Увечары 11 сакавіка ў пустым доме адной з вёсак Круглянскага раёна знайшлі цела 16-гадовай дзяўчынкі. Следчыя паведамілі, што неўзабаве быў затрыманы і падазраваны — 20-гадовы малады чалавек. Па папярэдняй версіі, была сварка, і хлопец задушыў дзяўчыну шалікам. Пасля збег.
16-гадовая дзяўчына — Альбіна К. з суседняй вёскі Паўловічы. Яна са звычайнай вясковай сям’і: трое дзяцей, два браты — старэйшы і малодшы. Альбіна — сярэдняе дзіця.

Бацька Альбіны на сёння нідзе не працуе. Маці падпрацоўвае на пілараме рабочай.
20-гадовага хлопца, якога падазраюць у забойстве, завуць Яўген П. Гэта бойфрэнд Альбіны. Ён родам з яшчэ адной вёскі Круглянскага раёна — з Камсенічаў.

Яны сустракаліся даволі даўно, пачалі адносіны, калі дзяўчыне было каля 15 гадоў, хлопцу — 18.
Бацькі Альбіны не былі супраць адносінаў са старэйшым кавалерам, расказаў старэйшы брат загінулай дзяўчыны:
«Жэня — нармальны хлопец. Падпрацоўваў на пілараме ў Барысаве. Ну, выпіваў, канечне. Але па святах. Праблем не было».
Пара сустракалася два гады.
«Спачатку ўсё было нармальна, пасля Жэня забараніў Альбіне зносіны з усімі яе сяброўкамі і знаёмымі. Апошнім часам мы нават не бачыліся. Ізноў пачалі размаўляць з Альбінай толькі апошні месяц, — узгадвае Паліна, сяброўка забітай дзяўчыны, —
Альбіна казала, што Жэня часам паднімаў на яе руку, нават душыў, прычым так, што яна страчвала прытомнасць. Казала, што баіцца яго».
Альбіна казала сяброўцы, што надумала разысціся з хлопцам.
11 сакавіка Яўген выйшаў з папраўчай установы, дзе адбываў месяц арышту — яго асудзілі за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу і ўхіленне ад сплаты штрафу.
Яўген паехаў да каханай.
«У той дзень ён да нас заехаў забраць некаторыя рэчы, што тут былі. Усё было нармальна, здаецца. Забраў рэчы, кажа Альбіне: пайшлі пагаворым. Але без злосці, здаецца… Ну яны і пайшлі…
Пра што хацеў пагаварыць — не ведаю», — кажа брат дзяўчыны.
«У дзень яе смерці я гаварыла з Альбінай па тэлефоне. У мяне нават запісаліся размовы на дыктафон. Спачатку яна казала, што Жэня да яе прыехаў. Казала: «Ён п’яны, зараз пайду з ім на вуліцу размаўляць, баюся, капец». Пасля я пазваніла Альбіне яшчэ раз. Але на вуліцы вецер быў моцны, сувязь трохі перарывалася і я нічога амаль не пачула. Альбіна толькі сказала, што яна ў Хількавічах. Затым яе тэлефон ужо быў недасяжны, — узгадвае сяброўка Паліна, —
Пад вечар я пайшла да яе бацькоў, Альбіны не было. Я вырашыла пачакаць яе ў іх дома. Гэта было каля 6 вечара. Але праз пэўны час хтосьці прыйшоў і распавёў, што Альбіну знайшлі мёртвай».
Цела Альбіны знайшлі ў вёсцы Хількавічы, Яўгена затрымалі за 20 кіламетраў ад месца забойства.
Каментары