Уладзімір Захараў другі дзень трымае зачыненымі гандлёвыя дамы ў Полацку і Наваполацку. Гандляры рыхтуюць заявы ў Гаспадарчы суд.
У Полацку і Наваполацку другі дзень не працуюць буйныя гандлёвыя дамы «Стралецкі рынак», «Еўралюкс» і «Стралецкі капітал».
Зроблена гэта на загад уладальніка рынкаў Уладзіміра Захарава. Ён патлумачыў гэты крок тым, што
«не бачыць сэнсу працы ў такіх жорсткіх ўмовах, якія яшчэ горш узмацняюцца ў Беларусі»,перадае Радыё Свабода.
У Наваполацкім гарвыканкаме паведамілі, што акурат цяпер працуюць над гэтай праблемай. «На дадзены момант прадпрымальнікі, якія арандавалі гандлёвыя плошчы ў ГД «Стралецкі капітал», рыхтуюць калектыўны пазоў у Гаспадарчы суд на дзеянні ўласніка гандлёвага дому Ўладзіміра Захарава» — паведаміла начальніца аддзелу гандлю Ірына Мінчукова. Паводле яе інфармацыі, «Стралецкі капітал» быў замкнёны з ініцыятывы ўладальніка.
Пішуць заявы і полацкія прадпрымальнікі, паведамілі ў полацкім гарвыканкаме. «Гарвыканкам не прымаў ніякіх мераў па закрыцці рынку, наадварот, мы робім усё магчымае, каб яго адчыніць» — паведаміла начальніцы аддзелу Ірына Гукава. Па яе словах, другі дзень не адчыніўся ГД «Еўралюкс», на «Стралецкім рынку» ў аўторак афіцыйны выходны.
Тым часам, сярод наваполацкіх гандляроў ходзяць розныя версіі гэтай падзеі. Адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў, які арандуе гандлёвую плошчу ў наваполацкім гандлёвым доме «Стралецкі капітал», пацвердзіў нам інфармацыю, што наваполацкі гандлёвы дом не працуе другі дзень. «Калі да заўтра сітуацыя не выправіцца — пойдзем разам да гарвыканкаму» — кажа прадпрымальнік.