Вынікі круглага стала з удзелам БНФ «Адраджэньне», ТБМ імя Ф.Скарыны, Інстытуту дзяржаўнасьці й дэмакратыі, Таварыства беларускай школы, грамадзкага аб’яднаньня «Дыярыюш».

У Сядзібе БНФ прайшоў круглы стол, прысьвечаны абароне беларускай мовы як каштоўнасьці. Кіраўнікі БНФ «Адраджэньне», ТБМ імя Ф.Скарыны, Інстытуту дзяржаўнасьці й дэмакратыі, Таварыства беларускай школы, грамадзкага аб’яднаньня «Дыярыюш», навукоўцы й палітыкі абмеркавалі два асноўныя пытаньні. Па‑першае, гэта укладаньне праекту закону пра абарону й дзяржаўную падтрымку беларускай мовы. Па‑другое, заўвагі й прапановы да моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 году.

Выступалі Вінцук Вячорка, Алег Трусаў, Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Іван Саверчанка, Андрэй Вардамацкі, Віктар Івашкевіч, Мечыслаў Бурак.

Вырашана стварыць экспэртную групу для маніторынгу перапісу і для падрыхтоўкі законапраекту, у якую таксама запрасіць прадстаўнікоў Беларускага П.Э.Н.‑Цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Пра вынікі сустрэчы гаворыць яе ініцыятар Вінцук Вячорка:

«Патрабуючы вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, мусім адначасова рабіць тэрміновыя небанальныя крокі. Таму

мы прапануем закон пра абарону й дзяржаўную падтрымку беларускай мовы як культурнай каштоўнасьці.
Фармальна такі закон ня ўвойдзе ў супярэчнасьць зь дзейным моўным заканадаўствам. Асобныя законы пра мову тытульнай нацыі або яе аспэкты як культурныя каштоўнасьці ёсьць ці маюць быць прынятыя ў розных краінах, прыкладам у Эстоніі, Украіне. Мы ўвяжам наш законапраект зь міжнароднымі дакумэнтамі – такімі, як Міжнародная канвэнцыя пра ахову нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО, Усеагульная дэклярацыя лінгвістычных правоў, што рыхтуецца для будучай ратыфікацыі краінамі ААН.

Дзяржава павінна абараняць беларускую мову ад небясьпекі страты гістарычнай пэрспэктывы, бо моўнае адзінства нацыі – магутны фактар нацыянальнай бясьпекі.

Таму дзіўна, што плянаваны ў наступным кастрычніку перапіс насельніцтва не выкарыстоўваецца для ацэнкі колькасьці людзей, што лічаць беларускую мову роднай. Хаця раней такое пытаньне было. Прафэсар Вардамацкі назваў гэта сёньня парушэньнем сацыялягічнага прынцыпу трэндавасьці. Не зьбіраюцца пытацца, у якой ступені чалавек валодае беларускаю моваю, што неабходна для адукацыйнага плянаваньня.

Наадварот, у моўны блёк перапісу мэханічна ўключаныя пытаньні малаінфарматыўныя, а то і аблудныя для чытача.

Пытаньне пра «родную мову» ёсьць, але гэтае паняцьце нечакана расшыфроўваецца як «мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве»
(калька з mother tongue – матчына мова, аднак гэта не заўсёды адно й тое). Але ж пасьля дзесяцігодзьдзяў русіфікацыі сотні тысячаў, мільёны ўрбанізаваных беларусаў адчулі повязь зь беларускаю моваю як вялікаю нацыянальнаю і асабістаю каштоўнасьцю – нават калі іхныя мацяркі не гадавалі іх па‑беларуску.

Вельмі трывожыць, што няма ані інструкцыяў моўных паводзінаў перапісьнікаў, ані перапісных лістоў па‑беларуску. Калі перапісьнік пачынае гаворку па‑расейску, гэта міжволі ўплывае на апытванага чалавека, замацоўвае яго ў думцы, што беларуская мова другасная.

Вынікі моўнай часткі перапісу будуць мець вялікае значэньне для ацэнкі нацыянальнай пэрспэктывы беларускага народу.
Мы будзем зьвяртацца ў Нацыянальны статыстычны камітэт (там сёньня акурат свая нарада на тэму перапісу) з прапановай наладзіць круглы стол з грамадзкасьцю. Гатовыя даць ня толькі канструктыўныя прапановы, але й практычную дапамогу ў выглядзе моўна‑сытуацыйных трэнінгаў перапісьнікаў», – запэўніў Вінцук Вячорка.

* * *

Ухвалы Круглага стала

Да канцэпцыі праекту Закону пра абарону й дзяржаўную падтрымку беларускай мовы

1. Закон мае самастойную вартасьць і ня пярэчыць дзейнаму моўнаму заканадаўству.

2. Аб’ект дзеяньня закону – беларуская мова ва ўсіх яе формах бытаваньня, часавых і прасторавых праявах (літаратурная мова, дыялекты, графічныя і правапісныя традыцыі, анамастыка і г.д.).

3. Беларуская мова ў праекце разглядаецца як:

‑ нематэрыяльная культурная каштоўнасьць;

‑ фактар нацыянальнай бясьпекі краіны;

‑ гарантыя гістарычнай і этнакультурнай пэрспэктывы беларускай нацыі;

‑ чыньнік кансалідацыі беларускай дыяспары.

Пра стварэньне Грамадзкай групы маніторынгу падрыхтоўкі і правядзеньня моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 г.

1. Мэта Грамадзкай групы маніторынгу – забясьпечыць улік меркаваньняў профільных грамадзкіх арганізацыяў, навуковай і грамадзянскай супольнасьці пры падрыхтоўцы і правядзеньні моўнай часткі перапісу 2009 г.

2. Грамадзкая група маніторынгу лічыць неабходным:

‑ уключыць у працоўныя групы правядзеньня перапісу прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных сацыялягічных службаў;

‑ правесьці шырокае грамадзкае абмеркаваньне пытаньняў перапісу 2009 г.;

‑ захаваць у перапісным лісьце пытаньне пра родную мову рэспандэнта з захаваньнем права самавызначэньня ў гэтым пытаньні;

‑ пашырыць і суаднесьці зь беларускай мовай сьпіс факталягічных пытаньняў моўнай часткі, дадаўшы пытаньні пра ступень актыўнага ці пасіўнага валоданьня беларускай мовай, у тым ліку яе мясцовымі дыялектамі;

‑ падрыхтаваць для перапісьнікаў інструкцыю адэкватных моўных паводзінаў, каб выключыць успрыняцьцё рэспандэнтам статусу беларускай мовы як другаснай у параўнаньні з рускай.

3. Грамадзкая група маніторынгу прапануе Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту Рэспублікі Беларусі і аддзяленьню ЮНФПА (Фонду ААН у галіне народанасельніцтва) у Беларусі правесьці супольны круглы стол, прысьвечаны моўнаму блёку перапісу 2009 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?