага савета па захаванні матэрыяльнай і духоўнай спадчыны пры Брэсцкім аблвыканкаме.

Падчас абмеркавання

прадстаўнікі духавенства выказаліся супраць увекавечання ў скульптурнай кампазіцыі адной з сямі гістарычных асоб — вялікага князя літоўскага і караля польскага каралеўства Ягайлы.
Яны ўпэўненыя, што перыяд праўлення гэтага дзяржаўнага дзеяча (канец XIV — пачатак XV стагоддзя) азнаменаваны ўціскам людзей праваслаўнага веравызнання. У якасці аргументу таксама прыводзіліся звесткі,
што 80% жыхароў абласнога цэнтра з'яўляюцца праваслаўнымі.

На пасяджэнні былі прадстаўлены і супрацьлеглыя меркаванні.

У прыватнасці, што гэта не культавы мемарыял, а свецкі помнік, які адлюстроўвае асноўныя вехі гісторыі Брэста.

Ягайла, які выдаў Бярэсцю грамату на гарадское самакіраванне, гэтак званае Магдэбургскае права, з'яўляецца знакавай асобай для горада. Прадстаўнікоў духавенства не пераканалі прыведзеныя аргументы.

У выніку ўдзельнікамі каардынацыйнага цэнтра было ўлічана меркаванне прадстаўнікоў БПЦ і прынята рашэнне зняць скульптуру Ягайлы.

Гэта ўжо другое змяненне, унесенае распрацоўшчыкамі помніка па прапанове Беларускай праваслаўнай царквы. Цяпер яго замест Прасвятой Багародзіцы (на думку духавенства, прапанаваная скульптурная выява Божай Маці не адпавядала традыцыі Праваслаўнай царквы) вянчае анёл-апякун горада з крыжам і мячом.

Як зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН сакратар каардынацыйнага савета па захаванні матэрыяльнай і духоўнай спадчыны пры Брэсцкім аблвыканкаме Леанід Несцярчук, у хуткім часе будзе выраблена рабочая мадэль помніка ў маштабе адзін да аднаго ад натуральнай велічыні.

Скульптурная кампазіцыя распрацаваная скульптарам Аляксеем Паўлючуком падчас падрыхтоўкі горада да юбілеяў — 990-годдзя і 1000-годдзя з дня ўзгадвання Бярэсця ў летапісных крыніцах. Сваё тысячагоддзе Брэст адзначыць у 2019 годзе.

Помнік вышынёй 10,5—11 метраў з граніту і бронзы будзе трох'ярусным. На верхнім — фігура анёла, на сярэднім — шэсць фігур гістарычных асоб, устаноўленыя па крузе. Помнік плануецца ўстанавіць да 28 ліпеня 2009 года на перасячэнні вуліц Савецкай і Гогаля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?