Актывісты моладзевых рухаў працягваюць галадоўку пратэсту. Частка галадоўнікаў спыніла акцыю – у асноўным гэта непаўналетнія сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Але да акцыі далучыліся некалькі новых удзельнікаў у рэгіёнах. Моладзь патрабуе спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў «Маладога фронту», вызваліць палітвязьняў, аднавіць на вучобе апазыцыянэраў, а таксама спыніць перасьлед вернікаў-хрысьціянаў.

У Менску і ў рэгіёнах няпоўнагадовыя ўдзельнікі акцыі спынілі галадоўку. У Жодзіне чатыры чалавекі выйшлі з акцыі пратэсту. Яны патлумачылі, што лічаць бессэнсоўным удзельнічаць у акцыі, якая не была добра падрыхтаваная інфармацыйна і таму не набыла вялікага розгаласу ў грамадзтве. У Жодзіне шостыя суткі трымае галадоўку 18-гадовы Сяржук Гудзілін. 11 чэрвеня яму споўніцца 19 гадоў. Сяржук заявіў, што будзе працягваць галадоўку, і нават у свой дзень народзінаў ня кіне галадаць.

(Гудзілін: ) «Алесь Чырыйка спыніў галадоўку, бо ён працуе. Чатыры дні, што ён галадаў, быў на працы. Ён фізычна ня здолеў працягваць галадоўку, бо ў яго вельмі адказная праца. Я адзін працягваю галадоўку ў Жодзіне на знак салідарнасьці з тымі, хто яе пачынаў у Салігорску. Я ведаю, што Дзяніс Карноў там працягвае галадоўку. Сёньня ўжо шостыя суткі, як я галадаю. Але пакуль рухаюся па горадзе, бо трэба выконваць свае функцыянальныя абавязкі. Спрабую праходзіць камісію ў ваенкамат, бо мяне, хутчэй за ўсё, забяруць у войска».

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Хведарук галадае 10-я суткі ў Менску. Разам зь ім у акцыі пратэсту ўдзельнічаюць 12 маладафронтаўцаў.

(Хведарук: ) «Стан здароўя больш-менш нармалёвы. Ёсьць толькі цяжкасьці з рухам, бо неяк цяжка стала хадзіць. Галадоўку я спыняць не зьбіраюся, бо, на вялікі жаль, улада не зьбіраецца пакуль выконваць патрабаваньняў галадоўнікаў: не спыніла крымінальныя справы, зачыненыя цэрквы, не вызвалілі палітвязьняў. Буду галадаць да апошняга. У Менску разам са мной трымаюць галадоўку больш за дзясятак маіх паплечнікаў. Мы спадзяемся, што цягам тыдня да акцыі далучацца больш за 50 чалавек».

Да галадоўкі далучыліся некалькі чалавек ў Бабруйску, Магілёве, Нясьвіжы, Горадні, Лідзе, Мастах, Баранавічах, Менску. Ад 30 траўня чатыры чалавекі трымаюць галадоўку на знак салідарнасьці з актывістамі беларускай апазыцыі ва ўкраінскім Луцку. Падтрымку ўдзельнікам акцыі выказаў Аляксандар Мілінкевіч, а таксама сябры ўкраінскіх моладзевых арганізацыяў – «Нацыянальны альянс» і «Студэнцкае брацтва».

Афіцыйныя ўлады пакуль не далі адказу маладафронтаўцам на іхныя патрабаваньні. Згодна з заканадаўствам, пракуратура мусіць даць адказ цягам месяца альбо далучыць зварот да матэрыялаў крымінальнай справы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0