Песні пра будатрады і на словы Зянона Пазняка на адным дыску. - Дыскаграфія. Песні Ігара Лучанка ў выкананьні ансамблю «Сябры», Вігма, 2008. Піша Сяргей Будкін.

«Сябры» заўжды былі майстрамі спалучаць неспалучальнае. Хочаце атрымаць найлепшае ўяўленне, як можна супярэчыць сабе самому цягам больш чым трыццаці гадоў — трэ слухаць гэты дыск.

Тут сабраныя настолькі розныя песні, што вы раз і назаўжды пазбавіцеся адназначнага стаўлення да творчасці Анатоля Ярмоленкі, Алесі і Ка (дарэчы, хто‑небудзь ведае прозвішча яшчэ хоць аднаго ўдзельніка ансамблю?). «Сябры» пяюць то пра Крывіцкую Пагоню, то пра савецкія будатрады, то апяваюць край словамі Коласа, Цёткі і нават Пазняка (!), а то раптам зацягваюць «если в сердце моём Беларусь, значит, ты в сердце моём, Россия»…

І кампазітар‑загадка Лучанок дзівіць не менш — абсалютна панурыя і незапамінальныя мелодыі, што забіваюць сваёй прымітыўнасцю тут суседзяць з творамі, да якіх пасуе азначэнне шэдэўр («Авэ, Марыя»). У ранніх песнях «Сяброў» сапраўды адрозненняў ад «Песняроў» трэба шукаць з лупаю («Кася»), але бачна, што пад сярэдзіну 1980‑х «Сябры» пазбавіліся ўплываў арт‑року і фолку і сталі чыста на эстрадны шлях, выконваючы забаўляльную («Полька беларуская»), ідэалагічную, а то і абслугоўваючую функцыі (брыдзяціна «Россия‑Беларусь» і невыдадзеная тут «Слушай батьку»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?