У Сеціве з’явілася «Кальцо патрыятычных рэсурсаў Беларусі».

Сайт «Уся Беларусь» («Кальцо патрыятычных рэсурсаў Беларусі») прэзентуе сябе, як рэсурс, створаны беларусамі для беларусаў. Зроблены ён «простымі патрыётамі Беларусі». Пры гэтым ў дужках робіцца ўдакладненне: ні Малады фронт, ні БРСМ, ні КПБ, ні ПКБ. Мэты ў апалітычных патрыётаў досыць амбіцыйныя — даць суграмадзянам аб’ектыўную незалежную інфармацыю і магчымасць падзяліцца інфармацыяй з іншымі, абараніць інтарэсы, лад і традыцыі Беларусі ў Сеціве.

«Нам надакучыў бруд, што выліваецца ў Сеціве на нашу Радзіму, нам надакучыла татальная цэнзура «дэмакратычных» сайтаў тыпу Хартыі і г.д.» — пішуць у сваім маніфэсце «патрыёты».

І абяцаюць «ворагам» Беларусі «прынцып люстэрка»: «у адказ на шматлікая наскокі на Беларусь мы проста абавязаныя падыходзіць да нашых крытыкаў і краінаў, якія яны прадстаўляюць, альбо ставяць у прыклад, з той жа мерай, што і яны да нас». З гэтай задачай, гледзячы па загалоўках артыкулаў, «Уся Беларусь» з поспехам спраўляецца.

Вось некаторыя з назваў опусаў: «Ну просто чудовищные репрессии - оппа-западоида хотят забрать в армию :)», «Куропаты: идеологическая диверсия», «Тупеющая Америка!!!», «Творцы диверсии против России».
Звяртае на сябе ўвагу аздабленне сайту — выкарыстанне афіцыйнага арнаменту і колераў, у шапцы спалучаныя выявы Старога Менску, Нацыянальнай бібліятэкі і фрагменту гравюры Грунвальдскай бітвы. Раздзелы сайту, за выняткам «анекдотаў», пакуль не напоўненыя.

На сёння «Кальцо патрыятычных рэсурсаў Беларусі» аб’ядноўвае 23 рэсурсы, сярод якіх — «Русское братство», «Православный Кіевъ», «Патриот поморья», а таксама сайты Мінскага сувораўскай вучэльні і Мінскага гаркаму КПБ. Некаторыя «патрыятычныя» рэсурсы выглядаюць сайтамі-аднадзёнкамі, як напрыклад История Беларуси ды Белорусский спорт. Сярод партнёраў сайту — аналагічны расійскі рэсурс, у якога стваральнікі «Усёй Беларусі» найхутчэй і пазычылі гэтую ідэю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?