У пачатку 2009 года цана на расійскі газ для Беларусі будзе вышэйшая за цяперашнюю (127,9 долара за тысячу кубаметраў), але затым будзе зніжацца,
заявіў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў 27 снежня ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Будзе цана першага квартала, якая потым будзе паніжацца.

Я цяпер не гатовы каментаваць параметры, у 2,5 ці 3 разы, па формуле будзе разлічвацца.
Але цана будзе на працягу года, сапраўды, зніжацца», — сказаў С.Купрыянаў.

Прадстаўнік «Газпрому» нагадаў, што два гады таму з Беларуссю быў падпісаны пяцігадовы кантракт, які меў на ўвазе пераход на вызначэнне цаны «не шляхам штогадовых перамоў, а па формуле, якая звязана з цаной нашых практычных паставак у еўрапейскія краіны за мінулы год; на падставе гэтых цэн па формуле вылічваецца цана першага квартала будучага года, якая потым, на працягу года, кожны квартал карэктуецца ў залежнасці ад таго, як мяняюцца цэны на нафтапрадукты на сусветных біржах».

«Для 2007, 2008 і 2009 гадоў былі прадугледжаныя пэўныя паніжальныя каэфіцыенты, якія ў адпаведнасці з кантрактам на 2009 год складаюць каэфіцыент 0,8, а таксама ёсць пэўныя абмежаванні, звязаныя са змяненнем цаны на працягу года.

Яна не можа мяняцца занадта моцна. Зададзены пэўны калідор, у якім яна можа мяняцца.
Цяпер, калі цэны падаюць, яны [беларускі бок] ўбачылі, што гэта іграе ўжо супраць іх. Вакол гэтых абмежаванняў гэтых каэфіцыентаў і ішла размова», — сказаў прадстаўнік «Газпрому».

«Ёсць дамоўленасці ў дачыненні да таго, што кантракт дзейнічае, формула дзейнічае, але будуць нейкія карэкціроўкі, — паведаміў С.Купрыянаў. — Якія — мы зможам сказаць, калі мы падпішам адпаведныя паперы.

Але цана будзе для Беларусі крыху ніжэйшая, чым гэта атрымлівалася па першапачатковым кантракце. Мы разумеем, што важна не толькі ўстанавіць цану, але важна яшчэ і грошы атрымаць. Таму і ідзем на пэўныя кампрамісы».

Для расійскіх спажыўцоў цана газу будзе на ўзроўні 1.900 рублёў (каля 65 долараў), аптовая для еўрапейскіх спажыўцоў — 260‑300 долараў, паведаміў С.Купрыянаў. На працягу года, паводле яго слоў, кошт газу будзе зніжацца для ўсіх еўрапейскіх спажыўцоў.

23 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на працягу 2009 года цана на расійскі газ будзе зніжана ў 2,5‑3 разы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?