Можа, фінансавы крызіс, нарэшце, прывядзе большую частку чалавецтва, захопленага спажываннем і таннымі распродажамі, у прытомнасць і прымусіць яго зразумець, што наспеў новы час? Вынікі году падводзіць Віталь Тарас.

Ялінка, запаліся!

У гераіні савецкага анекдота — кабеты сталага веку — запытвалі: «Што Вам больш даспадобы — мужчыны ці Новы год?» — «Канечне, Новы год, — адказвала тая. — Бо ён жа часцей». Тут цікавы не столькі пошлы сэнс анекдота, колькі той факт, што Новы год для ўсіх савецкіх людзей сапраўды быў своеасаблівым сімвалам шчасця, прынамсі, яго заменнікам. Ніякія іншыя савецкія святы — Першамай, ці Кастрычнік — ні ў якае параўнанне з навагоднім не ішлі.

Для мяне, як і для многіх маіх аднагодкаў, навагодняе свята — гэта чароўны пах елкі, мандарынаў, шакаладных цукерак, бенгальскія агні. А яшчэ — салата аліўе з курыным мясам і грэцкімі арэхамі, ад якой можна язык праглынуць. А яшчэ смажаная гусь з яблыкамі. А яшчэ смачны яблычны «Сідр» з вясёлымі хмялістымі бурбалкамі, які мой дзядуля ў адсутнасць бацькоў таемна наліваў мне, зусім малому, у сапраўдны бакал для шампанскага.

А самае галоўнае — гэта быў салодкі пачатак неймаверна даўгіх школьных вакацыяў. Цэлых дзесяць дзён можна было не хадзіць у ненавісную школу!

Ну, і што ад гэтага цяпер засталося? Вакацыі для дзяцей і дарослых даўжынёй дзесяць дзён чамусьці ўжо не радуюць. Ясная справа — старасць не радасць. Раней жа і сонца мацней свяціла, і трава была зелянейшай. Але чамусьці падазраю, што мандарыны з апельсінамі сёння нават дзецям ужо не прыносяць тае фантастычнае радасці. А чаго так ужо радавацца, калі мандарыны ёсць у продажы круглы год? Як казаў адзін мой знаёмы, «не хацелі жыць багата, але ж давялося…»

Шампанскае (хай сабе і не «Дом Перыньён», а «брут» з Мінскага заводу шумлівых вінаў — таксама неблагі напой, хоць і з яблыкаў, яго нават Бі‑Бі‑Сі рэкламавала ў сваім рэпартажы) ліецца ракой амаль штодня. Былі б грошы. І салата аліўе ўжо нікому не падаецца экзатычнай. (Сапраўдная салата ад Люсьена Аліўе гатавалася з мяса рабчыкаў, цялячага языка, чорнай ікры, свежай салаты і згатаваных ракаў. Да гэтага дадавалі марынаваныя агуркі, каперсы, яйкі і запраўлялі ўсё соусам правансаль.)

Дый святаў, быццам бы, стала больш — тут табе і каталіцкія Каляды, і праваслаўныя. І навагодні «аганёк» можна выбіраць на экране адразу на многіх тэлеканалах, у тым ліку, і на беларускіх, і сустракаць Новы год можна разам з Масквой, потым паводле мінскага часу, потым разам з Варшавай, потым з Лонданам, Нью‑Йоркам і гэтак далей…

А шчасця ўсё адно няма.

Можа быць, гэта маё суб’ектыўнае пачуццё. Дый хто сказаў, што шчаслівым можна быць толькі ў навагоднюю ноч ці на Каляды?

Але ж у мяне ўражанне, што рэальнага пачуцця шчасця няма сёння нават у Рыо‑дэ‑Жанейра. Бачылі самую высокую плывучую калядную елку ў свеце, якую запалілі ў гэтым бразільскім горадзе, проста на моры? Колькі было на ёй агеньчыкаў, анёлкаў, які быў шыкоўны феерверк?

Але ж у Дубаі, дзе адчынілі незадоўга перад тым новы турыстычны комплекс, агнястрой быў яшчэ больш шыкоўны. Кажуць, больш магутны нават, чым на адкрыцці Пекінскай алімпіяды. А ці бачылі вы ялінку ў вокнах вашага суседа? Не яліна — сапраўдная міні‑электрастанцыя, ад якой увесь снежань і студзень ззяе за шкельцамі ўсімі колерамі вясёлкі навагодняя ілюмінацыя.

Гэты шматпалярны свет

Чалавецтва, нібы малое дзіцянё, любіць святы і намагаецца іх прыспешваць. Пачатак ХХ стагоддзя з вялікай помпай адзначылі ў 1900, хоць пачалося яно, насамрэч, стрэлам у Сараеве ў 1914.

ХХІ стагоддзе пачалося неўзабаве пасля ўрачыстага святкавання Міленіуму — 11 верасня 2001. Не ўсе тады гэта зразумелі. Што пачалася новая эпоха, давялося нагадваць у Мадрыдзе, потым у Лондане, цяпер вось у індыйскім Мумбаі.

Але што нам Гекуба? Што нам далёкая Індыя? У Мінску ўсё пакуль абышлося некалькімі параненымі на праспекце Пераможцаў. Як кажуць, вядзецца следства.

Тым часам расійскі пасол у Мінску Сурыкаў працягвае нецярпліва пагрукваць пальцамі па стале, нагадваючы пра патрабаванне Масквы, каб саюзнік прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі з Абхазіяй: «Ждём‑с…»

А Нікаля Сарказі, якому выпала старшыняваць апошнія паўгоду ў ЕС, ва ўпор, што называецца, не бачыць агрэсіі Расіі ні ў дачыненні да Грузіі, ні ў дачыненні да іншых постсавецкіх краінаў. І заклікае да добрасуседскіх узаемакарысных адносінаў. Гэта называецца палітычным рэалізмам. Ці ўціхамірваннем агрэсара?

Пакуль Крэмль і яго хаўруснікі працягваюць распавядаць казкі пра «шматпалярны» свет, планета можа назіраць вынікі тае самае шматпалярнасці ва ўсёй яе прыгажосці і ў поўным маштабе. Пакуль ЗША залізваюць раны няўдалага прэзідэнцтва Джорджа Буша‑малодшага ды фінансавага крызісу, самалійскія піраты захопліваюць усё новыя караблі з экіпажамі. Няма сёння «сусветнага жандара». Няма каму і ставіць бандытаў на месца. НАТО неахвотна рэагуе на пагрозы на Афрыканскім Рогу. Паўночна‑Атлантычнай Асамблеі нават лянота прадэманстраваць свае мускулы. Млявая лаянка з Масквой (прадстаўнік Расіі ў гэтай арганізацыі Рагозін нядаўна назваў натаўцаў сабакамі) — вось і ўсё, што засталося, вонкава, ад некалі пагрозлівай арганізацыі, якой раней палохалі дзяцей. А таксама, дадам, асабліва тупых дыктатараў, патэнцыйных агрэсараў і тэрарыстаў ва ўсім свеце.

На вуліцы хамасу, аль‑каіды, ахмадзінеджадаў і «дэкканаў» усіх колераў сёння свята. Бараку Абаму на ўсялякі выпадак намякнулі, каб ён больш не сустракаўся з рабінамі. У юдэйскім культурным цэнтры ў Мумбаі тэрарысты забілі ўзятых у закладнікі рабіна і ягоную жонку. І яшчэ 200 чалавек па ўсім горадзе.

А можа, фінансавы крызіс, нарэшце, прывядзе большую частку чалавецтва, захопленага спажываннем і таннымі распродажамі, у прытомнасць і прымусіць яго зразумець, што наспеў новы час? (Трэба заўважыць, што крызіс стаўся гэтулькі ж нечаканай і невытлумачальнай з’явай, як прыход восені пасля лета). 80% апытаных нядаўна ў Расіі заявілі, што пра крызіс яны чулі, але нічога не жадаюць ведаць пра яго і нічога не стануць у сувязі з ім рабіць. Штосьці мне падказвае, што прыкладна так адказала б і большасць грамадзян Беларусі. Ніяк не хочацца ўставаць з ложку рынкавага сацыялізму. Хоць там ужо клапы завяліся і анучамі ўсё прасмярдзела, але ж у ложку цёпла. Пад Новы год крыху праветрым прасціны — і назад, у бацькаў ложак.

«Дык як…»

Трапілася пад рукі кніга класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Перачытаў ягоныя праграмныя артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», упершыню апублікаваныя ў віленскіх выданнях «Калядная пісанка» (1913) і «Велікодная пісанка» (1916), калі нікому не трэба было тлумачыць, што такое «пісанка». Яйкі тады распісвалі не толькі на Вялікдзень. Зразумела, слова «пісанка» мае і другое значэнне, што і выкарысталі выдаўцы ў тых назвах.

Можна толькі здзіўляцца, наколькі артыкулы Гарэцкага, напісаныя амаль сто гадоў таму, застаюцца актуальнымі сёння. Напрыклад, з «Разваг і думак»: «Вот тут‑то я і звярнуся да «генералаў» адраджэння, кіраўнікоў руху…Тут я скажу ім: смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей!! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. («Цыт. па: «Максім Гарэцкі. Творы, Мінск, «Мастацкая літаратура», 1990 — ВТ)

Ці вось яшчэ: «І мутарна як на сэрцы, што многія «ў чорным» беларусы, пахваліўшыся, што знаюць беларускую мову, умеюць толькі зламаць «дык, як…». А потым думаюць, што і напраўдзе мова бацькоў іх такая ўбогая». (Тамсама — ВТ)

2008 год для мяне суб’ектыўна застанецца годам стратаў і расчараванняў. Усё, што адбылося па‑за межамі Беларусі, у дадзеным выпадку пакідаю без каментароў (як, напрыклад, падзеі ў М’янме або смерць Аляксандра Салжаніцына).

Сёлета ў Мінску пайшлі з жыцця паэт, франтавік Аляксандр Дракахруст і ягоная жонка Дзіна Манаева, з якімі шмат гадоў, а па сутнасці — усё жыццё сябравалі мае бацькі…

Не стала гісторыка і літаратуразнаўцы Генадзя Кісялёва, літаратара Алега Лойкі.

Увесну хавалі Ірыну Казуліну. Хоць тут адразу хочацца ўспомніць і пазітыўнае. Усяго праз некалькі месяцаў пасля таго пахавання вызвалілі з турмы Аляксандра Казуліна, іншых палітзняволеных.

А вось на выбарах у палату прадстаўнікоў, насуперак прагнозам, не прайшоў ніводзін кандыдат ад апазіцыі.

Затое пры канцы году ў шапіках з’явіліся «Народная воля», «Наша Ніва».

Перад тым спыніўся выхад незарэгістраванай газеты «Свабода». Яна праіснавала два з паловаю гады і зачынілася праз фінансавыя праблемы, хоць колькасць падпісчыкаў падпольнага выдання дасягнула дзвюх тысяч. Як выказаўся адзін з выдаўцоў, у сённяшняй Беларусі, відаць, само слова «свабода» пакуль яшчэ не прыжылося.

Ну, а як мы адзначым Новы год? Як казаў адзін савецкі кінаперсанаж, ёсць указанне сустрэць яго весела. Нават з яшчэ большым імпэтам і весялосцю, чым раней. І якая розніца, што паўсюль ізноў будуць п’яныя Дзядулі Марозы з Снягуркамі?

Чароўная дзіда гісторыі ўсё адно ў руках Бога Святла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?