9 студзеня 1959 г. у в. Вялікая Ліпа, што ў Нясвіжскім раёне, нарадзіўся беларускі журналіст Анатоль Майсеня.
Уладзімір Арлоў у кнізе «Імёны Cвабоды» піша:
«…Майсеня стаў тым, хто падымаўся: ад аўтара заказных артыкулаў у «Советской Белоруссии» пасля самых першых, праведзеных каля помніка Купалу ў Менску і ўжо прызабытых Дзядоў-1987, арганізатараў якіх ён спрабаваў выкрыць у няведанні сэнсу слова «генацыд», да публіцыста і палітолага, які кінуў адкрыты выклік рэжыму (і, дарэчы, пачаў пісаць па-беларуску).
Ён знайшоў у сабе мужнасць публічна прызнацца, што звязваў з прыходам да ўлады Лукашэнкі пэўныя надзеі. Але ён стаў аўтарам ідэі правядзення Кангрэсу супраць дыктатуры ў абарону Канстытуцыі і напісаў бязлітасны артыкул «Беларусь у імгле», дзе падвёў вынікі першых двух гадоў кіравання Лукашэнкі.
У 1996 г. Беларуская асацыяцыя журналістаў прысудзіла Анатолю Майсеню прэмію ў намінацыі «найлепшы аналітычны матэрыял». Прасудзіла пасмяротна.
У апошнія гады жыцця галоўнаю справаю Майсені быў створаны ім Нацыянальны цэнтр стратэгічных ініцыятываў «Усход – Захад». Ён шмат ездзіў па свеце, але пакідаць Беларусь не збіраўся».
***
Анатоль Майсеня загінуў 12 лістапада 1996 г. на аўтатрасе Берасце – Менск, непадалёк ад роднай вёскі, калі вяртаўся ў канферэнцыі ў Рыме. Джып журналіста ўрэзаўся ў грузавік.
Праз 12 дзён у Беларусі адбыўся канстытуцыйны пераварот.
Майсеню было толькі 37 год.