Расія выбрала героя, які процістаяў Захаду.
Расія выбрала героя, які процістаяў Захаду.
Найвялікшым расіянінам усіх часоў і нацыянальным сімвалам паводле вынікаў інтэрнет‑галасавання, што доўжылася паўгоду, названы князь Аляксандр Неўскі (1221—1263).
Праект «Имя Россия», зладзілі тэлеканал «Россия», фонд «Общественное мнение» і Інстытут расійскай гісторыі. Вынікі былі падведзеныя ўвечары ў нядзелю ў эфіры праграмы «Вести недели».
Аляксандр Неўскі набраў 529 575 галасоў.
Другое і трэція месцы занялі рэфарматар, прэм’ер-міністр Расіі ў 1906-1911 г., а ў 1902‑1903 г. гарадзенскі губернатар Пётра Сталыпін (523 766 галасоў), і Іосіф Сталін (519 071 голас).
Далей гістарычныя персанажы размеркаваліся наступным чынам:
Пушкін, Пётр I, Ленін, Дастаеўскі, Сувораў, Мендзялееў, Іван Грозны (у беларускай традыцыі — Жахлівы), Кацярына II і Аляксандр II.
Тэхнічныя ўмовы конкурсу давалі магчымасць галасаваць аднаму чалавеку па некалькі разоў.
***
Эксперты супраць Леніна і Сталіна
Паралельна праходзіла галасаванне экспертаў.
У ім першае і другое месцы падзялілі Аляксандр Неўскі і Пушкін, трэцім стаў Сувораў, чацвертым — Сталыпін. А вось Ленін і Сталін занялі апошнія меcцы.
***
След у гісторыі беларускіх земляў
Аляксандр Яраславіч (Неўскі) — князь наўгародскі, а потым кіеўскі і ўладзімірскі. Вядомы, перадусім, сваімі перамогамі над шведамі ў 1240 г. на берагах Нявы (за што і атрымаў ганаровую мянушку), і над тэўтонскімі рыцарамі ў 1242 г. (Лядовае пабоішча).
Дарэчы, як сведчаць расійскія гісторыкі, Аляксандр Неўскі пару разоў (1242, 1245) надзіраваў вушы тады яшчэ не вялікаму, але ўжо літоўскаму князю Міндоўгу і ягоным апалчэнцам.
А крыху раней, у 1239 г.. ён узяў шлюб з дачкой Брачыслава, князя Полацкага, Аляксандрай. Ад шлюбу з ёй меў чатырох сыноў і адну дачку.
У масавай свядомасці з’яўляецца эталонам князя‑патрыёта, абаронцы роднай зямлі. Кананізаваны.
Стаў вялікім князем пасля нашэсця Батыя, праводзіў палітыку падпарадкавання Залатой Ардзе, жорстка душыў паўстанні супраць татара‑мангольскіх зборшчыкаў даніны. Гісторыкі і па гэты дзень спрачаюцца, ці быў гэты курс памылковым, ці адзіна магчымым у тых варунках.
***
Спрэчны праект
Праект «Имя Россия» стартаваў пры канцы траўня 2008 г.
На першым этапе карыстальнікі Рунета павінны былі выбраць на сайце конкурсу 50 гістарычных асобаў з 500, папярэдне названых навукоўцамі‑гісторыкамі, на другім — выбраць з паўсотні — першы тузін, на трэцім — і вызначыць пераможцу.
У ліпені разгарэўся скандал, калі высветлілася, што ў апытанні з вялікім адрывам лідзіруе Сталін.
У жніўні галасаванне было прыпыпена, а лічыльнік абнулілі — арганізатары заявілі, што за Сталіна галасавалі шматлікія спамеры.
Сайт рэгулярна падвяргаўся шматлікім хакерскім атакам, што выклікала ў многіх сумневы ў праўдзівасці вынікаў.
Каментары