З новага году раздробавыя цэны на прадукты мультымэдыя могуць вырасьці ў Беларусі ў чатыры-пяць разоў. Да такой высновы прыйшлі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца пастаўкамі ў нашую краіну навінак відэапракату і кампутарных праграмаў. Паводле іх слоў, пасьля ўвядзеньня спэцыяльных акцызаў усе папулярныя прадукты падаражаюць незалежна ад сытуацыі на рынку. У выніку раздробавая цана кампутарных і відэадыскаў можа дасягнуць рэкорднай для нашай краіны адзнакі ў 55-80 даляраў.

Як вынік, прадаўцы мультымэдыйнай прадукцыі прагназуюць зьніжэньне пакупніцкага попыту і закрыцьцё сеткі дробных гандлёвых кропак. На дадзены момант гуртавая цана аднаго неліцэнзійнага DVD-дыска складае недзе два даляры. Ліцэнзійныя носьбіты каштуюць даражэй – ад 7-15 даляраў. У раздроб дыскі выстаўляюцца па 25-40 тысяч беларускіх рублёў. Калі адбудзецца непрадбачаны цэнавы скачок, то за навінкі кінапракату беларусам давядзецца выкладаць па 100 тысячаў рублёў.

Пры цяперашнім узроўні даходаў грамадзян, кажуць прадпрымальнікі, рэалізоўваць дыскі па такой цане будзе немагчыма. Ня так даўна расейскія пастаўшчыкі паднялі закупачны кошт адзінкі тавару ўсяго на 2 даляры. Гэтага аказалася дастаткова, каб беларускія пакупнікі адвярнуліся ад падаражалай ліцэнзіі і сталі актыўней скупляць пірацкія дыскі.

Зрэшты, тавар ад расейскіх флібусьцьераў таксама чакае маштабная пераацэнка. Калі ўлічыць, што зь першага студзеня наступнага году на кожны ўвезены дыск мусіць клеіцца акцызная марка, імпартныя дыскі могуць стаць у Беларусі вялікай рэдкасьцю. Што да канчатковай цаны ў 55-80 даляраў за дыск, то грамадзяне ЗША і краінаў Эўразьвязу даўно да яе прызвычаіліся.

BelSwissBank

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0